Среда, 21 августа 2019

Наш опрос: А какое блюдо не любите вы?

765

…Што агульнага паміж кансерваваным зялёным гарошкам і застылай пенкай на кіпячоным малацэ, «духмянай» брокалі і варанай цыбуляй, пячоначным тортам і памідорамі, фаршыраванымі анчоусамі? Усе гэтыя прадукты і стравы шмат у каго з дзяцінства выклікалі не самыя прыемныя эмоцыі, калі ад адной згадкі пра іх па целе «прабягалі» калючыя дрыжыкі, а на твары — скрыўленыя грымасы. Пра тое, якія стравы ў нашых пружанцаў самыя нелюбімыя, даведаліся журналісты «раёнкі».

Галіна:


— Калісьці ў дзяцінстве я страшна не любіла кіпячонае малако і пенку на ім. Памятаю, як у дзіцячым садку выхавальніцы нават кубачкі нашы правяралі: дапілі мы гэты каштоўны, як яны казалі, прадукт ці не. Дзякуй сяброўцы, якая выпівала і сваю порцыю малака, і маю. А ў цэлым я ўсё люблю. З дзяцінства мама прывучала, што ўсё павінна быць смачным, паколькі вырашчана і прыгатавана з любоўю. Усе прадукты трэба шанаваць і заўсёды дзякаваць Богу за ежу на стале. Так і дачцэ сваёй, студэнтцы, кажу. Яна раней не вельмі любіла пячонку і рыбныя прадукты, а цяпер усё есць.

Марына:


— Калі ўспомніць дзяцінства, то больш за ўсё я не любіла звычайную манную кашу, якая абавязкова была з камячкамі і пенкай. Але сёння, калі ў мяне ёсць дзеці, я гляджу на гэтую кашу і думаю: ну, якая манка можа быць без малака і пенкі?! А пасля навагодніх застолляў і мноства пераспрабаваных страў часта лаўлю сябе на думцы, што хачу есці толькі хлеб, садавіну і піць ваду. Трэба вярнуць форму.

Сяргей:


— Самая нелюбімая мая страва з дзяцінства — гэта, вядома ж, чорная ікра, якой (няхай яе!) ніколі не было на стале. Бацькі былі небагатыя і да маіх просьбаў яе купіць не прыслухоўваліся. Не люблю і чырвоную ікру, якую неяк паспрабаваў, дзякуючы цётцы. Не спадабалася: яе намазвалі тонкім слоем на хлеб, а мне хацелася есці яе вялікімі лыжкамі. Не любіў і аліўе, таму што гэтую страву гатавалі ў велізарных тазіках, а я стамляўся яго есці.

Насця:


— Я ненавіджу жэле. Фу! І без розніцы: апельсінавае, ананасавае, лімоннае — ніякае мяне не спакусіць. Калі, напрыклад, у торціку, крый Божа, будзе крыху жэле, то я яго і не паспрабую. Мне нават непрыемна глядзець на гэта вадзяністае, аморфнае невядома што: здаецца, нібы жывая медуза ляжыць у талерцы. Такую ж агіду адчуваю ад халадцу і любой заліўной стравы. Адным словам, «якая гадасць гэта ваша заліўная рыба»!

(Не назваў імя)


— Я ў дзіцячы садок не хадзіў, казённай ежы ў дзяцінстве не еў і не бачыў, паколькі рос у вёсцы. І рос як на дражджах: свежая, сытная ежа рабіла сваю справу. Вось толькі, прызнацца, малако не любіў. Каровы для мяне магло і не быць. А сёння ем усё. Дзякуй жонцы, усё смачна!

Вячаслаў Сяргеевіч:


— Я чалавек усёядны. З дзяцінства прывучаны да таго, што быць пераборлівым у ежы грэшна. У цэлым, ніколі не раздумваў: смачна-нясмачна, галоўны арыенцір для мяне — карыснасць ежы. Таму ў апошні час імкнуся пазбягаць маянэзаў. Салацікі, напрыклад, запраўляю нятлустай смятанай або ёгуртам.

Аксана:


— Шчыра прызнаюся, што ў дзяцінстве я не любіла першыя стравы, вылоўлівала з супоў усё, што можна: цыбулю, моркву, гарох, бульбу… У выніку выпівала булён. Ой, калі мае трое дзяцей пра гэта прачытаюць… Я ж ім не дазваляю калупацца ў талерцы. Угаворваю есці ўсё, бо ўся ежа карысная: і цыбулька вараная салодзенькая, і морквачка з вітамінам А. І цвятной капустачцы замены не знайсці. А брокалі — наогул каралева агародніны!

Алеся:


— Я не люблю грыбы. І ніколі іх не буду есці! Ні ў якім выглядзе: ні ў падліўках, ні ў супах, ні ў пірагах! Мама, тата, бабуля — усе, хто спрабаваў гатаваць для мяне грыбы, цярпелі фіяска. Нічога грыбнога нават спрабаваць не буду! Ну, нясмачныя мне ўсе гэтыя хвалёныя лісічкі і шампіньёны, апенькі і зялёнкі. Ні салёныя, ні марынаваныя, ні смажаныя. І збіраць іх не люблю. Неяк адзін раз з’ездзіла з татам у грыбы, то знайшла толькі адзін баравік, і той — выпадкова. Усё астатняе я ем з апетытам.

Максім:


— Я люблю практычна ўсё: не напалохаеш мяне ні маннай кашай, ні малочнай пенкай. А вось раней, калі быў маленькі і хадзіў у дзіцячы сад, то вельмі не любіў суп з капусты (щи). Нават не ведаю і чаму. Кожны раз, калі мама ставіла яго на стол, хацелася крыкнуць: «Матуля, міленькая, прыбяры, не гатуй, забудзь пра гэтую капусту, выкінь!» Аднак з павагі да мамы еў і моўчкі зайздросціў Дзянісу Караблёву, які, калі памятаеце, выкінуў кашу праз акно. Наступствы яго выхадкі былі вельмі цяжкія. Гэта мяне і стрымлівала ад апошняга кроку… А цяпер я з задавальненнем аплятаю ўсё, і капусту таксама!

Думкамі цікавілася Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.