Пятница, 26 апреля 2019

300 уголовных дел заведено в Брестской области по заявлениям обманутых держателей карточек в 2018 году. Рассказываем, как не стать жертвой

447

Летась на Брэстчыне ўзбуджана больш за 300 крымінальных спраў па заявах пацярпелых трымальнікаў банкаўскіх плацёжных картак. Амаль кожны дзясяты з іх — жыхар нашага раёна. Як зазначаюць эксперты, гэту лічбу можна адразу павялічваць у пяць разоў, бо не ўсе падманутыя «карткавымі» махлярамі звяртаюцца ў міліцыю.


Таксама праваахоўныя органы трывожыць той факт, што пераважная большасць пацярпелых не людзі сталага ўзросту, а менавіта моладзь, якая лічыць сябе больш адукаванай у плане праграмных тэхналогій. Справа ў тым, што маладыя людзі з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі «бескантактных» банкаўскіх прадуктаў, праводзяць нямала часу ў сацыяльных сетках, заказваюць тавары праз інтэрнэт-магазіны. А значыць, упэўнены, што ведаюць усё і наўрад ці трапяць на «кручок» махляроў. Апошнія менавіта гэтай упэўненасцю і карыстаюцца.
Гісторыя першая
Пружанец Аляксей паступіў у адну з ВНУ краіны і перад ад’ездам на вучобу бацькі аформілі яму банкаўскую картку з падключэннем да інтэрнэт-банкінга. Гэта даволі зручна, бо ў любую хвіліну бацькі могуць дапамагчы свайму студэнту фінансава. Дадаткова ён мог сам плаціць за мабільнік, інтэрнат, інтэрнэт-трафік, заказваць білеты на цягнік і многае іншае. Гэта хлопец выдатна асвоіў і карыстаўся пастаянна, лічачы, што ведае працэдуру «ад А да Я». Таму лёгка «купіўся» на просьбу сябра, імем якога скарыстаўся махляр. Той расказаў, што яму тэрмінова трэба аплаціць праз інтэрнэт-банкінг замену студэнцкага білета, але на картцы няма грошай: маўляў, з цябе спішацца пэўная сума грошай, якую я табе аддам наяўнымі. У Аляксея не было магчымасці падключыцца да інтэрнэту, таму ён перадаў свой логін, пароль, а потым яшчэ і сфатаграфаваную карту кодаў.
Не атрымаўшы ніякага пацвярджэння ад свайго «сябра», пацярпелы, калі з’явілася магчымасць, праверыў, ці спісалася з яго рахунка пазначаная сума грошай. Але баланс пластыкавай карткі быў роўны нулю…

Цяпер пацярпеламу неабходна мяняць не толькі плацёжную картку, а таксама логін, пароль і карту кодаў інтэрнэт-банкінга, бо ёю лёгка ў чарговы раз скарыстаецца зламыснік. Таму запомніце галоўнае правіла фінансавай бяспекі : НІКОМУ НЕ ПЕРАДАВАЙЦЕ СТРОГА САКРЭТНУЮ ІНФАРМАЦЫЮ.

Гісторыя другая
Валерыя з аг.Лінова звярнулася ў банк, каб даведацца, чаму з яе карт-рахунка знікла вялікая сума грошай. На пытанне «Ці перадавала яна каму-небудзь нумар сваёй карткі і асабліва сакрэтны трохзначны код з адваротнага боку пластыка?» кліентка адказала адмоўна.
— Толькі сястра з Маладзечна папрасіла дапамогі, і я ёй назвала ўсе лічбы,— удакладніла дзяўчына.
— Якім чынам прыйшла просьба?
— З Веранікай мы часта звязваемся праз адну з сацыяльных сетак, вось так і атрымала паведамленне.
Банкаўскія служачыя прапанавалі тут жа звязацца з сястрой пацярпелай па тэлефоне: у размове тая паведаміла, што ніякай просьбы не дасылала…

Гэта самы распаўсюджаны спосаб, якім карыстаюцца махляры ў крадзяжы грошай з рахункаў. Узломваецца старонка аднаго з карыстальнікаў, і ад яго імя ўсім, хто занесены ў спіс сяброў уладальніка ўзламанага акаўнта вядзецца рассылка паведамленняў рознага характару, накшталт: «У мяне ўкралі картку, і я баюся, што зламыснікі здымуць з яе грошы…» або «Мне павінны аддаць доўг, але я яшчэ не атрымаў з замены картку…». Пачатак пісьмаў можа вар’іравацца, пачынаючы з просьбы пазычыць грошы і заканчваючы жаданнем вярнуць некалі пазычанае назад. Але заўсёды напрыканцы будзе просьба паведаміць усе лічбы з пластыкавай карткі. Пры атрыманні такога паведамлення лепш патэлефанаваць сябру і пачуць тую ж просьбу з яго вуснаў. Памятайце, што ні ў якім разе нельга паведамляць іншым асобам УСЮ ІНФАРМАЦЫЮ: нумар, тэрмін дзеяння, імя трымальніка і трохзначны пароль на адваротным баку плацёжнай карткі. І калі з першымі трыма тыпамі дадзеных яшчэ дапускаецца дзяліцца, то асабліва катэгарычна забараняецца называць трохзначны код.

