Пятница, 26 апреля 2019

Спортивные достижения колледжа и личный пример Александра Мацеюка

614

Аляксандр Мацаюк, асабліва ў асяроддзі спартсменаў, у прадстаўленні не мае патрэбы. З моманту, калі ён пачаў працаваць выкладчыкам фізічнай культуры і здароўя ў аграрна-тэхнічным каледжы, каманда мнагаборцаў каледжа стала бясспрэчнай пераможцай абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Толькі на вобласці назва Пружанскага каледжа як пераможцы гучала 16 разоў! І хоць колькасць перамог на ўзроўні рэспублікі саступае, іх вартасць ніяк не меншае. І за ўсім гэтым не толькі напружаныя трэніроўкі навучэнцаў, але і іх выкладчыка.


—Аляксандр, галоўная Ваша навука ў дасягненні спартыўных перамог навучэнцамі — уласны прыклад?
—Вядома ж! Зараз, напрыклад, па вечарах мае мнагаборцы па 10-12 кіламетраў на лыжах бегаюць, і я з імі таксама. Умовы створаны спрыяльныя: лыжню на лыжа-ролернай трасе за Лядовым палацам асабіста пракладвалі. Цяпер з задавальненнем карыстаемся.
—А адкуль у Вас такое захапленне спортам?
—Са школы і з сям’і. Колькі сябе памятаю, як мой бацька, так і дзядзька заўсёды былі апантанымі аматарамі фізкультуры і спорту. Пры любой сустрэчы прама на двары ўладкоўвалі забегі на хуткасць. А астатнія дамачадцы заставаліся пры гэтым заўзятымі балельшчыкамі. Вядома ж, на іх стараўся быць падобным і я. Дарэчы, дзядзька дагэтуль дакарае маю цётку, што не аддала яму доўг за прайграную мною стаметроўку…
—А як жа Ваш “канёк” — гіравы спорт? Дасведчаныя ў спартыўных пытаннях людзі ведаюць Вас найперш як гіравіка. Хаця, застаючыся нават абсалютным дылетантам, усяго толькі варта звярнуць увагу на Вашы біцэпсы, каб усё зразумець…
—Захапленне гіравым спортам прывіў мой школьны настаўнік фізкультуры Вячаслаў Сцяпанавіч Аўгусціновіч. Разгледзеў ва мне здольнасці, растлумачыў усё і паказаў, і ў мяне пачало атрымлівацца. Далейшае ўдасканаленне сваіх спартыўных навыкаў атрымаў падчас вучобы ва ўніверсітэце фізкультуры і службы ў паветрана-дэсантных войсках.
—Я ведаю, што за сваю спартыўную кар’еру Вы, Аляксандр, маеце вялікае мноства перамог і ўзнагарод. А якая з іх самая значная?
—Перамога на рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод вышэйшых навучальных устаноў. Гэта быў 2003 год. Рывок гіры вагой 32 кілаграмы я выканаў з вынікам 132 пад’ёмы за 10 мінут і заняў першае месца. Хаця варта расказаць яшчэ пра адну.
Як часта здараецца, перамога дасягаецца пасля паражэння… Падобная сітуацыя была і ў мяне. Калі вучыўся, давялося ўдзельнічаць ва ўніверсітэцкіх спаборніцтвах па лыжных гонках. Тады з двухсот студэнтаў да фінішу я прыйшоў сто дваццатым, і стала няёмка перад сабой… Ужо праз год я быў шасцідзясятым, яшчэ праз год — у першай трыццатцы. А затым стаў прызёрам універсітэта фізкультуры па лыжных гонках і атрымаў першы разрад па лыжным спорце. Для цяжкаатлета гэта, сапраўды, перамога значная.
—А ў Вас ёсць любімы від спорту?
—Усе віды люблю! Таму, магчыма, аддаю перавагу мнагаборству, дзе ёсць месца і гіравому спорту, і армрэстлінгу, і стральбе, і бегу, і плаванню. Няма магчымасці, напрыклад, плаваць, — становімся на лыжы. Ну, а тым жа падцягваннем можна займацца дзе заўгодна, незалежна ад пораў года. Ад усяго гэтага я атрымліваю неверагоднае задавальненне!
—І да такога задавальнення далучаеце не толькі сваіх выхаванцаў з каледжа, але і сям’ю?
—Вядома ж, яны раздзяляюць мае спартыўныя захапленні. Разам ходзім у басейн. Сыны-першакласнікі наведваюць секцыю па лёгкай атлетыцы. А яшчэ — бегаем на лыжах. Паглядаю на сваіх сямігадовых “чэмпіёнаў” і адзначаю для сябе, што тэхніка на “класіку” ўжо з’яўляецца.
Гутарыла Галіна Каляда.
Фота Сяргея Талашкевіча.