Среда, 21 августа 2019

Мечтать не вредно. Наш земляк рассказал, как получил работу в море

955

«Калі ты чаго-небудзь моцна жадаеш, увесь Сусвет будзе спрыяць таму, каб жаданне тваё збылося».
Паўла Каэльё.

Тое, што Беларусь не мае выхадаў да мора, не спыніць, калі ў цябе ёсць мара, а сінь вады так і вабіць. Доўгі час мара нашага земляка Сяргея Валанцэвіча заставалася проста мрояй. Ён займаўся зямнымі справамі: у Пружанскім аграрна-тэхнічным каледжы набыў спецыяльнасць аўтамеханіка, пасля вывучыўся на эканаміста-менеджара, пачаў сваю справу. А аднойчы выпадкова пазнаёміўся са сваім аднагодкам, дарэчы, таксама нашым земляком, які і расказаў пра працу ў моры…


— У дзяцінстве я з вялікім захапленнем глядзеў тэлеперадачу “Падводная адысея каманды Кусто”. Я проста марыў даследаваць нязведанае, як і яе героі. У больш сталым узросце я выдатна разумеў: дзе мы — а дзе мора… Але, калі пачуў аповед Анатоля, які на той момант ужо некалькі гадоў хадзіў у мора, нешта ўва мне пераключылася. Я сабраўся з думкамі і патэлефанаваў у адну з круінгавых кампаній. Я проста сказаў, што хачу працаваць у моры, і спытаўся, што мне для гэтага неабходна.
Пасля працяглай гутаркі мне прапанавалі прыехаць у Піцер для асабістай сустрэчы. Дарэчы, у той час я яшчэ вучыўся ў Брэсце, але на руках быў дыплом аб заканчэнні Пружанскага каледжа. У кампаніі ацанілі маё імкненне і жаданне працаваць і прапанавалі паступіць для пачатку ў каледж для атрымання адпаведнай адукацыі. Паколькі ў мяне ўжо быў дыплом аўтамеханіка, пытанняў з выбарам спецыяльнасці не ўзнікла: зразумела, найбольш мне падыходзіла прафесія суднамеханіка. Пасля нашага каледжа мяне ўзялі адразу на пяты курс (паралельна я скончыў курсы матарыстаў і пайшоў працаваць у мора). I ўжо праз тры гады я пачаў працаваць па спецыяльнасці суднамеханіка.
— Падзяліся сваімі ўражаннямі ад першага працоўнага дня.
— На самай справе, я слаба ўяўляў рэальную работу ў моры. Я хваляваўся, ці не ўзнікне ў мяне марская хвароба, турбавалі многія іншыя рэчы. Але, калі ўбачыў судна… гэта мяне так захапіла! На той момант наш 92-метровы карабель падаўся мне вельмі вялікім, але ўжо ў хуткім часе ў моры міма нас прайшло судна даўжынёй 450 метраў! У па-раўнанні з ім мы здаваліся лодачкай.
Пазней мяне вельмі ўразіў Атлантычны акіян. Ды і ўвогуле на нашай планеце шмат прыгожых куткоў. Я ўжо многа дзе быў і многае бачыў, але кожны раз знойдзецца месца, якое здзівіць.
Дарэчы, проста невымоўныя эмоцыі засталіся ад сустрэчы з кітом!
— Як праходзіць твой дзень?
— У мяне звычайны працоўны дзень, на працягу якога я выконваю абавязкі механіка. Асабіста ў мяне ў абслугоўванні 4 рухавікі, 3 краны, кацельная ўстаноўка, вадаправоды, станцыя ачысткі паліва і масла, ну і іншыя “дробязі”.


Вельмі часта ў нас праходзяць вучэнні: мы самі сабе і выратавальнікі, і медыкі. Перш чым трапіць на судна, неабходна прайсці мноства курсаў.


