Среда, 4 августа 2021

Наш опрос: а что бы Вы попросили у Деда Мороза?

807

На гэтым тыдні амаль ва ўсім свеце адзначалася асаблівае свята — Дзень заказаў падарункаў і напісання лістоў Дзеду Марозу. Галоўпаштамты многіх краін адкрылі спецыяльныя аддзяленні з казачнымі паштовымі скрынямі, у якія кожны жадаючы можа апусціць ліст, адрасаваны сівавалосаму чараўніку. З гэтай нагоды паштальёны (а ў іх ролі выступілі журналісты “раёнкі”) выйшлі ў свет і пацікавіліся ў прахожых, ці вераць яны ў навагоднія цуды? А калі так, то што б папрасілі ў Дзядулі Мароза “пад ёлачку” ў новым годзе?
Ірына:
— У чараўніцтва? А як жа! Вядома, веру! І як чалавек, які жыве ў пастаянным прадчуванні цудаў і сюрпрызаў, хачу папрасіць у Дзеда Мароза пазітыўнага настрою і моцнага здароўя ўсім маім родным і блізкім. Гэта самае галоўнае ў жыцці. І мне чамусьці здаецца, што падобныя просьбы Марозка выконвае ў першую чаргу: вельмі ўжо шмат людзей на зямлі просяць яго пра адно і тое ж… Усё астатняе, зямное, матэрыяльнае, у мяне ўжо ёсць…

Анастасія:
— Верыла і буду верыць, пісала і буду пісаць, як напрыклад, сёння са сваімі хрэснікамі. А потым папрашу дапамогі Дзядулі Мароза ў пакупцы падарункаў. Ён жа старэнькі — яму няма калі бегаць па магазінах! Дзецям так і скажу: “Давайце хутчэй пішыце лісты, а я пераапрануся ў паштальёна і хуценька занясу яму канверты. Ён адвячоркам сядзе каля каміна, захутаецца ў снежны плед і пад ледзяны чаёк пачне чытаць нашы пасланні…” Ну, так і быць, адкрыю вам сакрэт і свайго ліста: для сябе ў гэтым годзе абавязкова папрашу модную шапку-вушанку. Спадзяюся, што ў навагоднюю ноч усё ж такі знайду пад ёлкай жаданае!

Міхаіл:
— Я даўно ўжо выйшаў з таго ўзросту, калі вераць у казкі. Але чамусьці пад Новы год нібы вяртаюся зноў у дзяцінства і пачынаю верыць у цуды. Дык чаму ж у гэты момант узяць і не напiсаць Дзеду Марозу ліст?! І ад усяго сэрца папрасіць, па-першае, здароўя для мамы і выканання ўсіх яе жаданняў (яе жаданні больш важныя за мае!), а па-другое, паспяховага заканчэння каледжа і паступлення ва ўніверсітэт, каб апраўдаць бацькоўскія надзеі.

Юрый:
— У Дзеда Мароза я верыў і лісты пісаў яму даволі доўга. Але, прызнаюся, зняверыўся тады, калі ў бацькоў ужо перастала хапаць грошай на мае жаданні… Наперадзе ў мяне ўсё жыццё, і я добра разумею, што рана ці позна мне давядзецца даказваць сваім дзецям, што зімовы чараўнік усё-такі існуе. Якія аргументы буду для гэтага выкарыстоўваць? Самыя простыя: паспрабую прыкласці ўсе намаганні, каб рэалізаваць усе мары маіх дзяцей… Добра, прызнаюся: веру і я. Папрашу машынку сабе сапраўдную, з маторчыкам, рухавіком і зімовай рызінай. Але, калі Дзядуля закіне мой ліст куды далей, так і не прачытаўшы, я паскарджуся на яго праз вашу газету. Дамовіліся?

Алёна:
— Новы год — такая пара, калі, здаецца, усе вераць у чараўніцтва і ў выкананне жаданняў. Веру і я. Дзед Мароз не падводзіць. Ён ніколі не падводзіў і дарыў мне заўсёды самыя лепшыя падарункі. Памятаю, як у дзяцінстве ён паклаў мне пад ёлачку сапраўдныя канькі. Праўда, катацца на іх я так і не навучылася, але Кацярынай Гардзеевай (чэмпіёнкай свету па фігурным катанні) адчуць сябе паспела. А ў гэтым годзе папрашу ў яго… Не, не буду прызнавацца… Гэта занадта асабістае…

Анастасія:
— Вера ў Дзеда Мароза — ці як ён там па-правільнаму называецца? — захавалася. Таму ў сваім “лісце” папрашу ў яго вялікага плюшавага мядзведзя або панду і буду спадзявацца, што Дзядуля ўсё ж такі паспее да Новага года прачытаць маё пасланне… У дзяцінстве ж паспяваў! Аднойчы падарыў мне нават ляльку Барбі з наборам адзення, якую доўгі час паўсюль насіла з сабой. Той год быў незабыўным! Цукеркі не памятаю, а вось ляльку…

Уладзімір:
— Пра што прасіў бы ў Новы год? Філасофскае пытанне… Будзе вам і філасофскі адказ. Недзе ў 70-х гадах нехта з вялікіх сказаў: адзін дарослы мужчына здольны зарабіць на сябе, жонку, дваіх дзяцей і аднаго пенсіянера. А цяпер многія мужчыны самі на сябе зарабіць не могуць. Дык вось, хацелася б, каб нашы жаданні супадалі з нашымі магчымасцямі. Каб у самога Дзядулі была магчымасць даць станоўчы адказ хоць бы на лісты нашых унукаў. Хай яны будуць шчаслівейшыя за нас! І дай Бог, каб Дзед Мароз іх пачуў!
…Будзем верыць і мы, што з лёгкай рукі журналіста Дзед Мароз, Санта Клаус, Ёулупукі, свяціцель Мікалай і многія іншыя цудатворцы паспеюць прачытаць ўсе паштоўкі — і ў дзверы кожнага пружанскага дома пастукае шчасце з вялізным мяшком падарункаў.
Думкамі цікавілася Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіч