Суббота, 12 июня 2021

Районная организация ОО «Белорусский союз женщин» провела отчетно-выборную конференцию

643

Справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» прайшла ў мінулую пятніцу ў Палацы культуры.


Адно з галоўных пытанняў, вынесеных на парадак дня, — дзейнасць раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын», якая праводзілася на Пружаншчыне на працягу двух апошніх гадоў. Умацаванне маральных сямейных асноў, распаўсюджанне станоўчага вопыту сямейнага выхавання, фарміраванне ўсвядомленага мацярынства, дабрачынная дзейнасць, у тым ліку падтрымка шматдзетных і замяшчальных сем’яў, клопат пра сіротаў, хворых дзяцей, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, прапаганда здаровага ладу жыцця, — вось асноўныя накірункі дзейнасці, якімі займаюцца члены грамадскай арганізацыі, паводле слоў старшыні раённай арганізацыі «БСЖ» Ірыны Грышкевіч.


Сёння такія задачы стаяць перад больш як 400 жанчынамі, якіх аб’ядноўвае раённая арганізацыя. Да слова, на Пружаншчыне ўжо налічваецца 13 пярвічак, яшчэ ў пяці рыхтуюцца дакументы для пастаноўкі на ўлік.


У нашым раёне пастаянна папаўняецца банк карысных спраў і ініцыятыў раённай арганізацыі, назапашваецца вопыт. Актыў жанчын раёна праводзіць у калектывах Тыдні сям’і, удзельнічае ў рэспубліканскіх акцыях «У Беларусі — ні аднаго кінутага дзіцяці», «Нашыя дзеці», «З клопатам пра старасць», знаходзіць спосабы падтрымкі малазабяспечаных і шмат-дзетных сем’яў, удзельнічае ў вылучэнні адрасатаў адраснай сацыяльнай дапамогі, дапамагае збіраць дзяцей у школу і многае іншае.


Акрэсліваючы планы на будучае, прадстаўніцы пярвічак збіраюцца прыняць актыўны ўдзел у кампаніі па выбарах Прэзідэнта краіны, праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на падтрымку здароўя будучых мам, актывізаваць работу жаночых саветаў і іншае.
Акрамя таго, была прадстаўлена справаздача рэві-зійнай камісіі. Пра работу пярвічак, якія ўзначальваюць, расказалі іх старшыні Э.К. Корсікава (Хараўскі сельскі Савет) і Р.А. Бульчук (Шарашэўскі сельскі Савет).

Удзел у канферэнцыі прынялі прадстаўнікі раённай улады, а таксама старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» В.М.Пух. За актыўную дзейнасць Валянціна Мікалаеўна ўручыла старшыні раённай арганізацыі «БСЖ» Ірыне Грышкевіч грамату абласной структурнай арганізацыі. Акрамя таго, узнагарода за зробленую работу, неабыякавасць да праблем уразлівых катэгорый насельніцтва знайшла старшыню пярвічкі Шарашэўскага сельскага Савета Раісу Бульчук.


Словы ўдзячнасці жаночаму актыву раёна выказаў намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч. Ён звярнуў увагу на тое, што іх работа мае плён, хаця і будуецца выключна на прапагандзе.

Канферэнцыя закончылася абраннем членаў праўлення, рэвізійнай камісіі, а таксама старшыні раённай арганізацыі «БСЖ» і яго намесніка. Ірына Грышкевіч перадала паўнамоцтвы Наталлі Пракаповіч, галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Яе намеснікам была абрана Таццяна Гуторкіна, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.


Для дэлегатаў і гасцей канферэнцыі юныя артысты і творчыя калектывы Пружаншчыны далі канцэрт.


Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.