Вторник, 19 марта 2024

Окунаться или нет? Поговорили с врачом и священником, которые придерживаются Крещенской традиции

975

Штогод у святы дзень Богаз‘яўлення вернікі храма ў гонар святых пакутніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі, што ў в.Клятное, пасля святочнай літургіі ідуць на іардань. Традыцыйным месцам для вадохрышчанскага купання трэці год запар становіцца возера турыстычнага комплексу “Дзікое”, на якім выразаюць палонку ў выглядзе сімвалічнага крыжа.


На дзіва, акунуцца ў вадохрышчанскую “купель” пры мінусавай тэмпературы паветра адважваецца даволі шмат людзей. І, мяркуючы па тварах, ім у ледзяной вадзе зусім не холадна. Нават жанчыны і пенсіянеры адважна ступаюць у воды клятнянскага іардана. Хтосьці купаецца ў палонцы ўпершыню, а іншыя падыходзяць да “крыжа” з веданнем справы. У ліку такіх знаўцаў — і галоўны ўрач раённай бальніцы В.М.Дараневіч, якога мы папрасілі падзяліцца сваімі ўражаннямі ад «святога» заплыву:
— Акунанне ў палонку — гэта падзея, і падзея неардынарная, да якой, паверце, маральна рыхтуюся не адзін дзень, — прызнаецца Віктар Міхайлавіч. — Ледзяная вада — не натуральнае асяроддзе для чалавечага арганізма, а невядомае заўсёды прыцягвае і ўражвае. Пасля купання ў іардані я адчуваю неверагодны выбух энергіі і нават пачуццё гонару за самога сябе: змог, пераадолеў! Здаецца, нібы крылы вырастаюць за спінай — і я гатовы да новых здзяйсненняў! Неверагодна! Але… як урач хачу папярэдзіць, што акунанне ў халодную ваду можа дазволіць сабе толькі здаровы чалавек. Такое купанне — гэта моцны стрэс для арганізма, і людзям, якія пакутуюць ад захворванняў сэрца, артэрыяльнай гіпертаніі, арытміі, эпілепсіі і іншых хвароб, я настойліва рэкамендаваў бы не рызыкаваць… А што тычыцца духоўнага складніка, то пра гэта лепш раскажа святар.


Звярнуліся мы і да святара — іерэя Уладзіміра Жэлянгоўскага, які і асвячаў клятнянскую “купель”. Вось як ён пракаментаваў вадохрышчанскія купанні:
— Гэтая традыцыя не мае сакраментальнага значэння. Звычай выходзіць на раку для вадохрышча і купання з’явіўся яшчэ ў IV стагоддзі ў традыцыі Іерусалімскай царквы, з часам быў уведзены і ў іншых праваслаўных цэнтрах, але толькі ва ўспамін Вадохрышча. Купанне — гэта проста антураж свята, а заадно і праверка вашай загартоўкі. Ніякай містыкі ў іардані шукаць не варта. Распаўсюджаныя ў народзе меркаванні, што акунанне абмывае грахі, ачышчае чалавека і дае яму здароўе на цэлы год, памылковыя. Каб ад купання ў іардані была карысць, чалавек павінен хадзіць у царкву, шчыра маліцца, спавядацца і прычашчацца. А ў дзень Богаз‘яўлення, як мінімум, папрысутнічаць на святочным набажэнстве, а потым узяць дадому вадохрышчанскай вады і піць яе з духоўным усведамленнем.
Алена Зялевіч.