Гісторыя трэцяя
Сяргей з г.п.Ружаны літаральна кожны месяц заказвае розную прадукцыю з усім вядомай віртуальнай гандлёвай пляцоўкі. Аднойчы на электронную пошту ён атрымаў пісьмо нібыта ад адміністрацыі гэтага папулярнага інтэрнэт-рынку пра тое, што ён пераплаціў за тавар і яму жадаюць вярнуць розніцу. Для гэтага ад карыстальніка патрабаваўся нумар тэлефона, каб аформіць мабільны банкінг. Просьба ў Сяргея не выклікала падазрэння, наадварот, захапіла перспектыва вярнуць свае грошы назад. Пасля правядзення рэгістрацыі, якую выканалі махляры, Сяргей атрымаў на свой мабільнік СМС-паведамленне з сакрэтным кодам. І потым будучая ахвяра нават не задумалася, калі «адміністратар» папрасіў паведаміць атрыманы набор лічбаў і літар, а затым і нумар карткі з тэрмінам дзеяння. Праз пяць хвілін, калі пацярпелы вырашыў праверыць баланс, то заўважыў страту ўсіх грошай, што былі на банкаўскім рахунку.
Памятайце, што, маючы нумар тэлефона і падключэнне да сусветнага павуціння, такую аперацыю можа выканаць любы чалавек. Толькі ёсць адна важная акалічнасць: пасля рэгістрацыі ўладальнік нумара атрымлівае сакрэтны код. А пасля яго ў СМС-паведамленні змешчаны яшчэ тэкст аб правілах карыстання паслугай, і самая галоўная заўвага напісана вялікімі літарамі: НІКОМУ НЕ ПЕРАДАВАЙЦЕ ГЭТЫ КОД.

Гісторыя чацвёртая
У банк звярнулася маладая сям’я з аг.Шані, каб разабрацца, куды з карткі аднаго з яе членаў знікла вялікая сума грошай. Падчас разбіральніцтва высветлілася, што галава сям’і атрымаў СМС-паведамленне нібыта з банка, што патрэбна яшчэ раз удакладніць дадзеныя кліента, для чаго «паведаміце, калі ласка, ваша прозвішча, імя і імя па бацьку, а таксама рэквізіты пластыкавай карткі з абодвух бакоў». Просьба сур’ёзнай установы не выклікала сумненняў, і мужчына таксама СМС-кай адправіў патрабуемую інфармацыю на ўказаны нумар. Для махляроў менавіта апошнія дадзеныя і былі самымі важнымі. Праз некаторы час пацярпелыя не змаглі разлічыцца ў магазіне, бо баланс карткі стаў нулявым…

Трэба ведаць, што банк аказвае паслугу СМС-паведамленняў, а не вырашае такім чынам нейкія сэрвісныя пытанні. Ні ў якім разе ўстанова ПРАЗ ТАКУЮ ФОРМУ СУВЯЗІ не будзе запрошваць пацвярджэнне або абнаўленне персанальных дадзеных, прапанаваць запаўненне нейкай формы, пагражаць, запрашаць да ўдзелу ў якой-небудзь дабрачыннай акцыі ці прапаноўваць перайсці па спасылцы для ўстаноўкі якога-небудзь мабільнага дадатку.

Ад рэдакцыі. Калі прааналізаваць усе гэтыя гісторыі, то адразу відавочна акалічнасць, якая іх аб’ядноўвае: усюды фігуруюць грошы. Гэта азначае, што любыя просьбы, заклікі, патрабаванні і прапановы, ЯКІЯ ЗВЯЗАНЫ З ФІНАНСАВЫМІ АПЕРАЦЫЯМІ ў інтэрнэт-прасторы, павінны выклікаць сумненні, калі яны паступаюць ад неафіцыйных устаноў ці асоб. Мы не сцвярджаем, што да вас звярнуліся менавіта махляры, але падстрахавацца і правесці дадатковую праверку праз іншыя сродкі сувязі лішнім не будзе. Асабліва на фоне таго, што статыстыка сведчыць яшчэ толькі пра пачатак махлярскай хвалі, якая прыйшла ў Беларусь.

Калі вы сталі ахвярай махляроў:
— тэрмінова патэлефануйце ў банкаўскі працэсінгавы цэнтр па нумары 8-017-299-25-26 (кругласутачна) і заблакіруйце плацёжную картку або правядзіце тую ж аперацыю праз СМС-,
М- ці інтэрнэт-банкінг;
— звярніцеся ў той банк, які аформіў картку, з просьбай унесці яе ў «стоп-ліст», каб махляры не здолелі якім-небудзь чынам разблакіраваць доступ да вашага карт-рахунка.
Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.