Пятница, 26 апреля 2019

Место работы? Круизный лайнер!

1 017

«Выберы сабе працу па душы, і табе не давядзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці». Канфуцый.
Напэўна, большасць з нас марыла ці марыць пабачыць свет. Пабываць у розных краінах, пазнаёміцца з іх традыцыямі і проста пабачыць на ўласныя вочы сусветныя знакамітасці і найпрыгажэйшыя куткі планеты. Менавіта магчымасць падарожнічаць і прывабіла нашу зямлячку Валерыю Стэцюк, якая адважылася прайсці гутарку ў замежнай кампаніі. А перад Новым годам Валерыя вярнулася дамоў на адпачынак пасля шасцімесячнай працы на круізным лайнеры “Oceana”. За гэты час Валерыя пабывала ў Харватыі, Партугаліі, Італіі, Іспаніі, Францыі, Вялікабрытаніі, Грэцыі і на Мальце. У яе з’явіліся любімыя месцы ў гэтых краінах, у якія яна, напэўна, яшчэ вернецца. Але пакуль у бліжэйшых планах — работа ў Карыбскім басейне. Дарэчы, дзяўчына доўга вагалася пры выбары наступнага маршруту: вельмі вабіць Нарвегія, не менш прыцягвае і Японія. Наогул Валерыя вырашыла, што, пакуль не пабачыць увесь свет, месца працы не зменіць.


— Валерыя, раскажы, калі ласка, як ты трапіла на лайнер і ці было гэта тваёй марай?
— Ні тады, калі я ў 2013 годзе заканчвала гімназію ў Пружанах, ні нават пры заканчэнні Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій (БДУ) я не думала, што маё жыццё складзецца менавіта так. Але мара пабачыць свет была ў мяне заўсёды. Яшчэ падчас вучобы я наведала шмат еўрапейскіх краін: разам з аднадумцамі мы пабывалі на канцэртах сусветна вядомых гуртоў. Потым, калі ўжо працавала ў турыстычным агенцтве, у Instagram аднакурсніцы ўбачыла мноства прыгожых фотаздымкаў з розных краін. Так я даведалася, што ў ліку тых, каго брытанскія кампаніі запрашаюць на работу на круізныя лайнеры, ёсць беларусы. Ні на што не спадзявалася, але ўсё ж вырашыла падаць і сваю заяўку. Прайшла адбор, а пасля і гутарку з прадстаўнікамі брытанскай фірмы. Дарэчы, успаміны ад зносін з брытанцамі засталіся самыя светлыя: здавалася б, трэба хвалявацца, але гутарка і іспыты былі арганізаваны такім чынам, што ўсе мы атрымалі мноства пазітыўных эмоцый! Яшчэ адзін цікавы момант: брытанцы аддаюць перавагу Мінску, і менавіта ў нашай сталіцы праходзяць гутаркі ўкраінцы і расіяне. Дарэчы, ад маёй першай сустрэчы з працадаўцамі і непасрэдна да пачатку работы прайшло ажно 7 месяцаў.
— Зразумела, што інтэрв’ю праходзіла на англійскай мове. Адкуль у цябе такі ўзровень валодання ёю?
— Прызнацца, на той момант я і не ведала, што ў мяне такі ўзровень. Акрамя заняткаў у школе і ўніверсітэце, я карысталася англійскай мовай падчас паездак па Еўропе, а яшчэ я шмат глядзела відэа на Youtube i ў Instagram. На самай справе, гэта вельмі добрая практыка, бо ты чуеш носьбіта мовы, што вельмі адрозніваецца ад заняткаў з рускамоўнымі выкладчыкамі.


— Якія яшчэ веды табе спатрэбіліся пры праходжанні гутаркі?
— У першую чаргу, ацэньваўся ўзровень валодання мовай, кругагляд, здольнасць творча разважаць. Паколькі на лайнеры я працую ў магазіне, то мне спатрэбіўся вопыт працы, які я набыла яшчэ падчас вучобы. Што тычыцца вышэйшай адукацыі, людзям, якія яе атрымалі, аддаецца перавага, але гэтая акалічнасць ніяк не становіцца вырашальнай. Калі вярнуцца непасрэдна да мяне, то мой дыплом (больш дакладна — веды, атрыманыя ва ўніверсітэце) можа дапамагчы мне, калі пайду на павышэнне. Пакуль я ўдасканальваю свой моўны ўзровень, набіраюся вопыту, але будую ўжо і пэўныя кар’ерныя планы.
— У рабоце табе найбольш падабаецца тое, што ты маеш магчымасць падарожнічаць. Якія мясціны цябе асабліва ўразілі?
— Я вельмі люблю прыроду. Самыя прыгожыя пейзажы разгортваюцца ў харвацкіх гарадах Хвар і Дуброўнік, мора тут таксама асабліва яркае.

