Пятница, 26 апреля 2019

Пружанские юные фигуристки поделились впечатлениями от работы на ЧЕ по фигурному катанию

480

Вось і скончыўся чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні, які на гэты раз праходзіў у Мінску. Відовішчныя спаборніцтвы сабралі шмат гледачоў як на “Мінск-Арэне”, так і ля экранаў тэлевізараў. Юныя пружанскія фігурысты не маглі ўпусціць магчымасць на свае вочы пабачыць тых, на каго яны раўняюцца. Па словах трэнера Вольгі Уважанай, амаль усе яе выхаванцы наведалі ЧЕ, а яна сама і яшчэ чатыры дзяўчынкі нават працавалі там валанцёрамі.
Ульяна Хадаровіч:
— Цэлы тыдзень у мяне была магчымасць назіраць за спартсменамі такога высокага ўзроўню! Я з многімі паспела сфатаграфавацца і ўзяць аўтографы, але галоўнае — я ўбачыла, што яны ўмеюць! Цяпер я адчуваю, якая ў іх тэхніка, харэаграфія, слізгаценне. Я ў рэальнасці бачыла, як выконваецца чацвяртны скачок! Мы пакуль толькі асвойваем трайныя.

Аліна Загітава і Ульяна Хадаровіч


Я вельмі хацела паглядзець, як катаюцца Аліна Загітава і Дзяніс Васільеў. Разам з усёй “Мінск-Арэнай” хваляваліся за Аліну… На ўсіх трэніроўках яна каталася чыста, а падчас спаборні-цтваў нешта ёй перашкодзіла паказаць свой узровень.
Надзея Новік таксама натхнілася катаннем чэмпіёнаў:
— Я даўно сачу за выступленнямі Ванесы Джэймс і Моргана Сіпрэ і вельмі рада, што менавіта гэтая пара перамагла на чэмпіянаце Еўропы. Мне так спадабалася іх выступленне, што я таксама вырашыла на бліжэйшых спаборніцтвах адкатацца пад кампазіцыю Alanis Morissette “Uninvited”. Дарэчы, я не толькі сфатаграфавалася з чэмпіёнамі, а нават паспела крышачку паразмаўляць з імі на англійскай мове.

Ванеса Джэймс, Надзея новік, Морган Сіпрэ


А яшчэ я вельмі рада, што на свае вочы ўбачыла легенду фігурнага катання Хаўера Фернандэса, які ў Мінску заваяваў сёмую перамогу на ЧЕ. Мы нібы дакрануліся да гісторыі: мінскім чэмпіянатам ён завяршыў сваю бліскучую кар’еру.
Дарэчы, усе валанцёры атрымалі ў падарунак курткі.
Злата Галавяйчук:
— Я, як і мае сяброўкі па камандзе, хварэла за расійскіх фігурыстаў, іспанскага фігурыста Хаўера Фернандэса і французскую пару Ванесы Джэймс і Моргана Сіпрэ. Было вельмі цікава сачыць за іх выступленнямі. Але найбольш мяне ўразіў гала-канцэрт. Вы толькі ўявіце, як гэта прыгожа, калі ўсе зоркі еўрапейскага фігурнага катання паказваюць усё, на што яны здольныя!

Юрый Цішкоў, Стэфан Ламбьель, Злата Галавяйчук і Ульяна Хадаровіч


А яшчэ мы бачылі Аляксандра Лукашэнку, вельмі прыемна, што Прэзідэнт адзначыў, што мы больш мужныя, чым хакеісты, бо выступаем без ахоўнага адзення.
Як і многія іншыя, Юлія Покала паехала на ЧЕ у якасці гледача:
— Разам з мамай я правяла на ЧЕ чатыры дні. Вы проста не ўяўляеце, як там было цікава і прыгожа! Хоць у мяне і не было такіх магчымасцей, як у дзяўчынак, якія працавалі валанцёрамі, тым не менш у мяне атрымалася зрабіць сэлфі з Аляксеем Ягудзіным, Таццянай Тарасавай, Этэры Тутберыдзэ, Алінай Загітавай.

Аляксей Ягудзін і Юлія Покала

Зараз я буду яшчэ больш старацца, каб хутчэй наблізіцца да іх узроўню.
Шмат уражанняў засталося і ў трэнера:
— Для мяне, як для трэнера, — кажа Вольга Уважаная, — куды цікавей было сачыць за трэніроўкамі вялікіх спартсменаў. Думаю, хутка паспрабуем развучыць новыя крокі, звязкі крокаў, якія я “падгледзела” на ЧЕ.

Вольга уважаная і Хаўер Фернандэс

Вазьму на ўзбраенне і прыёмы з размінак спартыўных знакамітасцей. Я лічу, гэта вельмі выдатна, што ў нашых дзяцей была магчымасць паглядзець ужывую на спаборніцтвы такога ўзроўню. Я па вачах бачу, што многія натхніліся тым відовішчам. Вельмі хочацца, каб да наступных ЧЕ мы падцягнуліся і паспрабавалі прыняць у іх удзел.
Кацярына Пашкевіч.