Пятница, 26 апреля 2019

«Мілейшая Яму ж — Палеская Пружана»

297

…У мінулым годзе ў вузкіх колах навукоўцаў адзначалася 95-годдзе з дня нараджэння знакамітага беларуска-польскага паэта, філосафа, філолага і даследчыка Серафіна Корчака-Міхалеўскага, дзіцячыя і юнацкія гады якога прайшлі на Пружаншчыне. На жаль, для пружанцаў гэта юбілейная падзея прайшла амаль незаўважна.
Аднак напрыканцы 2018-га ў мяне атрымалася папрацаваць у архіве музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, дзе трапіў у рукі добры стос лістоў, своеасаблівых пасланняў да пружанскіх краязнаўцаў, напісаных Міхалеўскім у апошні перыяд жыцця. Кожная старонка, кожная паштоўка прасякнуты трапяткой любоўю да нашай зямлі. Самыя цікавыя і шчымлівыя моманты гэтых эпісталярных крыніц мне хацелася б прапанаваць вашай увазе.

Фрагмент асабістага бланка навукоўца для перапіскі,
аздобленага рэпрадукцыяй іконы Багародзіцы
з Уладзімірскага сабора г. Кіева (мастак — В. Васняцоў).

1993 год

БЕЛАРУСКІ БЕТЛЕМ
Не там радзіўся Ён,
Дзе смуга Іардана:
Мілейшая Яму ж –
Палеская Пружана.
Не там упершыню
Заззялі Яго слёзы,
А тут, дзе бачыш клён
Ды вішні і бярозы.
Не там, у гарадку
Давіда, Ён смяяўся –
У клуні ды ў кутку
Тут з беднымі… братаўся.
Францішак Ляхоцкі
(заўв. аўтара — другі наш зямляк, 120-годдзе якога будзем
адзначаць сёлета).

10.01.1994

Жыццёвая парада для тых, каго спасцігла няўдача: неадкладна сядзь, вазьмі запісную кніжку і пералічы шчаслівыя моманты, якія з’явіліся на тваім шляху ў апошнія два гады…

Сакавік 1994

Як ніхто не выбірае сабе бацькоў, так ніхто не выбірае сабе гісторыю. Нават пры розных інтэрпрэтацыях, тлумачэннях трэба ведаць яе факты.

Красавік 1994

Чаму пружанцы не ходзяць у царкву? Прычын шмат. Адны кажуць, што хадзілі б, калі б там добра спявалі. Але раз хор пад кіраўніцтвам Таццяны Матусевіч заваяваў у Гайнаўцы другое месца, то, значыць, спяваюць добра… Іншыя кажуць, што царкоўнаславянскай мовы не разумеюць. Але калі б падалі прашэнне святару, то не толькі пропаведзі, але і «Апостал», і «Евангелле» былі б на беларускай мове… Ёсць такія, хто сцвярджае, што Бога няма, але тады дакажыце мне гэта. Да гэтага часу ні аднаго доказу Яго адсутнасці не паказалі.

Красавік 1994

Адзін ксёндз надрукаваў, што ў праваслаўных іконы нікуды не вартыя. Відаць, ён не бачыў пружанскай «Галгофы»… Я, грэшны, быў сведкам таго цуду, які адбыўся ў храме 9 красавіка 1934 года, і нават дакранаўся да слязы Багародзіцы… Падумаць толькі: з часоў Уладзіміра Вялікага і да нашых дзён па ўсёй зямлі рускай нідзе больш Маці Божая не плакала. Будзь гэта ў каталікоў, на свята прыехаў бы першаіерарх цэлай краіны з усімі епіскапамі і сярод натоўпу адслужыў бы набажэнства… А наш Патрыярх пра пружанскую «Галгофу», відаць, і не чуў… У Пружанах павінна быць лаўра! Нават у Супраслі каля Беластока маецца лаўра, а 10-мільённы беларускі народ лаўры не мае. Я прапанаваў мітрапаліту Філарэту пабудаваць лаўру ў Пружанах, адказу не атрымаў…

02.05.1994

Што тычыцца іерэя, які павесіўся (заўв. аўтара — мае на ўвазе святара Іуліяна Германовіча, які 5 гадоў служыў у Сухопальскім храме), то па тэорыі злучаных сасудаў віна ляжыць на ўсіх. Хвароба духоўная можа здарыцца ў кожнага…

02.05.1994

Ваша газета «Раённыя будні» з’яўляецца махавым колам Пружаншчыны і павінна мець касмічны светапогляд.

