Среда, 20 марта 2019

Помочь каждому. Территориальному центру социального обслуживания населения — 15 лет!

318

15 гадоў таму рашэннем райвыканкама быў створаны раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сем’яў і дзяцей, грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Новая ўстанова складалася з аддзяленняў першаснага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання, сацыяльна-эканамічнай дапамогі, рэабілітацыі і надомнай сацыяльнай дапамогі. За мінулыя гады цэнтр прайшоў пэўныя стадыі развіцця, «вырас» не толькі арганізацыйна, але і па колькасці аказваемых паслуг. Напярэдадні прафесійнага свята сацыяльных работнікаў пра сучасныя задачы тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва мы пагаварылі з яго дырэктарам Н.Г.Педчанка.


— Наш галоўны абавязак — дайсці да кожнага адзінокага пажылога чалавека, інваліда, шматдзетнай сям’і, іншых сацыяльна не абароненых катэгорый грамадзян, якім патрэбна дапамога,— расказвае Нэлі Георгіеўна.— А нас чакае больш за 6 тысяч пенсіянераў, каля 700 шматдзетных сем’яў і амаль 2 тысячы інвалідаў. Работнікамі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму абслугоўваюцца 357 чалавек.
— Сёння большая частка састарэлых, якім патрэбна сацыяльная падтрымка, жыве ў аддаленых вёсках. Якім чынам ваша дапамога даходзіць да гэтых людзей?
— Сапраўды, у маланаселеных вёсках адзінокім пенсіянерам праблематычна знайсці сацыяльнага памочніка. Такім людзям лепш за ўсё дапамагаюць у доме-інтэрнаце і на абслугоўванні на сацыяльных ложках. Туды толькі на працягу 2018 года былі аформлены 22 чалавекі. Але не ўсе пажылыя жадаюць пакідаць родную хату, што мы таксама ўлічваем. Менавіта таму пры цэнтры створана 8 выязных мабільных брыгад, якія наведваюць 65 населеных пунктаў раёна. Пажылых грамадзян аглядае ўрач, каму патрэбна, нашы работнікі набываюць лекі, аказваюць гуманітарную і кансультацыйную дапамогу, напрыклад, па пытаннях пенсіённага забеспячэння, атрымання льгот і гарантый, праводзяць прафілактычныя гутаркі аб бяспецы жыццядзейнасці. Летась падобнымі паслугамі скарысталася больш за 600 чалавек.
— Што ўваходзіць у спіс сацыяльных паслуг, якія аказвае цэнтр?
— Пажылым людзям патрэбны як пастаянныя, так і разавыя сацыяльна-бытавыя паслугі, у тым ліку рамонт швейных вырабаў, абкошванне прысядзібнай тэрыторыі, цырульныя паслугі. Летась такіх паслуг аказана звьш за 2,5 тысячы. Попытам карыстаецца і ўведзенае ў нас «Сацыяльнае таксі», якое перавезла за год 250 чалавек. Паслугі сядзелкі атрымлівалі 17 пажылых грамадзян, паслугі нянькі — 6 шматдзетных сем’яў, у якіх двое дзяцей нарадзіліся адначасова, і 1 сям’я, якая выхоўвае дзіця-інваліда.


