Понедельник, 26 октября 2020

Главное из интервью с начальником Пружанского участка электросвязи: телефонного справочника не будет

903

Многія жыхары Пружанскага раёна з нецярпеннем чакаюць таго часу, калі ў іх дамах правядуць оптавалаконную сетку сувязі. У гэтым выпадку ёсць магчымасць атрымаць не толькі высакахуткасны інтэрнет, але і якасную тэлефонную сувязь з пашыранымі магчымасцямі. Але адмова ад старых медных правадоў і мадэрнізацыя тэлефоннай сеткі практычна заўсёды суправаджаюцца заменай нумароў тэлефонаў. Жыхары раёна не раз цікавіліся, ці плануе РУП «Белтэлекам» выдаваць тэлефонныя даведнікі, як гэта было раней. На гэтае і іншыя пытанні нашай газеце адказвае начальнік Пружанскага ўчастка электрасувязі Бярозаўскага ЗВЭС РУП «Белтэлекам» Аляксандр Амельянчук.


— Сапраўды, за апошнія пяць гадоў, — кажа Аляксандр Дзмітрыевіч, — паэтапна было заменена каля 60% тэлефонных нумароў кватэрнага і грамадскага сектара. У бліжэйшыя некалькі гадоў гэты працэс будзе працягвацца. Наша арганізацыя праводзіць мадэрнізацыю тэлефоннай сеткі не толькі па прычыне замены ліній сувязі: на змену старым тэхналогіям прыходзіць IP-тэлефанія. Цяпер паслугі галасавой тэлефоннай сувязі арганізуюцца з прымяненнем сучасных праграмна-апаратных сродкаў, вельмі падобных на тыя, якія выкарыстоўваюцца для арганізацыі абмену інфармацыяй у сетцы інтэрнэт. За простую размову двух людзей па тэлефоне адказвае дастаткова складаная і разумная праграмная сістэма.
Гэта платформа называецца IMS — мультымедыйная падсістэма на аснове пратакола IP. Абслугоўвае яна ўсю Брэсцкую вобласць. Пераход на гэту сістэму перадачы галасавой інфармацыі дазволіў значна пашырыць якасць сувязі.
— Аляксандр Дзмітрыевіч, а з пераходам на новую тэхналогію магчымасці тэлефоннай сувязі пашырыліся таксама?
— Сёння нашы абаненты могуць арганізаваць аўдыяканферэнцыю — адначасовую тэлефонную размову з удзелам некалькіх абанентаў. І гэта магчымасць з’яўляецца даступнай для звычайных тэлефонных апаратаў. Напрыклад, вы жывяце ў Пружанах, а вашы сваякі раскіданы па ўсёй Беларусі. Вы доўга не можаце сабрацца разам, а вам неабходна абмеркаваць нешта важнае. Аўдыяканферэнцыя дазволіць размаўляць са сваякамі, напрыклад, з Мінска, Кобрына і Оршы адначасова. У арсенале платформы IMS паслугі «Віртуальны нумар», «Мінскі нумар», паслуга льготнай тарыфікацыі ў рамках закрытай групы карыстальнікаў «Віртуальная АТС» і многае іншае.
Калі мы мяняем медныя лініі на оптавалаконныя, мы абавязаны абнавіць і саму тэхналогію галасавых тэлефонных злучэнняў. Пры гэтым тэлефонны апарат застаецца ранейшым, а вось нумар практычна заўсёды мяняецца.
— А ці абавязаны вашы работнікі паведамляць абаненту аб змене нумара тэлефона?
— Аб змене нумароў мы паведамляем абанентам заранёў. Па правілах мы павінны рабіць гэта прыкладна за месяц. Пры гэтым просім абанентаў, каб яны паведамілі аб змяненні нумара тэлефона сваім знаёмым і сваякам.
— Аляксандр Дзмітрыевіч, а ці не прасцей было б выдаць новы тэлефонны даведнік?
— З улікам мадэрнізацыі сеткі і працэсу замены нумароў стала зразумела, што папяровыя тэлефонныя даведнікі адышлі ў мінулае. Патрабаванні па іх выданні былі адменены. Але калі б і не было такога рашэння, то нямногія абаненты захацелі б набыць такі даведнік.
Яго кошт з улікам абаненцкай базы нават для Пружан быў бы нямалым.
Аднак калі б такі даведнік і быў бы выдадзены, то ўжо праз некалькі месяцаў па прычыне змены нумароў страціў бы сваю актуальнасць.
Да ўсяго, апошнім часам сутыкаемся з нараканнямі на тое, што людзям па тэлефонах часта надакучаюць розныя прадаўцы з прапановай набыць тавар або прыняць удзел у якім-небудзь семінары ці акцыі. У гэтай сітуацыі тэлефонныя даведнікі сталі б самым простым бясплатным доступам да інфармацыі аб дзясятках і сотнях тысяч людзей для нядобрасумленных дзялкоў. А значыць, стварылі б для іх яшчэ больш праблем.
— А як усё ж даведацца нумар новага тэлефона таго або іншага абанента?
— Можна скарыстацца платнымі паслугамі кругласутачнай даведачнай службы 109. Тут можна атрымаць звесткі аб нумарах тэлефонаў кватэрнага і грамадскага сектара. Даведачная служба 199 дае бясплатную інфармацыю аб нумарах тэлефонаў аварыйных, даведачных, экстранных службаў, а таксама медыцынскіх устаноў.
Падрыхтаваў Мікола Архуцік.