09.07.2000

Я Пружаны люблю больш, чым большасць пружанцаў, якія не ведаюць пра іх «залаты россып» — знакамітых на ўвесь свет пружанцаў, таму яны горшыя за язычнікаў… Я патрыёт, перажываю душой за мой любімы горад, а найперш — за яго праваслаўе.

09.04.2001

Я трапіў у лік 30 самых лепшых англамоўных паэтаў свету і ўжо ў думках арганізаваў у Пружанскім палацыку свой паэтычны вечар. Сцэнарый гатовы ў галаве. Пружанец у перадавым атрадзе паэтаў свету — нагода відавочная!

01.10.01

Нешта падобнае на цыліндрычныя слупы для аб’яў можна было б усталяваць і ў Пружанах: каля аўтавакзала, на плошчы, каля касцёла, на скрыжаванні Чырвонаармейскай і Свабоды, Леніна і Савецкай… На ўсіх уездах у Пружаны трэба павесіць план з турыстычнымі славутасцямі горада і раёна… У кіёсках можна прадаваць карцінкі з партрэтамі знакамітых пружанцаў, рэпрадукцыі цудатворных пружанскіх абразоў. У парку ўсталяваць бюсты прадстаўнікоў «залатога россыпу Пружаншчыны».

01.09.2002

Калісьці па тэлебачанні я пачуў, што пружанская агратэхнічная школа самая лепшая ў СССР. Дык чаму ж пружанскаму музею не стаць лепшым у Беларусі? Трэба проста выканаць некалькі ўмоў. Праяўляць незвычайную для глыбінкі ініцыятыву. Прымаць парады ад усяго свету, не казаць: мы і самі з вусамі. Не грэбаваць звышнатуральнымі сіламі: айцец Іосіф (заўв. аўт. — Балюк, памёр у 2007) не адмовіць адслужыць малебен…

09.02.2003

Пружаншчына павінна ўключацца адважней у экуменічны рух (заўв. аўт. — рух за збліжэнне і аб’яднанне розных хрысціянскіх канфесій)… Надышоў час для глабалізацыі і адкрытасці ўсяму свету: культуры не адымаюць, а складаюць.

11.08.2003

«Залаты россып» складаюць і пружанскія святары. Абавязкова трэба збіраць матэрыялы пра іх. Васкрасенскі, Пілінкевіч, Імшэннік, у якога я прыслужваў у Прачысценскім храме, Уладзімір Кудраўцаў (пасля — архімандрыт Жыровіцкага манастыра Серафім, які памёр у 1943 г.)… У ідэале ў Пружанах павінна быць два музеі: уласна гістарычны і выставачная галерэя. А ў будучыні ўсю інфармацыю аб рабоце музея трэба выкладваць у інтэрнэт…

09.12.2003

Я напісаў ліст у выканкам пад уплывам бедства ў Францыі, калі ў выніку падпалу згарэла незлічонае мноства гектараў лесу. Давайце на выпадак стыхіі думаць пра Белавежскую пушчу. Для гэтага трэба пабудаваць вузкакалейную лінію Аранчыцы-Пружаны-Белавежа, на якой на запасных шляхах будуць стаяць цыстэрны з вадой. На рацэ Ясельда ля Харавы трэба зрабіць вадасховішча, з якога пажарныя верталёты змогуць браць ваду. У Польшчы вузкакалейкі разабралі, а цяпер шкадуюць пра гэта, бо імі захапляліся і дзеці, і турысты. А будучыня Пружан менавіта ў турызме і ў рамястве, бо цяжкай прамысловасці там няма. Трэба арганізоўваць курсы ганчароў, печнікоў, кавалёў, гадзіннікавых спраў майстроў, фатографаў, дырыжораў і журналістаў…

