Среда, 26 июня 2019

Безопасный Новый год, или Как работники МЧС для детишек праздник устроили

255

Сапраўднае свята дзяцінства наладзілі супрацоўнікі МНС у мінулую нядзелю на пляцоўцы каля Лядовага палаца і ў самім будынку.

У рамках акцыі «Бяспечны Новы год» у гэты дзень тут прайшлі забаўляльныя мерапрыемствы, падтрымку ў арганізацыі якіх райаддзелу па надзвычайных сітуацыях аказалі камбінат кааператыўнай прамысловасці, ААТ «Велікасельскае Агра», «Пружанскі кансервавы завод», СТАА «Данон Пружаны», мастацкая майстэрня «КІТ».

Конкурсы на кемлівасць, хуткасць і творчасць… На кожны літаральна выстройваліся чэргі з жадаючых паўдзельнічаць. Напрыклад, хто хутчэй і правільна надзене спецыяльную амуніцыю, адгадае зашыфраванае слова ці намалюе самую бяспечную ёлку.

І пераможцам конкурсаў, і проста ўдзельнікам члены раённага падраздзялення «Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя выратавальнікаў-пажарных» уручалі памятныя сувеніры і салодкія падарункі.

Побач былі арганізаваны выставы вырабаў і цікавай літаратуры для дзяцей на пажарную тэматыку. Была магчымасць сфатаграфавацца з роставымі лялькамі і нават пажарным Дзедам Марозам.


А на вуліцы работнікі МНС разгарнулі палявую кухню і частавалі гасцей мерапрыемства смачнай кашай. У «нялётнае» надвор’е побач спецыяльна была разгорнута спецыялізаваная палатка, дзе ў цяпле можна было схавацца ад пранізлівага ветру і снегу. І трэба адзначыць, што жадаючых паласавацца кашай хапала: як потым падлічылі раздатчыкі, было выдадзена 470 порцый кашы і 125 літраў гарачага чаю.

Кульмінацыяй свята стаў хакейны матч, які ў рамках спаборніцтваў «Белавежская пушча» прайшоў на лядовай арэне. У баталіі за званне лепшай каманды змагаліся хакеісты з «Пружанскіх кітоў» і госці з Мінска «101». Старт матчу далі намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч і першы намеснік начальніка Брэсцкага кіравання МНС А.І.Сычоў. Руслан Васільевіч перадаў капітану сталічных спартсменаў Ігару Зарэмбу пружанскі каравай і пажадаў усім удзельнікам спаборніцтваў удачы.


Хакейная сустрэча літаральна з першых хвілін захапіла гледачоў сваёй напружанасцю. Пружанцы ўзялі энергічны старт, які праз некалькі мінут прынёс вынік: Сяргей Варанцоў адкрыў лік. Увогуле за першыя пяць мінут першага тайма шайба двойчы пабывала ў варотах саперніка. Але ж захаваць такі тэмп «Пружанскім кітам» надоўга не ўдалося. Перад перапынкам госці змаглі зраўняць лік. А канчатковы вынік сустрэчы аказаўся 6:4 на карысць каманды мінчан.


У перапынках паміж таймамі настрой гасцям падымалі салісты гарадскога Палаца культуры і выхаванцы аддзялення фігурнага катання ДЮСШ №2.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).