Пятница, 30 октября 2020

В Ружанах появились детская площадка и антивандальные тренажеры

711

У бягучым годзе ў ружанскай мясцовай улады мноства планаў па добраўпарадкаванні гарадскога пасёлка, у тым ліку правядзенне пэўных работ на тэрыторыі каля вадаёма, што ў цэнтры пасёлка. Варта адзначыць, што да рэалізацыі задуманага тут прыступілі нават з апераджэннем: напрыканцы мінулага года на беразе той часткі сажалкі, што прылягае да вуліцы Якуба Коласа, з’явілася пляцоўка з дзіцячым гульнёвым надворным абсталяваннем.


— Штогод сельвыканкам прымае ўдзел у аглядзе-конкурсе санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў. У 2017 годзе сельвыканкам падаў заяўку на ўдзел у абласным этапе, і летась гарадскі пасёлак Ружаны аказаўся пераможцам — атрымаў грашовую прэмію ў памеры 1000 базавых велічынь.

Гэтыя бюджэтныя сродкі было вырашана выдаткаваць на далейшае добраўпарадкаванне пасёлка, у тым ліку на набыццё антывандальных трэнажораў, — расказала старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Манчык.
У планах па добраўпарадкаванні — і ўладкаванне зоны адпачынку каля гарадской сажалкі. Як мяркуецца, сёлета тут будуць зроблены пешаходныя дарожкі, пастаўлены лавачкі, а таксама з’явяцца арэлі для маленькіх жыхароў пасёлка. У тым ліку будзе наведзены парадак на беразе той часткі сажалкі, якая прылягае да вуліцы Горкага.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).