Вторник, 19 февраля 2019

8 из 100. Именно столько водителей остановились возле «условного потерпевшего»

697

26 студзеня бягучага года каля Салігорска пад коламі аўто загінуў 46-гадовы мужчына: ён сядзеў на абочыне дарогі, а малады вадзіцель проста не заўважыў перашкоду, якую на хуткасці пераехаў. А 9 лютага ў Брэсце нераўнадушны выклікаў ДАІ, бо заўважыў на дарозе чалавека без прыкмет жыцця. Гэтае тэлефанаванне выратавала 24-гадовага п’янага хлопца.


Падобныя гісторыі дзясяткамі рэгіструюцца ў «чорнай статыстыцы» ДАІ. На жаль, трапляе туды і Пружаншчына: як гаворыць старшы дзяржаўтаінспектар В.І.Патапчук, здараюцца нават «двайныя» наезды, калі збіты пешаход, пакінуты ляжачым на дарозе, трапляе пад колы другога аўто. Безумоўна, часта такія здарэнні заканчваюцца гібеллю пацярпелых.
Па якой прычыне чалавек можа ляжаць на дарозе? Адразу згадваюцца прыклады тых, хто перабраў з алкаголем. Штогод супрацоўнікі ДАІ раёна літаральна прыбіраюць з праезнай часткі дзясяткі пешаходаў і веласіпедыстаў, у якіх «не хапіла сіл» дабрацца дадому. Але ж у падобным небяспечным становішчы можна апынуцца і па аб’ектыўных прычынах, напрыклад, з-за дрэннага самаадчування.
І на фоне ўсяго гэтага заклапочваюць паводзіны пераважнай большасці тых, хто, кіруючы аўтамабілем, проста праязджае міма ляжачага чалавека. Здаецца, такога не можа быць? Ці дапускаецца ў якасці выключэння?


Амаль тры гады таму супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі разам з журналістамі «Раённых будняў» правялі эксперымент з ляжачым каля дарогі манекенам. І атрыманы вынік спалохаў: спыніўся адзін з дзесяці вадзіцеляў. Ці змянілася што-небудзь за мінулы час? Гэта і было вырашана праверыць падчас чарговага эксперымента, на які таксама былі запрошаны карэспандэнты «раёнкі».
Практычна на любым сайце можна сустрэць маштабнае абмеркаванне жудасных прыкладаў гвалту над жывёламі ці людзьмі. Здаецца, што наша грамадства паступова вучыцца міласэрнасці. Дык вось, забягаючы наперад, зраблю выснову, што «чалавечныя людзі» ў асноўным не ездзяць на аўтамабілях. Бо за адну гадзіну каля «ўмоўнага пацярпелага», у якасці якога быў выкарыстаны манекен, спынілася толькі 8(!) вадзіцеляў, а больш за сотню праехала міма. Некаторыя скідвалі хуткасць, але потым, відавочна, вырашалі, што гэта «не іх праблемы», і зноў націскалі на газ.
Зафіксавалі мы таксама яшчэ адзін адметны факт: некалькі камунальных аўтамабіляў праехала міма ляжачага манекена, а намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце гэтай арганізацыі ўсё-такі спыніўся, каб аказаць дапамогу «пацярпеламу». Ігнаравалі «чалавека на дарозе» вадзіцелі з іншых іншыя прадпрыемстваў і арганізацый, што скрупулёзна фіксавалася супрацоўнікамі дарожнай інспекцыі. Але ці зробіць гэта іх работнікаў больш чалавечнымі ў адносінах да бліжняга? Думаю, што побач з тымі раўнадушнымі людзьмі там працуюць і іншыя, больш спагадлівыя.

Напрыклад, Пётр з «Камунальніка» спыніўся, нават кіруючы вялікім трактарам.
— Тым, хто праехаў міма, варта нагадаць, што ў жыцці бывае ўсялякае. І ніхто не выключае, што праз пэўны час лёс можа памяняць месцамі пацярпелых і раўнадушных да праблем навакольных.
Здзівіла і рэакцыя вадзіцеля аўтамабіля лясгаса, які бягом кінуўся на дапамогу і да нашага выхаду з «засады» спрабаваў адшукаць пульс і аказаць першую медыцынскую дапамогу.
Віктар Іосіфавіч:


— Як я магу праехаць міма, калі бачу чалавека ў небяспечным становішчы? У якім бы стане ён не быў, яму патрэбна дапамога. Прызнаюся, што сутыкнуўся з такой сітуацыяй упершыню, але адразу націснуў на тормаз.
Магчыма, тыя, хто праехаў міма, проста не ведалі, як дапамагчы пацярпеламу. Тады хочацца спадзявацца, што словы Юрыя, які таксама спыніўся, нечаму навучаць:


— Калі ёсць пэўныя веды, то трэба паспрабаваць аказаць першую медыцынскую дапамогу. Калі ўвогуле страшна падыходзіць да пацярпелага, то варта патэлефанаваць «102» і «103».
Па заканчэнні эксперымента мы даведаліся, што за гэты час ні ў міліцыю, ні ў «хуткую дапамогу» не паступіла ніводнага тэлефанавання аб ляжачым на дарозе чалавеку…
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).