Вельмі адрозніваецца ад усіх іншых месцаў грэчаскі востраў Міканас: тут усё бела-блакітнае, здаецца, іншых колераў і няма. А вось колер Мальты — пясчаны, і гэта так нязвыкла! Іспанская Валенсія мае мноства мілых дэталяў у архітэктуры, што таксама знайшло водгук у маім сэрцы.


— Падчас работы, напэўна, табе даводзілася размаўляць з вялікай колькасцю людзей. А што яны ведаюць пра Беларусь?
— На жаль, нічога. Кожнаму новаму знаёмаму я тлумачыла, што Беларусь – гэта не Расія. Аднойчы сямейная пара з Англіі спытала, адкуль я, а пачуўшы адказ, радасна ўсклікнула: “О, дык мы былі ў вас, у Санкт-Пецярбургу!” У лепшым выпадку пра нашу краіну проста чулі 2 з 10 чалавек. І толькі ў тым разрэзе, што нехта з іх сусе-дзяў ці калег па рабоце прыехаў з Беларусі.
У першыя ж дні на караблі я спрабавала знайсці хаця б аднаго рускамоўнага калегу і так даведалася пра нейкага Вову з казіно, але доўгі час з ім не атрымлівалася сустрэцца. Калі нарэшце гэта адбылося, мы вельмі ўзрадаваліся адзін аднаму. Прыемнай нечаканасцю для мяне было тое, што Вова аказаўся менавіта беларусам. Больш за тое, ён з Брэсцкай вобласці! А калі мы адначасова вымавілі назвы сваёй малой радзімы (Пружаны і Слабудка), то нават не маглі ў гэта паверыць. Уявіце, на караблі каля 2000 пасажыраў і каля 800 чалавек каманды. І трэба ж было сустрэцца двум рускамоўным людзям — амаль суседзям!


— Шчыра кажучы, памеры лайнера ўражваюць…
— Дык наш не самы вялікі! Наш лайнер 14-павярховы, прычым пасля дванаццатага адразу ідзе чатырнаццаты: брытанцы даволі прымхлівыя. Жыццё на лайнеры мы называлі “жыццём у бурбалцы”: тут не трэба думаць, як сябе накарміць, як заплаціць за кватэру, як правесці вольны час. Каманда нашага лайнера мела магчымасць бясплатна харчавацца ў рэстаране для персаналу, а пасля шасці гадзін вечара — у любым рэстаране. Зразумела, мы павінны прытрымлівацца пэўных правілаў: нельга з’яўляцца на людзі без бэйджа, нельга ўжываць алкаголь (дапускаецца бакал піва ці адзін кактэйль), ёсць і некаторыя іншыя абмежаванні.
— Я так зразумела, што за гэтыя шэсць месяцаў ты вельмі мала сустракала прадстаўнікоў краін постсавецкай прасторы?
— Так, пераважная большасць нашых пасажыраў — брытанцы, афіцэрскі склад каманды — таксама. А вось увесь іншы персанал — у асноўным прадстаўнікі Індыі і Філіпінаў, ёсць і мексіканцы, аргенцінцы і многія іншыя. Адметна, частка людзей з пэўных краін работу на лайнеры выкарыстоўвае як магчымасць зарабіць, а вось тыя ж англічане ідуць працаваць на лайнер, каб знайсці сябе. У іх абсалютна натуральным лічыцца такі падыход: перш чым атрымаць вышэйшую адукацыю, трэба некалькі гадоў папрацаваць у розных сферах, каб зразумець, што блізка іх душы, і толькі пасля вызначыцца з будучай прафесіяй.


Калі раптам нехта з юных чытачоў загарэўся магчымасцю працаваць на круізным лайнеры, папярэджваю: прымаюцца толькі людзі старэйшыя за 21 год, на бачных участках цела не павінна быць ніякіх тату і пірсінгу (акрамя завушніц), здароўе павінна быць моцным. Ну, і ў любым выпадку трэба вучыць англійскую мову.
Кацярына Пашкевіч.