Воскресенье, 20 января 2019

Каледж адсвяткаваў 65-годдзе

395

У мінулую пятніцу ў актавай зале Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае 65-годдзю з дня заснавання гэтай навучальнай установы.Было гэта ў далёкім цяпер ужо 1953 годзе. Тады Савет Міністраў БССР прыняў Пастанову №895, у якой утрымлівалася просьба да Савета Міністраў СССР аб адкрыцці ў Брэсцкай вобласці Пружанскага тэхнікума механізацыі сельскай гаспадаркі з кантынгентам набору ў 120 чалавек на базе жылых і вытворчых збудаванняў вайсковай часці 2222. 4 верасня 1953 года Савет Міністраў СССР сваім Загадам гэту просьбу задаволіў. З 6 верасня 1953 года да выканання сваіх службовых абавязкаў прыступіў першы дырэктар тэхнікума М.С.Сянчук. Першы выпуск спецыялістаў адбыўся ў 1957 годзе.


Першага дырэктара М.С.Сенчука ў 1963 годзе змяніў на пасадзе І.А.Касцоў, які кіраваў тэхнікумам да 1968 года. У 1968-1970 гадах дырэктарам быў В.І.Борыс. У снежні 1970 года яго змяніў С.Ф.Ушакоў. На працягу 1982-2010 гадоў навучальную ўстанову ўзначальваў У.М.Тур. З 2010 года дырэктарам аграрна-тэхнічнага каледжа працуе С.М.Козел.
У ліпені 1974 года быў адкрыты для наведвальнікаў першы музей саўгаса-тэхнікума. Праз пяць гадоў музею было прысвоена званне «народны». Пад кіраўніцтвам М.А.Шульмана тут былі сабраны ўнікальныя экспанаты.
Каледж мае багатыя спартыўныя традыцыі і дасягненні. За 65 гадоў дзейнасці навучальная ўстанова падрыхтавала каля 25 тысяч спецыялістаў. Цяпер на трох аддзяленнях стацыянара тут навучаецца 730 навучэнцаў.
Пра гэта гаварылі ў сваіх выступленнях былы дырэктар У.М.Тур і цяперашні — С.М.Козел. С.М.Козелу ўручылі хлебны каравай, а група навучэнцаў раздала каравайныя булачкі гледачам у зале пад песню «Хлеб ды соль».
На сцэну ўзняўся першы намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама А.Ф.Жук, які павіншаваў прысутных з юбілеем каледжа і ўручыў граматы цэлай групе яго супрацоўнікаў. Былі таксама граматы і словы падзякі ад першага намесніка старшыні Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама С.К.Буткевіча, старшыні раённага Савета дэпутатаў М.П.Кудраўца і начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.Х. Лапыка.
Не засталіся ў баку ад такой падзеі прафсаюзы і раённы аграпрамысловы саюз. Свае пажаданні і віншаванні выкладчыкам і навучэнцам каледжа выказалі намеснік старшыні абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Я.М.Мартынюк, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу І.І.Ярома, старшыня раённага агра-прамысловага саюза П.М.Білецкі, якія ўручылі граматы лепшым выкладчыкам і навучэнцам.
Цёпла віталі прысутныя ў зале выступленне выпуск-ніка каледжа, а цяпер начальніка галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Л.Л.Палішчука.
Ад імя выпускнікоў са словамі віншавання таксама звярнуліся былы старшыня райвыканкама С.В.Тарасевіч, дырэктар ААТ «Жураўлінае» Д.М. Якутчык, вучоны сакратар абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.М.Чырко, начальнік аддзела энергетыкі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання А.С. Мацвяйчук.
На свята былі запрошаны таксама шаноўныя госці. На сцэну ўзнімаліся прадстаўнікі Пінскіх аграрна-тэхнічнага і аграрна-тэхналагічнага каледжаў, Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа, Стрыйскага каледжа Львоўскага нацыянальнага аграрнага ўніверсітэта. А музычныя нумары дарылі прысутным навучэнцы беларускага ліцэя з польскага горада Гайнаўка.
Шчырымі апладысментамі віталі ўдзячныя гледачы выступленні артыстаў гуртоў «2+2», «Раднікі», «Землякі» гарадскога Палаца культуры.
Здаецца, у гэты снежаньскі вечар ніхто не застаўся без узнагарод. Наперадзе каледж чакаюць новыя дасягненні, а значыць, будуць новыя знамянальныя даты і сустрэчы, паколькі тут ствараецца наша будучыня.
Мікола Архуцік, Сяргей Талашкевіч (фота).