Пятница, 26 апреля 2019

Пружанская милиция признана лучшей в области

892

Напрыканцы студзеня на абласной калегіі ўпраўлення ўнутраных спраў былі падведзены вынікі дзейнасці міліцыі па ахове парадку і законнасці ў 2018 годзе. Найлепшымі паказчыкамі ў агульнай статыстыцы ў сваёй катэгорыі сярод 12 райаддзелаў вызначыўся Пружанскі аддзел унутраных спраў, за што начальнік УУС аблвыканкама А.В. Астрэйка ўручыў калектыву РАУС пераходны ганаровы прыз імя Валерыя Паўлавіча Асташонка.


Як паведаміў начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў А.В.Гук, за аснову падчас вызначэння лепшых райаддзелаў былі ўзяты вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2018 год.
— Напрыклад, летась у нас істотна павялічыўся працэнт выкрывальнасці агульных злачынстваў — да 74,4%, у тым ліку па лініі крымінальнага вышуку — 74,3%,— зазначае Аляксандр Васільевіч. — У гэтым я бачу заслугу не толькі крымінальнай міліцыі, але і кожнай асобнай службы аддзела, якія разам працавалі на агульны вынік.
І гэта пацвярджае іншая статыстыка: па выніках дзейнасці ў мінулым годзе лепшай у вобласці была прызнана крымінальна-выканаўчая інспекцыя Пружанскага РАУС. Таксама ў якасці ўзорнай адзначана работа службы тылавога забеспячэння пружанскай міліцыі. Іншыя падраздзяленні РАУС занялі лідзіруючыя пазіцыі ў абласным рэйтынгу органаў аховы правапарадку.
Трэба прызнаць, такая высокая ацэнка работы пружанскіх міліцыянераў сведчыць пра тое, што іх дзейнасць прыносіць карысць напрамую і радавым грамадзянам. А праяўляецца гэта ў забеспячэнні спакою на вуліцах населеных пунктаў Пружаншчыны, аператыўнай абароне правоў грамадзян і ўстанаўленні справядлівасці. За мінулы год, як адзначае начальнік міліцыі, дзякуючы актывізацыі прафілактычных мер, у цэлым па раёне знізілася злачыннасць у грамадскіх месцах, скарацілася колькасць злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап’янення або непаўналетнімі.
Па словах начальніка райаддзела, таксама трэба па-дзякаваць раённай уладзе, усім праваахоўным структурам раёна, кіраўнікам прадпрыемстваў і гаспадарак.
— Істотную падтрымку мы таксама атрымліваем ад ветэранаў РАУС і іншых нераўнадушных жыхароў Пружаншчыны,— падкрэсліў
А.В.Гук.
Даведка «РБ»:
Прыз імя В.П.Асташонка зацверджаны калегіяй упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама ў гонар памяці генерала-маёра міліцыі Валерыя Паўлавіча Асташонка, які ўзначальваў абласную міліцыю з 1961 па 1975 год. Уручаецца лепшаму аддзелу ўнутраных спраў за дасягненне высокіх вынікаў па папярэджанні і раскрыцці злачынстваў на падставе сістэмы ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці.
Уладальнікам ганаровага прыза наш райаддзел стаў упершыню.

На здымку: начальнік РАУС А.В.Гук са сваімі намеснікамі І.А.Амельянчуком, А.А.Семаковічам і А.Г.Касцюком (справа налева).
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.