Среда, 20 октября 2021

Лед крепкий, но таит опасность. Чего стоит опасаться любителям зимней рыбалки?

548

Бягучы год толькі пачаўся, а сумная статыстыка патануўшых зноў папоўнілася: у першы тыдзень студзеня ў Гродзенскім раёне падчас падлёднай рыбалкі патануў 50-гадовы мужчына.
Некалькі марозных дзён паспрыялі ўмацаванню ледзянога покрыва на пружанскіх вадаёмах, у выніку чаго актывізаваліся аматары падлёднага лову і ў нашым раёне. Як расказвае старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на вадзе Ю.М.Амельянчук, таўшчыня лёду з аднаго боку дазваляе без апаскі выходзіць на яго рыбакам, нават групай. Але ж усё роўна ёсць і іншыя прычыны, якія прымушаюць выратавальнікаў трывожыцца.


— І самая галоўная з іх заключаецца ў тым, што не ўсе выконваюць меры перасцярогі,— зазначае Юрый Міхайлавіч. У гэтым мы пераканаліся ўвачавідкі, калі трапілі ў адзін з рэйдаў, якія перыядычна ладзяць прадстаўнікі таварыства сумесна з работнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях.


Гарадское возера заўсёды прыцягвае мноства рыбакоў: вадаём размешчаны літаральна ў крокавай даступнасці ды і мала хто з аматараў падлёднай рыбалкі пакідае яго без улову. У дзень рэйдавання на возеры мы таксама ўбачылі некалькіх рыбакоў, якія сядзелі паасобку або збіраліся ў групы па 2-3 чалавекі. Да кожнага з іх падыходзілі прадстаўнікі выратавальных арганізацый для прафілактычных гутарак. Трэба адзначыць, што практычна ні ў аднаго з мужчын не было сродкаў выратавання, у якія ўваходзіць спецыяльная камізэлька, якая дазваляе ў выпадку трапляння ў ваду трымацца на ёй больш працяглы час, ні вяроўкі, ні нават простага ножыка, з дапамогай якога можна было б выбрацца з палонкі. І амаль усе ў адзін голас сцвярджалі, што зараз гэтыя рэчы незапатрабаваны, бо лёд трывалы.


Але ў далейшай гутарцы некаторыя пагаджаліся, што выпадкі могуць быць розныя. Напрыклад, рыбак з вялікім стажам, якога маладыя напарнікі называлі паважліва Міхалычам, расказаў, як на возеры Сялец ён стаў відавочцам падобнай карціны:
— Кампанія сяброў выразала з дапамогай бензапілы вялікую палонку, адкуль рыбалоўнымі прыладамі выцягвалі рыбу. А потым проста ад’ехалі, пакінуўшы пасля сябе гэта бязладдзе, якое мы потым былі вымушаны пазначаць, накідаўшы зверху галін, каб ні людзі, ні жывёлы не трапілі ў пастку.
Нярэдка трывалае на першы погляд ледзяное покрыва тоіць нябачную небяспеку. Напрыклад, на сажалцы ў раёне ПМС мы пагаварылі з яшчэ адным рыбаком, які прыехаў у Пружаны з Брэста спецыяльна парыбачыць. У абласным цэнтры ўвогуле няма небяспечных вадаёмаў, бо яны ў большасці маюць або вялікую плошчу, а значыць, і падводныя крыніцы, або ў іх прысутнічае плынь, на якой лёд затрымліваецца з цяжкасцю. Аднак і тут ён заўважыў небяспеку, бо з аднаго краю вадаёма лёд пад вагой дарослага мужчыны затрашчаў. Хутчэй за ўсё, гэтак адбылося з-за таго, што на тым участку шмат чароту, вакол якога ледзяное покрыва заўсёды слабейшае.
Такая ж сітуацыя і на сажалцы каля в.Руднікі, на якой дасведчаныя рыбакі ловяць рыбу толькі паблізу ад берага: далей на глыбіні з-за падводных крыніц таўшчыня ле-дзянога покрыва не перавышала 2-3 сантыметры. І гэта пры маразах да -15 градусаў. А калі парыбачыць сюды прыедзе незнаёмы з возерам чалавек?
Праблем ствараюць і рэзкія тэмпературныя перапады, якія негатыўна ўплываюць на трываласць лёду. Небяспеку ўяўляюць і снегапады, якія свежым покрывам хаваюць тыя ўчасткі, дзе лёд стаў тонкім. Часта ствараецца ўражанне, што ўсюды трывалае ледзяное покрыва, аднак пакуль яно не затрашчыць пад нагамі…
Усе рыбакі, з якімі гаварылі ўдзельнікі рэйда, пагадзіліся, што выключаць няштатныя сітуацыі падчас падлёднай рыбалкі нельга: нехта з іх сам пабываў у халоднай вадзе, падчас знаходжання ў якой чалавек праз 5 мінут можа атрымаць абмаражэнне, нехта дапамагаў таварышу выбрацца з палонкі. Работнік РАНС В.В.Ліпко праверыла ў рыбакоў веданне правілаў ратавання і тэлефон службы МНС, а таксама спосабы аказання першай медыцынскай дапамогі пацярпеламу. Трэба адзначыць, што аматары падлёднай лоўлі даволі ўпэўнена адказвалі на пытанні Вольгі Васільеўны. А вось некаторыя з маладых нават не ведалі, што па тэлефоне «101» трэба звяртацца не толькі падчас пажару. Зразумела, як і тое, што ў раёне створаны дзве групы выратавання тых, хто трапіў пад лёд — у часці №1 г.Пружаны і на выратавальным пасту ў г.п.Ружаны.
Падчас рэйда мы не заўважылі на вадаёмах дзятву, але, як падкрэсліў Ю.М.Амельянчук, не варта спадзявацца на тое, што ладзіць гульні на лёдзе малым не дазваляюць бацькі, бо ў час зімніх канікулаў яму даводзілася ганяць дзяцей ад небяспечных сажалак, якія толькі-толькі замерзлі. У нашым раёне былі гісторыі, калі выратавальнікі выцягвалі малалетніх з палонак, добра, што ўсе яны закончыліся ўдачна. І практычна ва ўсіх сітуацыях бацькі пацярпелых нават не ведалі, дзе і чым займаюцца іх дзеці. А на гэта таксама трэба звяртаць увагу, каб не дапусціць трагічных выпадкаў.
Алег Сідарэнка, фота аўтара.