У цэнтры арганізаваны пункт пракату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, асартымент якога фарміруецца пры падтрымцы Брэсцкага філіяла пратэзна-артапедычнага цэнтра. Тыя, хто не можа дабрацца да райцэнтра, маюць магчымасць скарыстацца такой паслугай падчас выязных прыёмаў інвалідаў. У выніку ў 2018 годзе сродкі рэабілітацыі атрымалі 97 інвалідаў. Нельга прамінуць і гуманітарную дзейнасць цэнтра: адпаведную дапамогу летась мы аказалі 400 грамадзянам.
Часта чалавеку патрэбна не толькі матэрыяльная дапамога, але і падтрымка словам…
— Такую падтрымку аказвае аддзяленне сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і суправаджаемага пражывання, работнікамі якога праведзена больш за паўтысячы псіхалагічных кансультацый з праблемнымі сем’ямі і грамадзянамі. На базе аддзялення арганізавана дзейнасць 6 клубаў па інтарэсах, у тым ліку ў г.п.Ружаны і г.п.Шарашэва. З 2017 года цэнтрам аказваюцца паслугі суправаджаемага пражывання для дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, а таксама паслугі асістэнта для адзінокіх інва-лідаў з псіхічнымі захворваннямі.
Для пацярпелых ад хатняга насілля створаны матэрыяльна-бытавыя ўмовы ў «крызісным пакоі», у якім летась пэўны перыяд жылі тры чалавекі.
Паралельна імкнёмся вырашаць праблемы маладых інва-лідаў, дакладней, пытанняў іх занятасці і арганізацыі вольнага часу, на што накіравана дзейнасць аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, якое наведваюць 22 чалавекі: там працуе 7 гурткоў па інтарэсах, арганізавана праца ў 3 працоўных майстэрнях — паліграфічнай, швейнай і майстэрні «Цуды цяплічныя».
Увага надаецца і арганізацыі вольнага часу людзей на заслужаным адпачынку, у якіх досыць сіл, энергіі, ідэй: у 2016 годзе было адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання для грама-дзян пажылога ўзросту, якое паспяхова функцыянуе. У цяперашні час яго наведвае 117 чалавек. На базе аддзялення працуе 14 гурткоў і клубаў па інтарэсах. Найбольшым попытам карыстаюцца аб’яднанні па вывучэнні італьянскай мовы, навучанні камп’ютарнай «азбуцы», рукадзеллі, заняткі ў трэнажорнай зале, скандынаўскай хадзьбой і фізкультурай. Актыўныя пенсіянеры з задавальненнем удзельнічаюць у пазнавальных мерапрыемствах, наведваюць лекцыі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, вучацца весці здаровы лад жыцця. За такую арганізацыю вольнага часу ад людзей «залатога ўзросту» мы атрымліваем шмат слоў падзякі.
— Нэлі Георгіеўна, зразумела, што падобная дзейнасць патрабуе нямала грашовых сродкаў. Ці хапае дзяржаўнага фінансавання?
— Трэба адзначыць, што, пачынаючы з 2011 года, тэрытарыяльным цэнтрам рэалізавана сем сацыяльных праектаў і дзве мясцовыя ініцыятывы пры падтрымцы ГА «Чырвоны Крыж», МБГА «Сафія», Германскага фонду «Памяць, адказнасць і будучыня» і МГА «Паразуменне», а таксама ў рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС-ПРААН.
Для рэалізацыі сацыяльных праграм мы атрымліваем бю-джэтнае фінансаванне ў поўным аб’ёме. Але планы часта даводзіцца мяняць з-за змянення рэалій, таму тэрытарыяльны цэнтр праводзіць работу і па прыцягненні фінансавых сродкаў з іншых крыніц. Мы імкнёмся ісці ў нагу з часам і актыўна ўдзельнічаем у конкурсах сацыяльных праектаў. Так у 2016-2018 гадах рэалізоўваўся праект «Жыццё» пры падтрымцы МГА «Паразуменне» на суму 6 600 долараў, мясцовыя ініцыятывы «У нагу з часам», «Школа прыгажосці і здароўя. 7 крокаў да амаладжэння» пры падтрымцы ЕС/ПРААН на суму 19 000 долараў. Рэалізацыя дадзеных праектаў дазволіла разнастаіць жыццё пажылых грамадзян, палепшыць матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне сацыяльнай установы.
Вядома, дзейнасць цэнтра не была б такой эфектыўнай без супрацоўніцтва з сельвыканкамамі, дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі, фундатарамі, якім мы шчыра дзякуем за адпаведную падтрымку. Толькі сумеснымі намаганнямі можна якасна аказваць дапамогу тым катэгорыям грамадзян, якім яна неабходна.
Відавочна, што задумак хапае, неабходна толькі энергія і жаданне іх рэалізаваць. А ў нашых работнікаў хапае і аднаго, і другога. Зычу толькі паболей здароўя ўсім сацыяльным работнікам, цярплівасці і добрага настрою. Віншую ўсіх з Новым годам, Нараджэннем Хрыстовым і прафесійным святам!
На здымках: дырэктар Н.Г. Педчанка з загадчыцамі аддзяленняў цэнтра В.Г. Сахарук, Н.А. Чарэшка і А.С. Бартасевіч; вадзіцель сацыяльнага таксі А.А. Несцяровіч і спецыяліст па сацыяьнай рабоце. В.С. Грышкевіч

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).