Воскресенье, 20 января 2019

Свыше 100 детей и подростков уже прошли обследование позвоночника на новом компьютерно-оптическом топографе

638

У Пружанскай ЦРБ з’явілася новае абсталяванне — камп’ютарна-аптычны тапограф «Diers» — апарат, які дазваляе ўрачу ацаніць стан пазваночніка без шкоды для здароўя пацыента.


— Гэта сучасны метад дыягностыкі скаліёзу, змяненняў постаці, дэфармацыі шкілета, ног, выяўлення неўралагічных захворванняў і іншага, — расказвае ўрач-траўматолаг Максім Корбут.


Да слова, Максім Міхайлавіч — пакуль адзіны доктар бальніцы, які праводзіць абследаванне пацыентаў з дапамогай тапографа: як працаваць з новай тэхнікай яго навучылі падчас курсаў на базе Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы.


Метад відэарастрастэрэаграфіі, пакладзены ў аснову работы тапографа, хуткі, бескантактны, просты. А самае галоўнае — беспрамянёвы: пацыент такім чынам пазбягае шкоднага рэнтген-абследавання, дзякуючы чаму можна падвяргацца тапаграфіі неабмежаваную колькасць разоў.


Як гэта працуе? Абследуемы, разбуты і распрануты да пояса, становіцца на спецыяльную платформу. Пучок святла, які выпускае прыбор, праецыруецца на спіну, счытвае з яе малюнак і пераводзіць яго ў лічбавы сігнал. Даныя, атрыманыя камп’ютарам, апрацоўваюцца з дапамогай спецыяльнай праграмы: на манітор выводзіцца 3D-мадэль тулава, на якой праглядваецца форма пазваночніка ў трох праекцыях і колерам адразу абазначаны праблемныя зоны.


Варта зазначыць, што мадэль тапографа, якая ёсць у нашай паліклініцы, дазваляе праводзіць дыягностыку толькі дзяцей і падлеткаў. Прычым апарат разлічаны на пацыентаў пэўнага росту і вагі: не ніжэйшых за адзін метр дваццаць сантыметраў і не цяжэйшых за 70 кілаграмаў.


— У бальніцы не проста так надалі такую ўвагу скрынінгу пазваночніка дзяцей: апошнім часам як у хлопчыкаў, так і ў дзяўчынак у перыяд інтэнсіўнага росту сур’ёзныя праблемы сустракаюцца ўсё часцей, — зазначае М.М.Корбут. — А такія праблемы не проста зніжаюць якасць жыцця, але і могуць прывесці нават да інваліднасці.


Кабінет аптычнай тапаграфіі працуе з 16.00. За тры месяцы абследаванне пазваночніка тут прайшло больш за сто дзяцей і падлеткаў.


Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).