Воскресенье, 20 января 2019

Молодым везде у нас дорога: Пружанщина, встречай и тепло принимай новых специалистов!

434

Не парушаючы шматгадовай традыцыі, кіраўніцтва раёна правяло сустрэчу з маладымі спецыялістамі, якія сёлета прыехалі на Пружаншчыну.


На здымку: урач-лабарант Пружанскага РЦГіЭ Максім Бародка, заатэхнік-селекцыянер ААТ «Ружаны-Агра» Вікторыя Талецкая, загадчык лабараторыі ААТ «Айчына» Сяргей Аскерка і настаўніца хіміі СШ №4 Ірына Сунік.

Штогод на работу ў раён прыязджае больш за дзве сотні маладых спецыялістаў. У прыватнасці, у гэтым годзе першыя працоўныя месцы знайшло каля 250 чалавек, з якіх 80 маюць вышэйшую адукацыю, больш за 110 — сярэднюю спецыяльную, астатнія — выпускнікі прафесійна-тэхнічных устаноў і ліцэяў. Найбольш з іх — каля 120 чалавек — спецыялісты аграпрамысловага комплексу.

Першым павітаў моладзь старшыня райвыканкама М.М. Крэйдзіч. Як звярнуў увагу аўдыторыі Міхаіл Мікалаевіч, прафесійнаму станаўленню і духоўнаму развіццю маладога пакалення сёння ўдзяляецца асаблівая ўвага. Разам з тым, маладым спецыялістам на дзяржаўным узроўні гарантавана пэўная сацыяльная падтрымка. «Многае залежыць ад таго, як вас прынялі на першым працоўным месцы, — зазначыў кіраўнік раёна. — Але поспех, у першую чаргу, дасягаецца, дзякуючы адносінам да работы». 

Сёння ў раёне функцыянуе больш за дзясятак галіновых прафсаюзных арганізацый. Самая шматлікая з іх — прафсаюз работнікаў АПК. І.І.Ярома, які ўзначальвае яго, расказаў пра асноўныя накірункі работы гэтай арганізацыі: якім чынам ажыццяўляецца прававая дапамога работнікам, на якія дадатковыя выплаты могуць разлічваць маладыя аграрыі, якое матэрыяльнае стымуляванне для іх прадугледжана, якое фізкультурна-аздараўленчае і культурнае жыццё для іх ладзіцца.

Начальнік юрыдычнага аддзела райвыканкама М.М.Агапава больш падрабязна спынілася на сацыяльнай абароне работнікаў, дапамагла разабрацца ў паняццях: хто такі малады спецыяліст, што такое пераразмеркаванне. Змяненне ўмоў працы для маладога спецыяліста, забеспячэнне жыллём, павышэнне  тарыфных ставак і службовых акладаў — вось тое невялікае кола пытанняў, якія былі абмеркаваны. «Калі вы лічыце, што вашы правы парушаны, можаце звярнуцца па дапамогу ў прафсаюзную арганізацыю, інспекцыю працы ці суд», — параіла Марына Міхайлаўна.

У тых, хто атрымаў работу не па месцы жыхарства бацькоў, паўстае пытанне даху над галавой. Таму невыпадкова начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама А.В.Бушук засяродзіў увагу на парадку выдзялення жылля з камерцыйнага жылфонду. Да слова, інфармацыя пра такое жыллё штомесяц абнаўляецца і яе можна знайсці на старонцы Пружанскага райвыканкама на сайце Брэсцкага аблвыканкама. Варта адзначыць, маладыя спецыялісты адносяцца да катэгорыі тых, каму ў першую чаргу дадзена права атрымання камерцыйнага жылля, прычым з паніжаючым каэфіцыентам аплаты за яго. Напрыклад, арэнда кватэры ў 45 квадратных метраў абыдзецца ў 4 рублі 50 капеек.

Акрамя таго, маладыя людзі даведаліся ад спецыялістаў пра льготнае крэдытаванне і страхавую абарону, якімі яны могуць скарыстацца.

Зразумела, не ўсё атрымліваецца адразу, але, калі ёсць жаданне і імкненне ўдасканальвацца ў сваёй справе, адчуваецца дапамога больш вопытных калег, тады поспех прыйдзе абавязкова. У гэтым запэўнілі тыя, у каго ўжо ёсць пэўныя поспехі — Руслан Атулян і Ірына Сунік. Яны прыступілі да работы летась і ўжо змаглі падзяліцца з сваімі ўражаннямі ад самастойных працоўных будняў.

А нотку ўрачыстасці мерапрыемству надалі выступленні пружанскіх самадзейных артыстаў: Юліі Усік, Ірыны Курусь, Кацярыны Бусько, Паліны Жукоўскай, Ганны Гаранінай, Валерыі Пудоўкінай і Арыны Памолавай.

Марына Вакульская, фота Сяргея Талашкевіча