Вторник, 19 ноября 2019

Ученицы ДШИ имени Г.Р. Ширмы получили награды Гранд-конкурса «Талант года»

547

Таленавітыя навучэнцы Пружанскай школы мастацтваў імя Р.Шырмы працягваюць заваёўваць вялікія сцэны краіны.
Нядаўна на міжнародным Гранд-конкурсе “Талент года” высокія ўзнагароды атрымалі дзве выхаванкі класа домры школы, члены ўзорнага аркестра народных інструментаў “Скамарошына” – Кацярына Грышчук і Ангеліна Гарус.


Дзяўчынкі гучна заявілі пра сябе ў намінацыі “Інструментальнае выканальніцтва, народныя інструменты”. Кацярына парадавала журы віртуозным выкананнем “Санаціны” кампазітара Віктара Малыхі і атрымала дыплом лаўрэата I ступені. А Ангеліна стала лаўрэатам III ступені, годна сыграўшы “Парафраз” аўтарства М.Таўпекі па матывах украінскай народнай песні “Распрагайце, хлопцы, коней”. Музычную падтрымку пружанскім музыкантам аказвала канцэртмайстар Святлана Казей.
— Так, поспех нашых дзяўчат – гэта агульная праца і дзяцей, і настаўнікаў. Вялікая заслуга тут і Інэсы Васільеўны Галаўніцкай, якая займалася з дзяўчынкамі на працягу многіх гадоў, якая адкрыла, развіла і замацавала іх музычныя здольнасці, – так пракаментавала перамогі сваіх цяперашніх выхаванак мастацкі кіраўнік аркестра “Скамарошына” Людміла Аляксандраўна Кавалевіч.
Няхай і далей настаўнікаў і вучняў аб’ядноўвае велізарнае жаданне радаваць сэрцы слухачоў выдатнымі гукамі мелодый.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.