Пасля работы я чытаю, гляджу фільмы, займаюся ў трэнажорнай зале, рыбачу. Гэта калі судна ў моры. Калі мы ля прычала, імкнуся як мага лепш пазнаёміцца з мясцовасцю. Днямі я прадоўжыў кантракт, хачу зноў убачыць Афрыку.
— Раскажы пра мясціны, якія ты бачыў.
— Я пабываў ужо больш як у 20 краінах. Што цікавае адразу згадваецца? У Нарвегіі мясцовы рыбак проста так падарыў нам вядро рыбы. Цікава, што беларусаў любяць і паважаюць ва ўсім свеце, толькі… вельмі невялікі працэнт людзей, з якімі я сустракаўся, ведае пра нашу краіну…


Глыбокі адбітак пакінула прыгажосць французскага Руана. Кажуць: “Убачыць Парыж і памерці”. А я б раіў наведаць горад Дзьеп, каб зразумець дух Францыі. Там з галавою акунаешся ў атмасферу рыцарскіх часоў.
Перапаўнялі мяне эмоцыі, калі праходзілі Гібралтарскі праліў: з аднаго боку — адзін кантынент, з другога — іншы. Неверагодныя адчуванні.
У Партугаліі давялося трапіць на мясцовыя гулянні: на ўсю акругу гучыць музыка з фільмаў пра піратаў, проста ліецца дамашняе віно і піва, вісяць розныя прысмакі, усё падаецца ў гліняным посудзе. Вельмі каларытна!
— Дарэчы, пра піратаў…
— На жаль, гэта не казка. За праходжанне па маршрутах, якія пралягаюць праз “пірацкія” мясціны, нават існуе даплата. Даводзілася мне гутарыць з маракамі, якія пабывалі ў палоне. Сам піратаў не сустракаў і не вельмі жадаю гэтага.
— А ў шторм ты трапляў?
— Ну якое ж мора без шторму!
— Страшна?
— Крута! У шторм адчуваеш усю моц прыроды, усведамляеш, што ты проста пясчынка на яе далоні! А таксама ў шторм можна праверыць сваю мужнасць.
— Ты многа месяцаў праводзіш у моры, а ці не сумуеш па доме?
— Да такога жыцця хутка прывыкаеш. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць чуць і бачыць родных. Мама мяне выдатна разумее і падтрымлівае. Уласнай сям’і ў мяне пакуль няма, таму працую ў сваё задавальненне. Зразумела, што праз пэўны час хочацца вярнуцца на радзіму. І самае прыемнае — гэта дарога дадому, прадчуванне сустрэчы з роднымі. Не паверыце, але ў галаве адразу ўсплываюць радкі Якуба Коласа: “Мой родны кут, як ты мне мілы”. Але вельмі хутка пачынае сніцца мора…
— А маракі вераць у прымхі?
— У маракоў, на самай справе, ёсць мноства розных рытуалаў, якіх яны прытрымліваюцца. Напрыклад, у дзень ад’езду трэба выкінуць пальчаткі за борт. Загадзя не пакуюцца рэчы. Пры перасячэнні экватара святкуецца Дзень Нептуна. Але больш рытуалаў жартоўных. Асабліва дастаецца навічкам: то ключ ад ватэрлініі трэба прынесці, то поўнае вядро іскраў ад балгаркі.


— Я так разумею, ты ніколькі не шкадуеш пра свой выбар, зроблены ў сталым узросце?
— Ні ў якім разе! Шкада, што мне ніхто раней не падказаў пра магчымасць такой работы. Я шчаслівы, што не пабаяўся і зрабіў тое тэлефанаванне. Я нават раю сённяшнім школьнікам разгледзець маю прафесію як варыянт. Яна і цікавая, і прыносіць добры прыбытак.
Гандлёвы флот прымае на работу з 18 гадоў. Зразумела, што найперш лепей атрымаць адукацыю. Нагадваю, што наш каледж дае трывалую базу ведаў. Акрамя тэхнічных дысцыплін, неабходна ведаць замежную мову. Дарэчы, з-за «моўных непаразуменняў» я не раз трапляў у смешныя сітуацыі. Аднойчы, напрыклад, я спытаў у прахожага, колькі гадзіннікаў, а не гадзін. Чалавек мяне зразумеў нарэшце, але мне доўга было няёмка. А аднойчы ў Партугаліі з калегам убачылі прыгожую дзяўчыну з букетам і між сабой адзначылі гэта ўслых, але букет назвалі венікам. На што прыгажуня на рускай мове зрабіла нам заўвагу…
Кацярына Пашкевіч.