Среда, 20 марта 2019

Благодаря интеллектуальному турниру «Ў» у центра коррекции появилась своя акустическая система

561

Яшчэ ў лістападзе ў інтэлектуальнага турніру “Ў” была толькі ідэя, нават назвы не было! А ўжо ў адну з нядзель снежня ў актавай зале СШ №4 сабралася 13 каманд. Каб дапамагчы зрабіць падарунак наведвальнікам Пружанскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, акрамя мясцовых, на турнір прыехалі каманды з Брэста, Бярозы і Белаазёрска!


За месяц падрыхтоўкі турнір “Ў” сабраў вакол сябе мноства неабыякавых людзей. Бясплатна на турніры працаваў фатограф Сяргей Кавальчук, яго жонка Святлана забяспечыла падарункамі ад кампаніі “Oriflame”, спонсарам выступіў і магазін прысмакаў “Карамелька”, а спявак Юрый Ліпіч радаваў сваёй творчасцю падчас перапынкаў. Дзясяткі людзей дапамагалі парадамі, рэкламавалі мерапрыемства і рабілі многае іншае, каб турнір адбыўся.


Як і было запланавана, турнір складаўся з дзвюх частак: пытанняў “Сваёй гульні” і “Што? Дзе? Калі?”. Усе пытанні для першай часткі напісаў мясцовы знаўца Андрэй Смоляр, ён жа выступіў у ролі вядучага. Трэба адзначыць, што менавіта яго пытанні спадабаліся ўдзельнікам турніру: кожны знайшоў “сваю” тэму ў прапанаваных дванаццаці. А вось пытанні, якія прапанаваў член клуба “Што? Дзе? Калі?” Іван Топчый, аказаліся куды складанейшымі для большасці каманд. Але толькі не для брэсцкай каманды “Бидоны”, якая адказала на 23 з 24 прапанаваных.

Нядрэнна праявілі сябе і пружанскія гульцы каманды “Лень тюленя” (17 з 24). Такім чынам, “Бидоны” размясціліся ўверсе турнірнай табліцы і забралі з сабой у Брэст не толькі падарункі ад спонсара, але і прыгожую карціну ад цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Другой па суме двух тураў стала каманда “Лень тюленя”, а трэцяе месца занялі госці з Белаазёрска — каманда “Молния”.

Яшчэ адна ўзнагарода — прыз за капітанскі конкурс — паехала разам з капітанам каманды “От винта” Сняжанай Кларэнбах. А вось прыз за самы смешны, але няправільны адказ (лімон!) давялося з’есці капітану каманды “Крепкий орешек” Раману Тарасюку.


Падчас турніру было сабрана 360 рублёў, якія пайшлі на пакупку бесправадной акустычнай сістэмы для цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.

Але не толькі гэта сведчыць аб тым, што мерапрыемства атрымалася. Галоўнае, што ў канцы вечара многія ўдзельнікі задавалі пытанне: а калі турнір “Ў” збярэ ўсіх у наступны раз? І, як неаднаразова нагадваў вядучы: “Памятайце: “Ў” — не літара, а дапамога!”
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Кавальчука і Сяргея Талашкевіча.