Среда, 11 декабря 2019

Ребята из Пружанского центра коррекционно-развивающего обучения и реабилитации уже опробовали новый автомобиль

892

Значная падзея адбылася ў Пружанскім цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Тут з’явіўся спецыяльны аўтамабіль для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. Пасля працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі новы аўтамабіль, мадэрнізаваная “Газель” коштам 62500 рублёў, урачыста заехаў у галоўныя вароты цэнтра карэкцыі…
— І нашы “асаблівыя” дзеці, і іх бацькі, і, вядома ж, мы, настаўнікі, вельмі шчаслівыя! Наша агульная мара спраўдзілася, — не хавае радасці дырэктар цэнтра Наталля Пятроўна Красевіч.
Усім вядома, што папярэдні аўтамабіль стандартнай камплектацыі, які да нядаўняга часу на рэгулярнай аснове ажыццяўляў падвоз дзяцей ва ўстанову і назад, быў, мякка кажучы, не зусім зручны для перавозкі інвалідаў: вузкія дзверы і праходы, высокія прыступкі і адсутнасць спецыяльных крапежных сродкаў стваралі пры пасадцы дзяцей і падчас самога руху нямала напружаных момантаў.


— Пры пасадцы адны выхавальнікі асцярожна даставалі дзіця з каляскі і заносілі яго на руках у салон, другія каляску складалі і ў праходзе зноў раскладалі, у гэтыя ж хвіліны трэція надзейна прывязвалі і трымалі іншых дзяцей-інвалідаў… А цяпер бачыце, як добра?! У лічаныя хвіліны аўтаматызаваны пад’ёмнік-пандус апусціўся, “запрасіў” на борт дзяцей разам з каляскамі – і наперад! З Новых Засімавіч, Гараднян, Лінова, Калядзіч – з розных куткоў прывозім дзяцей, пры гэтым значна эканомім час, уласныя сілы і нервы. Таму ад імя выхаванцаў і іх бацькоў дзякуем усім неабыякавым людзям і асабліва аддзелу па адукацыі райвыканкама, якія заўважылі нашу праблему, ініцыіравалі пакупку аўтамабіля і ажыццявілі яе, — адзначыла Наталля Пятроўна.


Вось як у адказ пракаментавала падзею начальнік аддзела па адукацыі Ірына Анатольеўна Казарэз:
— Паверце, праблема недахопу спецыяльнага транспарту для дзяцей-інвалідаў нас хвалявала не менш, чым усіх астатніх, паколькі інтарэсы кожнага “асаблівага” дзіцяці для нас заўсёды былі і застаюцца ў прыярытэце. Але адна справа — ухаластую сыпаць ідэямі, іншая — зыходзіць з рэальнасці і ціха шукаць грошы. Мы шукалі. Тым больш, што ў 2016 годзе была прынята Дзяржаўная праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016-2020 гады, адным з пунктаў якой вызначана пра “ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы” карэкцыйна-адукацыйных цэнтраў, у прыватнасці, наладжванне бесперашкоднага падвозу дзяцей. І як толькі ў нас з’явілася фінансавая магчымасць (райвыканкам нам выдзеліў 25 тысяч рублёў, астатнія сродкі мы знайшлі ва ўласным бюджэце аддзела па адукацыі), гэта праблема была вырашана. Мы рады, што змаглі дапамагчы “асаблівым” дзеткам, лёс якіх не вельмі песціць з самага нараджэння.
На здымку: Мікіта Несцярчук, вучань 1-га класа інтэграванага навучання і выхавання, які адкрыўся сёлета ў СШ № 3, пад наглядам памочніка выхавальніка А.В.Яроцкай, вадзіцеля М.А. Лісаўца і загадчыцы гаспадаркі карэкцыйнага цэнтра М.Ю.Шпарла асвойвае зручнасці новага аўтамабіля.
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).