Суббота, 15 декабря 2018

Фоторепортаж с ООО «НовитаМебель». Рассказываем и показываем, что происходит на бывших производственных площадях Ружанской мебельной фабрики

644

Ружанская мэблевая фабрыка была даволі паспяховым у свой час прадпрыемствам па вытворчасці мэблі. Прадукцыя фабрыкі карысталася попытам нават за мяжой, а тэатральныя крэслы, зробленыя ў Ружанах, былі ўстаноўлены ў дзяржфілармоніі, Нацыянальнай бібліятэцы, тэатры оперы і балета. Больш за тое, у 2008 годзе прадпрыемства, якое займала лідзіруючыя пазіцыі ў галіне краіны, прызналі лепшым у канцэрне «Беллеспаперпрам»: тады калектыў фабрыкі быў удастоены важкай узнагароды — «Сярэбранай елкі» — за найбольшы ўклад у развіццё мэблевай прамысловасці. Сёння ўспаміны пра той час, калі прадпрыемства было на ўздыме, засталіся ў мінулым: фінансавае становішча раптоўна пагоршылася, з-за адсутнасці збыту прадукцыя назапасілася на складах… І вось ужо пару гадоў як у вытворчых плошчаў новы гаспадар — ТАА «НавітаМэбля». Пасля капітальнага рамонту цэхаў і практычна поўнай замены абсталявання фабрыка па вырабе мэблі вясной гэтага года аднавіла работу.
Сёння на Ружанскім участку ТАА «НавітаМэбля» працуе амаль сем дзясяткаў чалавек. Пакуль вытворчасць наладжана ў дзве змены: першая працуе з 7.00 да 15.30 гадзін, другая — з 15.30 да 00.00 гадзін.
— У Ружанах вырабляюцца фасады і каркасы для спальных гарнітураў, — расказвае Генадзь Лазар, кіраўнік спраў участка. — Люстэркамі і фурнітурай наборы мэблі дакамплектоўваюцца ўжо ў слонімскіх цэхах.
Мэбля вырабляецца на якасным італьянскім абсталяванні, большая частка якога засталася тут ад былога ўласніка, астатняе закупіў новы гаспадар. Напрыклад, не кожнае беларускае прадпрыемства па вытворчасці мэблі можа пахваліцца наяўнасцю такога фрэзернага дрэваапрацоўчага станка, як «Rover AFT».
— Гэта шматаперацыйны апрацоўчы цэнтр, прызначаны для работы з плітным матэрыялам, — удакладняе падчас экскурсіі па абноўленым цэху Генадзь Мікалаевіч. — Італьянская «разумная» тэхніка дазваляе выконваць некалькі аперацый, для ажыццяўлення якіх патрэбны ўсяго толькі адзін чалавек — аператар. Загрузка пліт на канвеер, раскройка дэталяў, якія праграма кампануе так, каб адходы былі мінімальныя… Прычым, у адрозненне ад старога станка, «Rover» раскройвае не адну, а адразу некалькі пліт.
Абнаўленні адбыліся і ў цэху апрацоўкі. Яны не толькі пайшлі на карысць і прынеслі зручнасці работнікам, якія пакрываюць дэталі гарнітураў лакафарбавым матэрыялам, але і дазволілі вырабляць фасады па новых тэхналогіях.
На прадпрыемстве падкрэсліваюць, што на гэтым мадэрнізацыя не закончылася. Запланавана ўстаноўка новага магутнага катла ў кацельні, абнаўленне якой ужо пачалося. Прадугледжаны рамонт склада пад апілкі.
Мясцовыя ўлады спадзяюцца, што змена ўласніка дазволіць захаваць адно са старэйшых прадпрыемстваў мэблевай галіны, а разам з тым — і рабочыя месцы. А новае кіраўніцтва зможа рэальна падняць вытворчасць і скіраваць калектыў на эфектыўную работу.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).