Среда, 26 июня 2019

Светлай песняй хвалы славяць збаўцу зямлі

330

Божае Нараджэнне — падзея сусветнага маштабу, якая падзяліла час чалавечай гісторыі на дзве эпохі — «да» і «пасля» нараджэння на свет Збавіцеля. Таму і святкаванне з нагоды такой падзеі не абмяжоўваецца адным днём, а працягваецца аж да Вадохрышча.
Дванаццаць асаблівых дзён календара — роўна столькі доўжацца Святкі, святыя вечары, напоўненыя асаблівай радасцю. Гэта дні міласэрнасці, дабрыні і ўсёдаравання, калі людзі, нібы па маўклівай згодзе, свабодна раскрываюць адзін перад адным сэрцы і шчыра спяваюць асаблівыя песні – калядкі.


Калядкі найлепшым чынам апісваюць славу той цудоўнай ночы, падобнай на якую яшчэ не было на зямлі: калі нябёсы схіліліся над зямлёй, калі анёлы сваімі песнямі ўславілі бясконцую любоў Збавіцеля да грэшнага чалавека і калі цуд увайшоў у звычайнае жыццё.
У знак таго, што радасць збаўлення заззяла для ўсяго сусвету, звычайна калядкі гучаць не ў храмах, не ў сінагогах, не ў дамах малітвы, а пад адкрытым небам, ажыўляючы ўсё вакол і абуджаючы ў душы кожнага чалавека спачуванне і любоў.
«Радуйся, ой, радуйся, зямля!» — радасна паўтараюць за анёльскім хорам і выхаванцы нядзельнай школы пры Свята-Мікольскім храме г.Пружаны, якія разам з «вешчунамі» пад «Віфлеемскай зоркай» нясуць у пружанскія дамы радасную навіну пра найвялікшую падзею ў сусветнай гісторыі — Нараджэнне Хрыстова.
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.