Воскресенье, 20 января 2019

Мы познакомились с «моржом», который купается на Пружанском озере. Не желаете присоединиться?

679

У Фінляндыі іх называюць «выдрамі» і «нерпамі», у Паўночнай Амерыцы — «белымі мядзведзямі», у Латвіі — «цюленямі». У нас за аматарамі гэтага захаплення замацавалася назва «маржы». Праўда, у Беларусі маржаванне распаўсюджана не так шырока, як, напрыклад, у суседняй Расіі. Тым не менш, аднаго «маржа» давялося сустрэць і на нашым гарадскім возеры.


Ураджэнец Пружан Аляксандр Штык перакананы: у жыцці абавязкова павінна быць месца для спорту. У гэтым плане прыкладам для яго быў бацька. Чалавек ваенны, ён заўсёды быў аматарам напружаных спартыўных трэніровак (да слова, займаўся класічнай барацьбой) і маржавання, якім займаўся з вялікім задавальненнем.
Аляксандр ніколі не быў супраць здаровага ладу жыцця, спорту, але сярод «маржоў» апынуўся толькі некалькі гадоў таму.


— У Беларусі такі метад загартоўкі, як маржаванне, не надта папулярны, чаго не скажаш пра Расію, і, у прыватнасці, Прыбайкалле, куды мяне больш за дзесяць гадоў таму закінуў лёс, — гаворыць субяседнік.


Аднойчы на Хрышчэнне мужчына апынуўся ў Ліствянцы — папулярным турыстычным пасёлку, які з’яўляецца візітоўкай Байкала. З захапленнем ён назіраў за тым, як у палонку адзін за другім апускаліся не толькі мужчыны, жанчыны, але і дзеці.


— Шчыра кажучы, мне тады стала сорамна, — успамінае Аляксандр. — Аказваецца, такая загартоўка для большасці мясцовых жыхароў там — лад жыцця.


І Аляксандр Штык паступова сам пачаў прызвычайвацца да прыбайкальскага ладу жыцця. Вывучыў тэму, даведаўся, як правільна рыхтавацца да зімовых заплываў, распрацаваў індывідуальную праграму плавальнай загартоўкі. Мінула роўна дзесяць гадоў, як мужчына пачаў на ўласным арганізме вывучаць плюсы маржавання.


— Безумоўна, у першую чаргу, я раблю гэта не для таго, каб быць як усе, а для ўласнага здароўя. Магу прывесці мноства аргументаў, чаму лічу карысным маржаванне.


З веданнем справы, ён расказвае, як водная загартоўка ўплывае на варыкозы, трамбафлебіты, захворванні сэрца, рэгенерацыю клетак, якіх хвароб ніколі не будуць ведаць тыя, хто рэгулярна акунаецца ў халодныя воды вадаёмаў. Наш зямляк перакананы, калі падыходзіць да маржавання з розумам, добрае самаадчуванне не прымусіць доўга сябе чакаць.


— Паверце, гэта так: праверана на ўласным вопыце. Цяпер у мяне і вага — заўсёды ў норме, і цела — у форме, і фізічны стан — у тонусе.
Аляксандр з захапленнем дзеліцца гісторыямі сваіх поспехаў, расказвае пра традыцыі аднадумцаў з клуба загартоўкі і зімовага плавання «Прыбайкальцы», членам якога з’яўляецца. Дарэчы, мужчына паказаў адзін з лепшых вынікаў на спаборніцтвах па зімовым плаванні, якія праходзілі ў Сібіры. А яшчэ любімы занятак «прыбайкальцаў» — катанне на каньках па празрыстым лёдзе Байкала, выступленні і кіламетровыя заплывы «маржоў».


У сілу жыццёвых абставін Аляксандр Штык вымушаны часта прыязджаць у Пружаны. Ад прынцыпаў маржавання ён не адступае нават тады, калі знаходзіцца на малой радзіме.


— Шмат часу для маржавання не трэба: дастаткова выдзеліць у сваім распарадку дня мінут пятнаццаць. Было б жаданне, — перакананы суразмоўца. — І разуменне таго, наколькі гэта карысна для здароўя.
Да маржавання Аляксандр далучыў і сына Васіля (дарэчы, былога вучня СШ №3). Для юнака спорт — гэта нешта большае, чым лад жыцця: у свае 24 гады ён з’яўляецца майстрам спорту па боксе, прызёрам усерасійскіх турніраў і, як бацька, захоплены маржаваннем.


Аляксандр — адзіны купальшчык, каго ў гэтыя марозныя дні можна сустрэць на гарадскім возеры. Але, паводле слоў «маржа», ужо ёсць тыя, хто, наглядзеўшыся на яго, і сам зацікавіўся такім метадам загартоўкі. Хто ведае, магчыма, праз некаторы час у Аляксандра Штыка аднадумцы з’явяцца і ў Пружанах?


Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).