Среда, 20 марта 2019

Руслан Атулян: «Труд аграриев заслуживает глубокого уважения»

234

Руслан Атулян, галоўны аграном ААТ «Ружаны-Агра», сельскагаспадарчую спецыяльнасць выбіраў свядома: перад вачыма быў прыклад бацькоў, якія ўсё жыццё працавалі на зямлі, ды і сам вырас у вёсцы — яна і навучыла паважліва ставіцца да працы аграрыяў.

Руслан нарадзіўся ў вёсцы Юндзілы, што непадалёку ад Ружан. Атрымаўшы школьны атэстат, ён без ваганняў вырашыў паступаць у Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. І вось у мінулым годзе хлопец вярнуўся на сваю малую радзіму дыпламаваным спецыялістам. Падтрымку ад ААТ «Ружаны-Агра», па накіраванні якога вучыўся, адчуваў яшчэ будучы студэнтам: штомесяц атрымліваў ад гаспадаркі дадатковую стыпендыю.

Да слова, працоўную дзейнасць у таварыстве Руслан Атулян пачаў аграномам па абароне раслін.

— Падманваць не буду, першы час было нялёгка, — прызнаецца малады чалавек. — Але ў калектыве мяне падтрымалі і дапамаглі разабрацца ў тым, пра што былі толькі тэарэтычныя веды. Таму і адаптацыя да новага для мяне статуса — работніка — прайшла хутка і незаўважна.

Часу, як кажуць, на разважанні маладому спецыялісту не было і па іншай прычыне. Да работы дыпламаваны спецыяліст прыступіў якраз тады, калі пачалася пасяўная кампанія: трэба было граматна працаваць, не прапусціць тэрміны сяўбы, захаваць тэхналогію, не парушыць тэхніку бяспекі.

А неўзабаве Руслана назначылі на пасаду галоўнага агранома. Нягледзячы на тое, што маладому спецыялісту аказалі такі давер, ён лічыць, што чалавеку любога ўзросту, на любой пасадзе і з любым вопытам ніколі не пашкодзяць дадатковыя веды, удасканаленне.

Сёння Руслан упэўнена апелюе лічбамі і вытворчымі паказчыкамі, якія тычацца гаспадаркі, граматна разважае пра сельскагаспадарчыя працэсы.

— Проста ў мяне даволі граматныя настаўнікі, якія не шкадуюць уласных практычных ведаў, назапашаных за гады працы на зямлі, — тлумачыць ён. — Ды і я, у сваю чаргу, не грэбую новымі ведамі: вывучаю шмат дадатковай літаратуры і кансультуюся з выкладчыкамі з аграрнага ўніверсітэта.

Марына Вакульская, фота Сяргея Талашкевіча