09.01.2004

Тэма пружанскіх яўрэяў «вісіць» у паветры і чакае рашэння. Можна зрабіць выставу, на якой паказаць план горада з абазначэннем месцаў пражывання яўрэяў і размяшчэння іх могілак, план гета, факсіміле «шапак» яўрэйскіх газет, якія выдаваліся ў Пружанах, і многае іншае.

09.01.2004

Ад лішніцы сэрца вусны кажуць! Без рэлігіі і музыкі немагчыма знайсці сэнс жыцця… Да вайны настаўніцкая ўстанова ў Пружанах мела ансамбль скрыпачоў — яго трэба ўзнавіць. Трэба стварыць і вялікі аркестр, які будзе іграць на самых урачыстых мерапрыемствах і хадзіць па ўсім горадзе з узмацненнем высокіх тонаў і барабанаў… Перад вайной пры касцёле каля варот стаяла званіца, але яе знеслі. З гэтай званіцы калісьці ў маі месяцы трубач выконваў гімн Багародзіцы, які разносіўся па ўсёй акрузе. А гукі званоў упрыгожвалі «дрымотны» горад.

05.01.2005

Дзеля развіцця горада варта зрабіць шмат чаго. Не трэба забываць сваю культуру, якая можа знайсці ўвасабленне і ў назвах вуліц. Павінна быць у горадзе і вуліца Крашэўскага. Яго маёнтак у Доўгім занядбаны і забыты… Трэба зрабіць канферэнцыю для настаўнікаў і выкладчыкаў раёна і прывіць ім любоў і павагу да гістарычных месцаў. Любоў да малой радзімы тым большая, чым лепш мы ведаем здабытак «залатога россыпу».

С. Корчак-Міхалеўскі — спадчынны дваранін. Нарадзіўся 18 мая 1923 года ў г. Брэсце. Дзяцінства і маладосць правёў у в. Росахі, што на Пружаншчыне, дзе атрымаў пачатковую адукацыю. У 1939 годзе скончыў польскую гімназію імя А. Міцкевіча, а ў 1941 — СШ № 1. Быў вывезены з бацькамі і сям’ёй брата ў Сібір, дзе ў 1941–1943 гг. вучыўся ў Новасібірскім педагагічным інстытуце.
Падчас Другой сусветнай вайны Корчак-Міхалеўскі быў мабілізаваны ў войска, тройчы быў цяжка паранены. Дайшоў да Берліна і быў узнагароджаны баявым ордэнам.
Пасля вайны вучыўся ва ўніверсітэтах Лодзі, Вроцлава, Варшавы і атрымаў дыпломы магістра па філасофіі і англійскай філалогіі.
Працаваў у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, у Інстытуце матэматычных лічбавых машын і ў бібліятэцы Польскай акадэміі навук, дзе даводзілася прымяняць веданне 17 замежных моў. Распрацаваў для Кітая праект рэформы кітайскага іерагліфічнага пісьма і шмат іншага. Акрамя таго, навуковец уваходзіў у Міжнароднае таварыства паэтаў. Дзве яго паэмы ў свой час былі надрукаваны на старонках “Раённых будняў”.
Таксама Корчак-Міхалеўскі займаўся навукова-даследчай дзейнасцю ў галіне філасофіі і рэлігіі, у прыватнасці, пераклаў на польскую мову літургію Іаана Златавуста.
У 2002 годзе навуковец дапамог супрацоўнікам музея-сядзібы “Пружанскі палацык” арганізаваць выставу, прысвечаную жыццядзейнасці Адама Міцкевіча.
Памёр 15 студзеня 2006 года.

Падрыхтавала Алена Зялевіч.