Вторник, 19 февраля 2019

Жительница Ровбицка нашла брата благодаря передаче «Пусть говорят». При их встрече плакала вся деревня

1 883

Гісторыя, пра якую я хачу вам расказаць, пачалася даўно, без малога паўстагоддзя таму. І пачатак яе быў вельмі сумным. Малады, таленавіты і летуценны мастак, кінуўшы цяжарную жонку, памчаўся ўдалячынь у пошуках новых эмоцый і прыгод. Паклікала за сабой новае каханне… Пакінутая маладая жанчына цяжка перажывала здраду мужа і, разарваўшы на кавалкі ўсе фатаграфіі з ім, вырашыла забыць пра летуценніка раз і назаўсёды… Неўзабаве нарадзілася дзяўчынка, а калі падрасла, стала задаваць нязручныя пытанні, маўляў, дзе тата? “А тата паляцеў. І паляцеў вельмі далёка”, – адказвала ёй мама.


— Мама адзывалася пра тату вельмі добра, таму больш пытанняў я і не задавала, — з дрыжаннем у голасе распавядае сёння жыхарка аграгарадка Роўбіцк Святлана Аляксандраўна Бушко. — Толькі перад самай смерцю (шэсць гадоў таму яе не стала) мама прызналася, што тата не быў лётчыкам. Ён маляваў і ў пошуках музы сышоў да іншай жанчыны. А яшчэ я даведалася, што ў мяне ёсць брат і сястра, якія жывуць недзе пад Мінскам…
Святлана пачала шукаць родных. Звярнулася ў вядомую перадачу «Жди меня» і стала чакаць… Адказ прыйшоў праз тры гады, але з іншай праграмы.


26 лютага 2015 года (гэты дзень Света запомніць на ўсё жыццё) разам з мужам Святлана вырашыла паглядзець перадачу Андрэя Малахава «Пусть говорят». Чарговы выпуск называўся «Было ў маці тры сыны».
— Глядзім і, не задумваючыся, назіраем за кранальнай сустрэчай трох сыноў (Аляксандра, Міхаіла і Юрыя) з маці, якую яны не бачылі 30 гадоў. Была ў іх яшчэ і сястра, якая не дажыла да гэтага моманту… Гучыць прозвішча «Рацько». Трэба ж так супасці! — кажу мужу. — Як маё дзявочае прозвішча. Глядзім далей, а паралельна мужу распавядаю пра сямейную таямніцу, якую мама, паміраючы, раскрыла… І раптам чуем, што гераіня перадачы жыла калісьці пад Мінскам, а потым з дзецьмі з’ехала ў Расію ўслед за мужам-мастаком Аляксандрам Міхайлавічам Рацько… Мяне токам прабіла …. Мастак? Міхайлавіч? Божа! Гэта ж мой тата…
У тую ноч Святлана Аляксандраўна не заснула… Лёс бацькі, лёс жанчыны, якая адвяла яго ад мамы, і лёс чатырох (!) дзяцей, якіх, як аказалася, бацькі кінулі на волю лёсу, расчулілі Святлану да глыбіні душы.


…З’ехаўшы з Беларусі шмат гадоў таму, Галіна і Аляксандр Рацько вельмі доўга бадзяліся па Расіі ў пошуках працы і пастаяннага жылля. Не справіўшыся з цяжкасцямі, пачалі піць… Нарэшце, спыніліся ў пасёлку Вінаградны Стаўрапольскага краю. Здавалася б, жывіце і радуйцеся, гледзячы на сваіх дзяцей. Аднак гэтым свавольным натурам усё не было спакою. І 30 гадоў таму яны зніклі ў невядомым кірунку…
Старэйшаму сыну Сашы і яго сястры было тады толькі па 10 гадоў, сярэдняму Міхаілу — шэсць, а малодшанькаму Юрыю і трох не было, калі бацькі проста пакінулі іх на волю лёсу… Дзяцей забралі ў размеркавальнік г.Пяцігорска, а потым развезлі па розных дзіцячых дамах, пакінуўшы разам толькі старэйшых блізнятак.
Усё свядомае жыццё браты Рацько шукалі маму, каб даведацца, чаму самыя родныя людзі асудзілі іх на сіроцтва. І вось, нарэшце, сустрэліся…
Вось што распавёў на перадачы старэйшы сын Аляксандр:


— Мы прыйшлі з сястрой са школы, а бацькоў няма. Суседзі сказалі, каб мы нікуды не сыходзілі, бо хутка за намі прыедзе аўтобус і павязе катацца. Мы спачатку нават узрадаваліся, але неўзабаве зразумелі, што мама і тата зніклі… Наймацнейшая крыўда зарадзілася на бацькоў, асабліва на маму. Страшэнная крыўда ад таго, што ты сам нічога не можаш зрабіць… Будучы ў дзіцячым доме, я ўвесь час спадзяваўся, што мама знойдзецца, прыедзе да нас і забярэ. Па суботах мы з сястрой выходзілі на ганак і чакалі. І так многія гады – ад суботы да суботы… Нікому такога не пажадаеш, што мы перажылі. У дзіцячым доме было пекла. Старэйшыя дзеці білі да крывавага месіва з любой нагоды… Кожны дзень, калі лягаў спаць, клікаў бацькоў. Уяўляў, як мама ідзе, а я бягу ёй насустрач. Якая б яна ні была: мама ёсць мама. Так, я памятаў сямейныя скандалы, выпіўку, пераезды, крадзеж вугалю ў мясцовай школе. Але добра памятаў і тое, як у дзяцінстве мама купала мяне ў тазіку і прыгаворвала: «Будзеш чысценькі — будзеш белабрысенькі»… У матулі на патыліцы радзімка была. Я, калі маму па валасах гладзіў, баяўся, каб не разадраць…
Сустрэча маці з сынамі, нявесткамі і ўнукамі ў студыі «Пусть говорят» была вельмі кранальнай…


