Понедельник, 24 февраля 2020

Станет ли в деревнях пар снова «легким»?

335

Улічваючы сацыяльную значнасць лазневых паслуг, у Беларусі адноўлена бюджэтнае фінансаванне выдаткаў на паслугі агульных аддзяленняў лазняў і душавых у сельскай мясцовасці. Адпаведная пастанова ўрада ўступіла ў сілу 1 снежня. Трэба сказаць, што амаль тры гады таму гэтыя абслугоўваючыя ўстановы былі выключаны са спіса сацыяльна патрэбных, а адказнасць за рэнтабельнасць адпаведных паслуг узялі на сябе камунальныя службы. Відавочна, што гэта прывяло да закрыцця многіх вясковых лазняў, прычым па аб’ектыўных прычынах.
— Практычна ўсе закрытыя ў шэрагу населеных пунктаў раёна лазні былі незапатрабаваныя ў мясцовага насельніцтва,— расказвае галоўны інжынер КУВП «Камунальнік» С.В.Бабрук.— У некаторых вёсках у лазню прыходзілі адзін-два чалавекі, а недзе абсталяванне працавала ўвогуле «ўпустую».
Выйсце з гэтага складанага становішча камунальнікі шукалі на працягу ўсяго гэтага часу. Спачатку была ідэя перадаць аб’екты прыватным інвестарам або ўласнікам. Але за тры гады знайшліся толькі два жадаючыя, якія ўзялі пад сваю адказнасць лазні ў вёсках Слабудка і Аранчыцы. Ды толькі пакуль установы не працуюць і калі адчыняць свае дзверы, невядома. Стаць адказнымі за лазні прапаноўвалі і вяскоўцам, якія маглі б вывучыць попыт мясцовых людзей, стварыць больш гнуткі графік работы лазні ці парылкі і нават вырашыць, колькі будзе каштаваць гэтая паслуга. Але тут быў рух толькі ў адзін бок, ісці «насустрач» ніхто з вяскоўцаў не пажадаў. Хутчэй за ўсё, яны адразу ведалі, што наведвальнікаў не будзе.
Таксама камунальшчыкі спрабавалі арганізаваць падвоз аматараў «лёгкай пары». Такую магчымасць далі жыхарам шэрага населеных пунктаў у ваколіцах г.п.Ружаны. Каля паўгода аўтобус аб’язджаў вёскі і за гэты час перавёз столькі жадаючых наведаць лазню ў гарадскім пасёлку, колькі… пальцаў на адной руцэ. У выніку сабекошт лазневых паслуг у сельскай мясцовасці на сённяшні дзень складае больш за 25 рублёў, пры гэтым кошт білета, згодна з патрабаваннямі аблвыканкама, не можа перавышаць 4 рублі 50 капеек. Выдаткі на гарадскую лазню і такія ж установы ў гарадскіх пасёлках крыху меншыя, але іх урад краіны ў сваёй пастанове пакуль не ўлічвае. Такім чынам, пад субсідзіраванне выдаткаў падпадаюць толькі лазні ў Хараве, Кабылаўцы і Магілёўцах, хаця апошнюю на свой баланс вырашыла ўзяць ААТ «Радзіма». Дарэчы, такі прыклад стаўлення да сваіх работнікаў і вясковых жыхароў дарагога каштуе.
Як будзе працаваць пастанова? Механізм рэалізацыі рашэння ўрада пакуль яшчэ распрацоўваецца, але ўжо сёння можна сказаць, што дзеючым вясковым лазням яно дае магчымасць выжыць, бо, мяркуючы па эканамічнай статыстыцы гэтых устаноў, планы на іх закрыццё — справа недалёкага будучага.
Яшчэ няма канкрэтных намераў наконт тых аб’ектаў, якія знаходзяцца на балансе «Камунальніка», але не прымаюць наведвальнікаў. Як расказвае Сяргей Васільевіч, спачатку трэба вызначыцца з аб’ёмамі субсідзіравання. Потым аблвыканкамам бу-дзе зацвер-джаны спіс вясковых лазняў, выдаткі якіх будуць пагашацца з дзяржаўнага бюджэту. Зразумела, што бу-дзе ўлічвацца не толькі стан будынкаў і размешчанага ў іх абсталявання, але і запатрабаванасць падобных устаноў у вясковых жыхароў. І апошняя акалічнасць паўплывае, як мяркуе галоўны інжынер, даволі сур’ёзна. Напрыклад, на сённяшні дзень у сельскіх населеных пунктах больш за дзве трэці дамоў маюць газавае забеспячэнне або электрыфікаванае гарачае водазабеспячэнне. Частка гаспадароў мае прыватныя лазні. Застаецца актуальным, магчыма, хіба што пытанне аздараўлення ў парылцы, вось толькі аматараў яго за апошнія гады, калі пара раптам стала «нялёгкай», значна паменшала.

Алег Сідарэнка.

Малюнак Юрыя Аляксеева «Кот Сардэлькін у лазні».