Суббота, 12 июня 2021

15 декабря Пружанский лесхоз приступит к активной заготовке зеленых красавиц

489

У гэты пераднавагодні перыяд сур’ёзна рыхтуецца падарыць свята людзям Пружанскі лясгас: зусім хутка работнікі прадпрыемства прыступяць да нарыхтоўкі зялёных прыгажунь, якія павінны ўпрыгожыць дамы пружанцаў. Да гэтай па-сапраўднаму гарачай пары лясная гаспадарка рыхтуецца загадзя, і нават не з пачатку бягучага года…

Ляснічы Лыскаўскага лясніцтва Я.У. Стасюкевіч дэманструе навагоднія ёлачкі.


Так-так, на ёлачныя базары прадукцыя дастаўляецца не «з Кітая» і нават не з суседніх раёнаў. На іх едуць вырашчаныя на пружанскай зямлі зялёныя прыгажуні. Вось толькі да таго, як заззяе святочнымі агеньчыкамі ёлка, праходзіць нямала часу.

— Па-першае, падбіраецца спецыяльнае месца, прыгоднае для вырошчвання навагодніх ёлак,— расказвае галоўны ляснічы Дзмітрый Мечыслававіч Козел, які праводзіць для журналістаў своеасаблівую экскурсію па лесе.— У нашым раёне выбрана чатыры такія пляцоўкі, адну з якіх мы зараз пабачым.

Насаджэнне крыху большае за паўгектара было выбрана ў глыбіні лесу каля вёскі Вільянава. Чаму менавіта тут? Якія работы праводзяцца? Колькі ёлачак вырастае? На гэтыя і іншыя пытанні адказ нам даў ляснічы Лыскаўскага лясніцтва Я.У.Стасюкевіч.
— Штогод, згодна з попытам жыхароў раёна, патрэбна да дзвюх тысяч дрэўцаў. Дык вось толькі адна гэта пляцоўка дасць прыкладна паўтары тысячы ёлачак,— тлумачыць Яўген Уладзіміравіч.— Але ж мы будзем прапаноўваць сваю прадукцыю не толькі для пружанцаў, але і для жыхароў абласнога цэнтра.

Адна
з чатырох плантацый, дзе вырошчваюць
навагоднія ёлачкі.


Для таго, каб вырасціць навагоднюю ёлачку, патрэбна каля 8 гадоў. Спачатку дрэўца расце ў закрытым грунце ў спецыяльным гадавальніку пры спрыяльных умовах. Калі падрастае, то яго перасаджваюць у адкрыты грунт. Канкрэтна вось гэтая плантацыя была засаджана ў 2012 годзе, і толькі зараз ёлачкі дасягнулі той вышыні, калі яны змогуць стаць навагоднімі прыгажунямі.
Некаторыя лічаць, што пасля пасадкі маленькіх ёлачак дарогу да іх можна забыць…

— Але тады і «ўраджаю» не будзе,— тлумачыць Яўген Уладзіміравіч.— Па некалькі разоў на год нашы работнікі прыязджаюць сюды для санітарнага догляду. Справа ў тым, што ёлкі — вельмі патрабавальныя дрэвы, якім неабходна ўдосталь месца і сонца. І маленькі цень можа прывесці да таго, што дрэўца пачне расці ў адзін бок, стане непрыгожым.

Вось і атрымліваецца, што трэба прыкласці шмат намаганняў, каб навагодняя ёлка парадавала пару тыдняў. Хаця гэты тэрмін, як зазначае Яўген Уладзіміравіч, можна і расцягнуць, калі набыць менавіта мясцовую ёлку:
— Яна звыклая да нашых вады і зямлі, таму дастаткова забяспечыць правільны догляд за ёй: размясціць купленую елачку ў ёмістасці з глебай і рэгулярна паліваць, каб зялёная прыгажуня захавала свой першапачатковы знешні выгляд ажно на месяц. Акрамя таго, нярэдка з ссечанага краю з’яўляюцца новыя карані.

Па словах ляснічага, сезон актыўнай нарыхтоўкі навагодніх ёлак пачнецца пасля 15 снежня, а значыць, можна ўжо збірацца на ёлачныя базары, каб быць першым і выбраць самую лепшую прыгажуню.

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).