Перадача яшчэ не паспела скончыцца, а дамашні тэлефон Святланы Аляксандраўны Бушко ўжо «разрываўся» ад званкоў. Тэлефанавалі знаёмыя з в. Белы Лясок, якія добра ведалі Аляксандра Міхайлавіча Рацько.
— Тэлефанавала, заліваючыся слязьмі, і мая хросная, якая, аказваецца, таксама ведала, што ў таты ў другім шлюбе нарадзіліся дзеці … Я праплакала ўсю ноч. А раніцай мяне разбудзіў званок ад стрыечнай сястры, якая, на шчасце, таксама глядзела перадачу і, дзякуючы Малахаву, аператыўна знайшла неабходныя нумары і патэлефанавала ў Стаўрапаль брату… Аказваецца, пры сустрэчы праз 30 гадоў маці прызналася яму, што калісьці адвяла бацьку з сям’і і што дзесьці ў Беларусі ёсць у яго сястра…
Нядоўга думаючы, Святлана адкрыла сваю старонку ў «Аднакласніках» і ў пошукавіку набрала запаветныя словы «Аляксандр Аляксандравіч Рацько»… Асабістае паведамленне дайшло да свайго адрасата.
У жніўні 2018 года адбылася сустрэча Аляксандра і Святланы. Даведаўшыся пра яе, Андрэй Малахаў нават збіраўся прысвяціць ёй спецыяльны выпуск «Пусть говорят», але не паспеў: быў вымушаны звольніцца з “Першага канала”.


Аляксандр Рацько сабраў грошы на машыну і на наступны пасля куплі дзень разам з жонкай і дачкой выехаў са Стаўрапаля, узяўшы курс на Беларусь… А Святлана Бушко разам з мужам выехала ім насустрач і перыядычна звязвалася з братам і пляменніцай праз інтэрнэт.
— Я не ведаў дакладнага адраса, дарогу мне падказвалі навігатар і кліч сэрца. Мінск — Баранавічы — Івацэвічы… Стала цямнець … І тут званок ад Светы: «Глядзіце ўважліва: зараз будзе паварот на Бярозу. Мы стаім на абочыне, муж уключыў аварыйку». Калі я ўбачыў сігнальныя агні, адчуў дрыжыкі ў руках, — распавядае Аляксандр, з якім нам удалося звязацца па тэлефоне.
Калі Святлана ўбачыла брата, то зразумела, што ім не прыйдзецца рабіць аналіз ДНК: яны падобныя як дзве кроплі вады, нібы двайняткі.
— Мы прыехалі ў Роўбіцк, паклалі пляменніцу спаць, а самі прагаварылі з братам да раніцы. Ён усё паўтараў: «Ушчыпні мяне. Не веру. Здаецца, што ўсё гэта мне сніцца», — у драбнюткіх падрабязнасцях апісвае тую сустрэчу Святлана Аляксандраўна. Раніцай прыехала хросная і, убачыўшы сваяка, заплакала: «Божачкі! Гэта Рацько жывы!»


— Уся вёска плакала, даведаўшыся, што я знайшла брата…
Беларускія сваякі арганізавалі для доўгачаканых гасцей цікавую культурную праграму: звазілі іх у Брэсцкую крэпасць і ў Белавежскую пушчу, дзе ў Сашы ўсплылі кранальныя ўспаміны пра першыя гады жыцця ў Беларусі, якую ён пакінуў у пяцігадовым узросце.
— Калі прыехалі ў пушчу, брат пачаў дакранацца да моху і прызнаўся, што памятае пах чарніц, якія з бацькам збіраў каля Копыля (пад Мінскам). Калі капалі бульбу, ён нюхаў зямлю і казаў, што памятаў яе пах…
Калі Аляксандр Рацько ад’язджаў, беларускія сваякі загрузілі яму ў машыну пушчанскіх марынадаў і, вядома ж, беларускай бульбачкі, каб пра родную зямлю не забываў…
— У мяне з’явілася такое пачуццё, што я з Беларусі і не з’язджаў… Божа, якія добрыя і адкрытыя ў вас людзі. Адчуванне шчасця ў мяне зашкальвае. Я хачу вярнуцца, — прызнаецца на тым канцы провада Аляксандр…


Святлана Аляксандраўна Бушко паабяцала брату, што абавязкова прыедзе да яго ў Стаўрапаль у госці, а потым усе разам з’ездзяць у Тбілісі, дзе з новым мужам жыве Галіна Антонаўна Жаўткова (такое цяперашняе прозвішча Сашавай мамы, якая так і не знайшла ў сабе духу, каб пераступіць праз свае слабасці) і дзе знайшоў апошні прытулак мастак-летуценнік. Саша са Светай абавязкова прыбяруць занядбаную магілку бацькі, здымуць з яе сетку-рабіцу, якую зверху маці Галіна накінула незразумела для чаго, пратруць таблічку з надпісам “1940-1997” і пасадзяць кветкі. Простыя палявыя кветкі, якія так любіў маляваць Аляксандр Міхайлавіч Рацько…
Алена Зялевіч, фота з уласнага архіва сям’і С.Бушко.

Па гэтай спасылцы можна паглядзець выпуск перадачы “Пусть говорят”, на якой адбылася лёсавызначальная ў жыцці Аляксандра Рацько сустрэча: https://www.1tv.ru/shows/pust-govoryat/vypuski-i-dramatichnye-momenty/bylo-u-materi-tri-syna-pust-govoryat-vypusk-ot-26-02-2015