Воскресенье, 20 января 2019

В Пружанах прошел традиционный парад Дедов Морозов

473

— Мама, тата, бабуля, дык хто з вас мне ўсё ж такі падкажа, дзе тут сапраўдны Дзед Мароз? — маленькае дзіця, якое стаяла побач, не на жарт расхвалявалася, гледзячы на шматлікіх Дзедаў Марозаў і Снягурак, якія сабраліся каля музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.

— Усе яны сапраўдныя! Ты толькі падумай: які год наступае? Правільна — 2019-ты! А гэта значыць, што за такі перыяд на свет нарадзіліся тысячы Зімаў, Марозаў і Снягурак! Добра, што хоць невялікая частка іх вялікай “марознай” сям’і завітала да нас, — нарэшце супакоіла разгубленага ўнука кемлівая бабуля…

У мінулую нядзелю ў Пружанах прайшоў традыцыйны парад Дзедаў Марозаў.


Амаль тры дзясяткі пар галоўных герояў Зімы-матулі з усіх гарадскіх адукацыйных, культурных і спартыўных устаноў, а таксама клубаў раёна сабраліся са сваімі казачнымі світамі каля галоўнай “рэзідэнцыі” пружанскага Дзеда Мароза, каб развітацца са Старым годам, годам Жоўтага Сабакі. А значыць, сезон новых чароўных святаў, якія шчодрай рукой адсыплюць людзям усёй зямлі дабро, радасць і веру ў цуд, быў адкрыты.


Публіка трыумфавала! І з задавальненнем выконваючы загад галоўных ахоўнікаў “рэзідэнцыі” — двух пухнатых “сабачак”, прысутныя разам з “дзядулямі і ўнучкамі” сталі ў велізарны карагод і пачалі дружна спяваць, танцаваць і гуляць у “Навагодні паравозік”.
А калі настаў час, пад вядомую ўсім песню “В лесу родилась елочка” ўсе героі масавай імпрэзы ўрачыста пакрочылі да галоўнай гарадской ёлкі. Па вуліцы Савецкай маршыравалі дружныя лясныя насельнікі

— Лосі, Зайцы, Вавёркі і Ваўкі на чале з Бабкамі Ёжкамі. Размахваючы яркімі спадніцамі, прытанцоўвалі цыганкі, каціліся Снегавічкі і навыперадкі беглі жоўтыя Пеўнікі…


На чале параднага касцюміраванага картэжу ішоў пружанскі духавы аркестр пад кіраўніцтвам Сяргея Більшэвіча. Звонкія гукі фанфар надавалі шэсцю яшчэ больш урачыстасці. А шматлікія сэлфі, якія на працягу ўсяго маршруту па традыцыі рабілі пружанцы, сведчылі аб тым, што падобнае свята людзям падабаецца і яны гатовыя ісці да галоўнай ёлкі ў любую непагадзь…

На плошчы для ўдзельнікаў парада і шматлікіх гледачоў была падрыхтавана асноўная святочная праграма з карагодамі і песнямі, конкурсамі і забавамі. А самае галоўнае — усіх чакала галоўная ёлка, якую яшчэ патрэбна было “запаліць”. І людзям удалося гэта зрабіць: усе весяліліся, гулялі, танцавалі і проста радаваліся жыццю — у надзеі, што адыходзячы год забярэ ўсё дрэннае з сабой.


Знайшліся смельчакі, якія па запрашэнні галоўнага Дзеда Мароза выйшлі на сцэну і рызыкнулі сыграць на губным гармоніку песні на навагоднюю тэматыку.

А гледачы гадалі, якая песня гучала, і хорам яе выконвалі. Значна больш было ахвочых распавесці Дзеду Марозу пра свае мары. Людзі напісалі іх на чароўных сняжынках, а потым адправілі ў неба з чароўным ліхтарыкам.


Свае ліхтарыкі “запалілі” на свяце і юныя таленты. На працягу ўсяго свята навагодні настрой дарылі прысутным салісты ўзорнай эстраднай студыі “Меладзін”.


Яркім момантам святочнай праграмы стала ўрачыстае ўзнагароджанне ўдзельнікаў раённага конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Навагодні сувенір” — майстроў з Аранчыцкага Дома фальклору, Шарашоўскага Цэнтра культуры і вольнага часу, Хараўскога, Калазубскага, Сухопальскага, Роўбіцкага, Навазасімавіцкага, Мураўскага і іншых сельскіх Дамоў культуры. Пераможцамі конкурсу сталі рукадзельніцы і майстры з Навасёлкаўскага і Кляпацкага СДК, а таксама работнікі гарадскога Палаца культуры.


Фінальным акордам парада стаў вялікі дружны карагод, які зладзілі вакол ёлкі ўсе жадаючыя. І лясная прыгажуня нарэшце заззяла рознымі агеньчыкамі на радасць дзецям.

— Няхай Новы, 2019-ы, год Жоўтай Свінні, прынясе нам толькі дабро і радасць. Ну, а калі “свінства”, то толькі казачнае, — жартавалі людзі.


Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.