Суббота, 15 декабря 2018

В районной организации Красного креста 220 волонтеров. Чем живут эти люди, рассказывает активистка Александра Федотова

294

Раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа была створана на Пружаншчыне ў 2004 годзе. Адным з асноўных накірункаў яе работы стала развіццё валанцёрскага руху сярод жыхароў раёна рознага ўзросту. Стаць першымі валанцёрамі вызваліся школьнікі. А пры Пружанскім каледжы быў створаны атрад «Дабрыня», які на сённяшні дзень налічвае каля 60 навучэнцаў на чале з Алёнай Гапоненка. З 2010 года пачаў сваё існаванне валанцёрскі атрад пажылых людзей «Ветэраны» (сёння гэта 18 чалавек пенсіённага ўзросту).
У выніку ў раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа каля 220 валанцёраў. Адна з іх — Аляксандра Фядотава, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Хараўской СШ, памочнік старшыні раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, старшыня раённага і член абласнога валанцёрскіх саветаў.
— Аляксандра, як даўно Вы з’яўляецеся валанцёрам?
— У лістападзе было ўжо 10 гадоў.
— А як Вы апынуліся ў радах валанцёраў Чырвонага Крыжа?
— На той момант я вучылася на другім курсе педагагічнага факультэта Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сацыяльны педагог запрасіла мяне далучыцца да акцыі: мы наладзілі гульнёвую праграму дзеткам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Так мяне ўпершыню ўключылі ў каманду юнакоў і дзяўчат у чырвоных майках: згуртаваную, дружную, вясёлую, каманду, якая прысвячае частку свайго вольнага часу добрай справе — дапамозе. Мне было дастаткова аднаго разу, каб зразумець, што я хачу стаць часткай гэтай каманды, хачу дапамагаць дзеткам і карысна праводзіць час. Пасля мерапрыемства я пацікавілася, як можна стаць валанцёрам. А неўзабаве прайшла базавы курс валанцёра Чырвонага Крыжа. Вось так і пачалося маё валанцёрскае жыццё.
— Валанцёры — гэта людзі, якія добраахвотна гатовыя выдаткаваць свае сілы і час на карысць грамадству ці канкрэтнаму чалавеку. Такое агульнапрынятае ўяўленне пра валанцёраў. Раскажыце, чым даводзіцца займацца Вам, у якіх акцыях удзельнічаеце, у якое рэчышча накіроўваеце свае сілы?
— На дадзены момант я з’яўляюся памочнікам старшыні раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, старшынёй раённага і членам абласнога валанцёрскіх саветаў. За дзесяць гадоў валанцёрства паспела пабываць у ролі Доктара Клоўна (наведвала дзяцей і пажылых людзей у бальніцах), цесна працавала па праграме супрацьдзеяння гандлю людзьмі, цяпер асвойваю Міжнароднае гуманітарнае права і вучуся азам аказання першай дапамогі. Як бачыце, напрамкаў для самарэалізацыі ў гэтай справе шмат.
Акрамя таго, увесь час я працую з уразлівымі катэгорыямі: дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзецьмі-сіротамі і адзінокімі пажылымі. А таксама з’яўляюся арганізатарам штогадовага Брэсцкага абласнога форуму валанцёраў Чырвонага Крыжа, дзе збіраюцца лепшыя аднадумцы для навучання, абмену вопытам і новых карысных знаёмстваў.
— Аляксандра, па якіх якасцях, на Ваш погляд, бачна сапраўднага валанцёра?
— Быць валанцёрам — значыць дапамагаць, нічога не патрабуючы ўзамен. Быць валанцёрам — мець жаданне каласальна рэалізоўваць сябе, свае творчыя планы, ідэі. Увогуле валанцёрства — гэта лад жыцця, гэта зносіны з людзьмі, якія займаюцца адной справай. І гэта ўнікальная магчымасць жыць не толькі для сябе, але і для іншых!
— Сёння не кожнаму зразумела, навошта займацца чымсьці бескарысліва. Навошта робіце гэта асабіста Вы? Можа, лепш прысвяціць свой час чытанню, сустрэчам з сябрамі, урэшце, прагляду тэлеперадач?
— Чырвоны Крыж — вельмі патрэбная арганізацыя. Яна бясплатна дапамагае ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу, прычым не ставіць ніякіх межаў паміж людзьмі. Мне прыемна ўсведамляць, што сёння я зрабіла чыёсьці жыццё хаця б крышачку лепшым, весялейшым. Нягледзячы ні на што, насуперак стомленасці, занятасці, у мяне штораз адкрываецца другое дыханне, з’яўляецца гатоўнасць далей дапамагаць людзям. А лепшая плата за гэта — проста бачыць людскія ўсмешкі, «запаленыя» вочы і чуць словы шчырай удзячнасці… Здаецца, дробязь, але для валанцёра гэта стымул дзейнічаць.
Не паверыце, але, дзякуючы дзейнасці ў Чырвоным Крыжы, я навучылася адказваць не толькі за сябе, але і за іншых. Памятаеце, Антуан дэ Сэнт-Экзюперы напісаў: «Мы ў адказе за тых, каго прыручылі»… І мне здаецца, што жыві Антуан у наш час, ён абавязкова быў бы валанцёрам Чырвонага Крыжа. Калі ты аднойчы ўжо стаў валанцёрам, назад дарогі няма. Ёсць дарога наперад — разам з сябрамі-валанцёрамі. Гэта дарога, на якой давядзецца дапамагаць, засцерагаць, шукаць, знаходзіць, тварыць, жыць. І хай так будзе заўсёды!
Карыстаючыся магчымасцю, хочацца павіншаваць валанцёраў Чырвонага Крыжа і іншых арганізацый: стварайце, дапамагайце і будзьце здаровыя!
Даведка «РБ»
На рахунку валанцёраў Пружаншчыны сотні добрых спраў. Апошнія з іх — удзел у акцыі «Клопат»: школьнікі аказвалі бытавую і псіхалагічную дапамогу ветэранам працы, а пажылыя валанцёры збіралі ахвяраванні для пакупкі сродкаў гігіены пацыентам Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду, куды валанцёры імкнуцца штомесяц прыязджаць з канцэртнай праграмай, пачастункамі для таго, каб падтрымаць адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў, сагрэць іх спагадай і сваёй любоўю.
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча і з архіва А. Фядотавай.