Пятница, 23 октября 2020

И.о. директора ОАО «Родина» Юрий Жмайлик: «Деревню я не предам»

1 022

З галоўным інжынерам ААТ «Радзіма» Юрыем Фёдаравічам Жмайлікам за час маёй працы ў рэдакцыі газеты давялося сустракацца неаднойчы, і заўсёды ён выклікаў захапленне сваёй шчырасцю і прынцыповым стаўленнем да справы.
Юрый Жмайлік нарадзіўся ў вёсцы Лыскава ў 1966 годзе. Бацька працаваў старшынёй мясцовага калгаса, а маці — медыцынскай сястрой у вясковай бальніцы. Акрамя Юрыя, у сям’і Жмайлікаў выхоўваўся яшчэ старэйшы брат Генадзь. Калі хлопчыку споўнілася шэсць гадоў, у сям’ю прыйшла вялікая бяда — не стала бацькі. Усе клопаты па гаспадарцы ляглі на плечы маці, якой дапамагалі сыны. Аднак Юрыю гэта зусім не замінала ў вучобе.


Падчас вучобы ў Лыскаўскай школе яму лепш даваліся дакладныя навукі. Хлопец з задавальненнем чакаў урокаў фізікі і матэматыкі, дзе адкрываў для сябе нешта новае, тое, што спатрэбіцца ў далейшым жыцці.
Калі настаў час вызначацца з будучай прафесіяй, то юнак не вагаўся, цвёрда быў перакананы, што звяжа свой лёс з сельскай гаспадаркай. Так Юрый стаў студэнтам Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. (Дарэчы, прафесію агранома атрымаў і старэйшы брат Генадзь, які некаторы час узначальваў агранамічную службу калгаса «Радзіма»).
Хутка праляцелі гады вучобы ў сталіцы. Малады спецыяліст з дыпломам інжынера вяртаецца на сваю малую радзіму ў Лыскава. Цікава, што ў працоўнай кніжцы Юрыя Жмайліка ўсяго толькі тры запісы, якія зроблены ў адным сельгаспрадпрыемстве. Першы з іх з’явіўся яшчэ ў 1983 годзе, калі юнак летам працаваў механізатарам перад паездкай на вучобу. А пасведчанне механізатара ён набыў яшчэ падчас вучобы ў школе.
Адразу пасля заканчэння інстытута малады спецыяліст у родным калгасе некаторы час працаваў загадчыкам машыннага двара. У студзені 1989 года Юрый Фёдаравіч узначаліў інжынерную службу гаспадаркі. З таго часу непрыкметна праляцела ўжо трыццаць гадоў. Змяняліся кіраўнікі, але галоўны інжынер заставаўся на сваім працоўным месцы.
— Раней было прасцей працаваць у тым плане, што на адзін трактар было два механізатары, — успамінае Юрый Фёдаравіч. — Цяпер жа сітуацыя змянілася, тым больш вырасла колькасць адзінак тэхнікі: у нас налічваецца 25 трактароў, 15 грузавых аўтамабіляў, 8 збожжаўборачных і 4 кормаўборачныя камбайны. Паступае высокапрадукцыйная тэхніка, якая можа замяніць некалькі адзінак ранейшай.
Кіраўніцтва гаспадаркі і інжынерная служба асаблівую ўвагу надаюць абнаўленню машынна-трактарнага парка. Шмат тэхнікі было набыта на працягу 2010-2011 гадоў. Сёлета па лініі прамагралізінгу таварыства набыло 11 адзінак тэхнікі.
Юрый Фёдаравіч разам з жонкай Святланай Мікалаеўнай, якая працуе дыспетчарам у гаспадарцы, пражываюць у Лыскаве ў доме катэджнага тыпу. Раней трымалі ў асабістай гаспадарцы карову. Цяпер засталіся на падворку толькі свінні, куры і сабакі.
Два сыны атрымалі вышэйшую адукацыю і вылецелі з бацькоўскага гнязда. Старэйшы Дзмітрый займае пасаду начальніка аднаго з ЖЭСаў горада Брэста. Малодшы Анатоль — загадчык рамонтных майстэрняў у ААТ «Пружанскае». Падрастае ўнучка, якая радуе бабулю з дзядулем.
Юрый Фёдаравіч вельмі любіць родныя мясціны. Падчас палявання (а ён заўзяты паляўнічы) схадзіў іх уздоўж і ўпоперак. І вельмі ганарыцца, што ў маладосці не паехаў у горад, а застаўся працаваць на роднай зямлі.

P.S.Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што Ю.Ф. Жмайлік цяпер выконвае абавязкі дырэктара ААТ «Радзіма».
— Якія мары дзяцінства Вы ўвасобілі ў жыццё?
— Марыў у дзяцінстве стаць інжынерам, і мара мая збылася. Таму я шчаслівы чалавек.
— Што для Вас галоўнае ў жыцці?
— Сям’я і работа, дабрабыт дзяцей.
— Ці верыце Вы ў канец свету?
— Не веру.
— Які мультфільм падабаўся больш за ўсё ў дзяцінстве?
— «Ну, пачакай!».
— Хто Вы па знаку Задыяка?
— Цялец.
— Што ўзялі б з сабою на незаселены востраў, калі б была такая магчымасць?
— Стрэльбу і запалкі.
— Што Вас выводзіць з сябе?
— Невыкананне даручэнняў падначаленымі.
— Якая музыка падабаецца?
— Спакойная.
— Чым займаецеся ў вольны час?
— Паляваннем.
— Любімая мясціна на зямлі, дзе яна знаходзіцца?
— Гэта вёска Лыскава.
— Любімая свойская жывёла?
— Сабака.
— Што больш падабаецца: зіма ці восень?
— Зіма.
— Сіні колер або чырвоны?
— Чырвоны.
— Якая гістарычная асоба найбольш цікавая для Вас?
— Георгій Жукаў.
— Кніга ці кіно?
— Раней была кніга, а цяпер — кіно.
— Мора або горы?
— Горы.
— Любімы від спорту?
— Футбол.
— Адзінота або кампанія?
— Кампанія.
— Дарыць ці атрымліваць падарункі?
— Дарыць.
— Задавальненне ад працы ці памер зарплаты?
— 50 на 50.
— На што не шкада патраціць грошы?
— На дзяцей, добраўпарадкаванне дома.
— Калі б усё давялося пачаць спачатку?
— Паўтарыў бы свой жыццёвы шлях.
Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)