Четверг, 22 августа 2019

Пружанские исполнители приняли участие в национальном отборе на конкурс «Eurovision-2019»

904

Пружанскі аўтар і выканаўца песень Павел Нягожын (Цімашчук) паспытаў свае сілы на нацыянальным адборы на конкурс “Еўрабачанне-2019”. На суд журы была прадстаўлена добра вядомая пружанцам мелодыя песні “Фея”, англійскі тэкст да якой напісала таксама наша зямлячка Таццяна Антановіч. Кампазіцыя “Angel or Devil” была добра ўспрынята залай, свае сімпатыі выказаў і спявак Тэа, які ўваходзіў у склад журы. Але ў дзясятку фіналістаў пружанскі артыст не трапіў. Тым не менш, Павел удзелам задаволены і пагадзіўся падзяліцца з намі падрабязнасцямі.


— Заяўку на ўдзел я падаў яшчэ ў жніўні, а літаральна за тыдзень да адбору даведаўся, што сёлета заяўкі прымаюцца толькі ў электронным выглядзе. Давялося хуценька афармляць яшчэ і такую. Дарэчы, электронны фармат значна спрасціў працэдуру, таму сёлета была заяўлена рэкордная колькасць удзельнікаў — 113.


На адборы павінны гучаць толькі жывыя спевы. Першапачаткова планавалася, што на бэк-вакале ў мяне будзе тры спявачкі, але з-за розных абставін засталася толькі Алена Жмайлік. Вялікі дзякуй ёй за падтрымку. Мы выступалі другімі, перад выкананнем пахвалявацца і не паспелі. Атмасфера за кулісамі была вельмі прыязная, усе стараліся дапамагчы адзін аднаму. Асаблівая дапамога патрабавалася многім замежным удзельнікам: большасць з іх не валодала не тое што беларускай ці рускай мовамі, але нават і анг-лійскай.
Яшчэ адна адметнасць сёлетняга адбору – нікога падчас выступлення не перапынялі. Усе ўдзельнікі змаглі праспяваць свае песні ад пачатку і да канца.
— Удзел у адборы натхніў цябе на далейшую творчасць?
— Так! Я пагутарыў з вялікай колькасцю выканаўцаў. Ад многіх паступілі прапановы аб супрацоўніцтве, некаторыя з іх зацікавілі мяне. Апошнім часам я займаўся толькі студыйнай работай. Магчыма, прыйшоў час нешта мяняць.

Кацярына Пашкевіч.