Понедельник, 24 июня 2019

Исторический авангард Щерчовского УПК: «Любую информацию семь раз проверь!»

294

Шчарчоўская школа заўсёды славілася сваімі моцнымі гістарычнымі традыцыямі. Сёння іх падтрымліваюць і прымнажаюць адораныя вучні на чале з маладым настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства Дзянісам Уладзіміравічам Цямчыкам.

— Выпускнік Брэсцкага ўверсітэта імя Пушкіна, сам родам з Драгічынскага раёна, прыехаў да нас толькі на адпрацоўку. Спачатку не на жарт перапалоханы вялікім аб’ёмам папяровай працы, юнак пачаў сумнявацца ў сваім педагагічным патэнцыяле. Але пагутарыўшы з нашымі дзецьмі, стаў усё часцей заяўляць пра тое, што разлічвае затрымацца ў нашай школе. І мы гэтаму вельмі рады! Дзяніс Уладзіміравіч вельмі таленавіты, актыўны і артыстычны малады чалавек, якому, дарэчы, акрамя ўрокаў, даверылі весці і тэатральны гурток. І з усім ён спраўляецца на «ўра», — вельмі цёпла гаворыць пра маладога спецыяліста дырэктар Шчарчоўскага ВПК Л.А. Чарнак.

Ды і выхаванцы ў Дзяніса Уладзіміравіча, трэба сказаць, яго вартыя. Возьмем, да прыкладу, вучня 11 класа Івана Гадуйку, які два гады запар станавіўся пераможцам раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. Яго развагі пра гістарычную навуку, безумоўна, заслугоўваюць увагі.

— Прызнацца, мяне не ўсё задавальняе ў сучасных падручніках. Асабліва аб’ектыўнасць падачы матэрыялу. Бянтэжыць і тэндэнцыйны падыход у выкладанні некаторых тэм, — заяўляе школьнік. — Параўноўваючы падручнікі з энцыклапедычнымі крыніцамі, на жаль, часта знаходжу супярэчнасці і пачынаю аналізаваць: чаму? Чаму прадстаўнікі розных гістарычных школ глядзяць на адну і тую ж падзею пад рознымі вугламі?

— Іван вельмі кемлівы хлопец з грунтоўнымі ведамі, — падтрымлівае вучня Дзяніс Цямчык. — Ён перавярнуў сур’ёзны пласт гістарычных крыніц. З Іванам можна пагутарыць і, што самае галоўнае, паспрачацца. Ён свабодна выказвае і адстойвае свой пункт гледжання. Лёгка знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі гістарычных падзей і спрабуе іх спраектаваць на сучаснасць.

— Проста мне шанцуе на настаўнікаў, — кажа Іван. — Да таго ж, і мой бацька захапляецца гісторыяй. Памятаю, неяк я атрымаў сямёрку па гісторыі за чвэрць, дык тата прыклаў усе намаганні, каб мяне матываваць. У далейшым я стаў атрымліваць толькі дзявяткі.

Адметна, што сумесна з папярэднім настаўнікам юнак напісаў вельмі цікавы праект “Старонкі гісторыі вайны 1812 года”, дзе праявіў усю сваю незвычайную эрудыцыю.

— Айчынная вайна — вельмі смутны перыяд у нашай гісторыі, — кажа юны аўтар. — Таму лічу, што не варта ідэалізаваць арміі, кіраўнікоў і палкаводцаў. Большасць дваран падтрымалі Напалеона, які абяцаў ім аднавіць Рэч Паспалітую, хтосьці стаў на бок царскага войска. А простыя сяляне пацярпелі ад абедзвюх армій больш за ўсіх. Трэба заўсёды думаць аб простым чалавеку і любую інфармацыю скрупулёзна аналізаваць.

Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча