Суббота, 15 декабря 2018

Время не лечит. Жительница Шерешево рассказала о родных, которых расстреляли фашисты

340

Мы сустрэліся з жыхаркай г.п. Шарашэва Вольгай Мікалаеўнай Ярмош з вельмі сумнай нагоды. Да яе мяне прывялі пошукі інфармацыі пра трагічныя падзеі, якія адбыліся ў пасёлку 24 снежня 1942 года, калі па абвінавачванні ў сувязі з партызанамі былі расстраляныя амаль тры дзясяткі мірных жыхароў. І сярод іх – бацькі і старэйшая сястра бабулі Вольгі… Сёння прозвішчы тых няшчасных увекавечаны на двух невялікіх помніках, якія стаяць адзін каля аднаго на паўночным ускрайку Шарашэва. Засімы, Карнейчукі, Навумчыкі, Слезюкі… І вось яны, Малашкевічы: Мікалай, Лізавета і Вера.
— Там, дзе іх расстралялі, яны і ляжаць, — са слязамі на вачах успамінае перажытае і незабытае мая суразмоўца, якой на момант трагедыі было толькі 11 гадоў. — А Верачцы ўсяго 17! За што?.. Як цяпер памятаю, немцы прыйшлі дадому і пачалі крычаць: “Дзе ваш бацька? У стозе хаваецца?” Фашысты былі вельмі страшныя. Нават цяпер, як заплюшчу вочы, то, здаецца, бачу іх. Я тых нелюдзяў запомніла на ўсё жыццё…
Як аказалася, аднавяскоўцаў і жыхароў з суседніх вёсак выдаў мясцовы солтыс, абвінаваціўшы іх у змове з партызанамі, якія акурат напярэдадні знішчылі нямецкую машыну і забілі чатырох фашыстаў.
“Вызначыўшы” па сваім меркаванні вінаватых, солтыс такім подлым спосабам вырашыў выслужыцца перад акупантамі, а заадно звесці рахункі з людзьмі, якія яму чымсьці не дагадзілі. Відаць, моцна мазоліў вочы здрадніку і мясцовы актывіст Мікалай Малашкевіч, які быў членам лавачнай камісіі пры пасялковым Савеце. Па падказцы солтыса “патрэбных” людзей арыштавалі і размясцілі ў адным з шарашэўскіх хлявоў. Да апошняга арыштанты спадзяваліся, што іх рыхтуюць да адпраўлення на працу ў Нямеччыну…
— Бабуля хадзіла да солтыса, упрошвала яго вымаліць дзяцей і старэйшую ўнучку. Як-ніяк па суседстве жылі, а ён — ні ў якую… Калі маіх родных арыштавалі, я была ў школе. Глянула ў акенца: вядуць. Куды вядуць? Навошта? Партфель схапіла — і бягом дадому. А бабуля мая плача-галосіць на ўсю хату: “Немцы нашых забралі!” Больш я іх не бачыла…
Толькі праз гады Вользе Мікалаеўне раскрылася ўся праўда пра трагедыю. У той снежаньскі дзень жыхароў пасёлка фашысты прымусілі выкапаць яму, пагрузілі арыштаваных на машыну і павезлі на расстрэл. Па дарозе чатыром мужчынам удалося выскачыць на хаду (да вызвалення яны вымушаныя былі хавацца ў падполлі ад мясцовых паліцаяў і здраднікаў, якія маглі ў любы момант высачыць іх і выдаць фашыстам). Некаторыя арыштанты паспрабавалі збегчы нават з месца пакарання, але фашысцкія кулі ўсё роўна дагналі іх. Пасля расстрэлу фашысты прымусілі мясцовых хлопцаў скідваць целы ў выкапаную яму. Тых, каму станавілася дрэнна, карнікі жорстка збівалі…
24 снежня 1942 года многія шарашэўскія дзеці ўмомант асірацелі. Клопаты пра чатырох сірот Малашкевічаў (малодшанькай Настачцы тады споўнілася толькі два гадкі) ляглі на плечы старэнькай бабулі, якая ў хуткім часе памерла ад перажытай бяды.
— Як хочаш, так і жыві, — цяжка ўздыхае бабулька Вольга. — Але напаткала ўсё ж такі кара гэтага праклятага солтыса. За тое, што перадаў у рукі фашыстаў нашых людзей, праз некалькі дзён ён быў расстраляны партызанамі ва ўласным склепе…
Са смерцю здрадніка беды ў сям’і Малашкевічаў не скончыліся. Двойчы смерць падкрадалася да сірот.
— Немцы лютавалі і пры адступленні ў 1944 годзе! Памятаю, як яны, уцякаючы ад нашых салдат, увайшлі ў пасёлак і стралялі па кожным, каго бачылі. Мы гулялі на вуліцы. Маня, старэйшая мая сястрычка, пачуўшы стрэлы, узяла на рукі Ванечку — і бягом у жыта, якое было за хатамі. Я схапіла Настачку — і за ёю. Раз’юшаныя фашысты пачалі страляць нам услед. “Хутка ў разору! Кладзіся!” — закрычала сястра. Мы ляглі і папаўзлі праз усё поле да лесу, дзе нас і заўважылі чырвонаармейцы …
Адразу пасля вызвалення раёна пасялкоўцы ўскрывалі магілу ў надзеі апазнаць сваіх родных, і целы некаторых апазнаных былі перапахаваныя на праваслаўных і каталіцкіх могілках Шарашэва…
Праз некаторы час малодшых Малашкевічаў, Насцю і Ваню, улады хацелі накіраваць у дзіцячы дом, але сястра Марыя не дазволіла, сказаўшы: “Я нікому дзяцей не аддам. Выгадую сама”. І слова сваё стрымала.
— Яна вельмі добра шыла, чым зарабляла грошы… Гады праляцелі непрыкметна. Мы выраслі… Ванечка стаў імкнуцца на цаліну. Маня плакала горкімі слязамі, не пускала. Але ён не паслухаў. Так там, у Казахстане, і застаўся. Неўзабаве следам за ім паехала і Насця: яе паклікала за сабой сям’я вайскоўцаў, якія пасля вайны некаторы час жылі ў пасёлку і заказвалі сабе ўборы ў швачкі Мані. Насця зараз жыве ў Омскай вобласці.
А Марыя і Вольга Малашкевічы засталіся ў Шарашэве. Мая гераіня ўладкавалася на працу ў мясцовы калгас і да пенсіі добрасумленна адпрацавала паляводам. Неаднаразова яна станавілася пераможцай сацыялістычных спаборніцтваў, а ў 1973 годзе за сваю шчырую працу нават была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга… Добра склалася і яе асабістае жыццё: жанчына выйшла замуж за шарашэўца Міхаіла Ярмоша, нарадзіла двух дзяцей, дачакалася ўнукаў і праўнукаў.
— Ёсць дзеля каго мне яшчэ жыць і кім любавацца, аднак, бывае, раптоўны сардэчны боль не-не ды і нагадае пра маю невыносную страту. Час раны не лечыць.
Алена Зялевіч.
Фота Сяргея Талашкевіча і з уласнага архіва В.Ярмош.