Суббота, 15 декабря 2018

Наш опрос: а у вас есть четвероногий друг?

351

Гэтыя мудрыя словы Ліса з “Маленькага прынца” Антуана дэ Сэнт-Экзюперы сталі дэвізам Сусветнага дня хатніх жывёл, які адзначаўся ўчора ў многіх краінах. Свята было заснавана ў 1931 годзе на кангрэсе ў Італіі, каб прыцягнуць увагу ўсяго чалавецтва да праблем чатырохлапых гадаванцаў, якія маюць патрэбу ў клопаце і любові не менш, чым людзі. З нагоды свята журналісты “раёнкі” пацікавіліся ў прахожых на вуліцах горада, хто з “братоў нашых меншых” жыве ў іх доме і на якіх умовах: у якасці цацкі ці нават паўнапраўнага члена сям’і?
Дзмітрый:
— У маіх бацькоў жыве каўказская аўчарка па мянушцы Роціс. Двор ахоўвае, прахожых палохае, бацькоў абараняе — і гэтага дастаткова. Куплялі Роціса шчанюком, і я прывязаўся да яго бязмерна. Праўда, калі часцей да бацькоў прыязджаў, то ён мяне прызнаваў, а цяпер радзей бачымся, то ўжо цураецца, відаць, крыўдзіцца. Як гаворыцца, прырода здрады не даруе! Зноў трэба шукаць да яго падыход… А яшчэ ў бацькоў жывуць каты, простыя, не пародзістыя, без мянушак. Мышэй ловяць — і ўжо добра. Лічу, калі ў доме няма кошкі або сабакі, то яго жыхарам вельмі сумна жывецца. Калі ж адчуваеш на сабе любоў адданай табе істоты, тады пастаянная руціна ўжо не здаецца такой беспрасветнай.

Давід:
— У мяне дома жыве сабака пароды лайка па мянушцы Рэкс. Спецыяльна для мяне бацькі куплялі “паляўнічага” шчанюка, паколькі я вельмі люблю гэтую пароду. Рэкс — мой самы адданы і бескарыслівы сябар, які мяне заўсёды абараняе. Калі мне сумна, мы з ім гуляем у футбол — так, так, ён класна лапамі мячы адбівае! — і ў мяне хутка паляпшаецца настрой. Мне здаецца, што ў позірку Рэкса я заўсёды чытаю разуменне. Ведаеце, я з самага пачатку хацеў сабаку: гэтыя жывёлы больш адданыя, чым каты. Але лічу, што і з катамі нельга быць жорсткім. Усіх жывёлін трэба любіць і песціць.

Надзея:
— Так склалася, што мае бацькі не любяць жывёл і на мае колішнія дзіцячыя просьбы купіць шчанюка ці кацяня заўсёды адказвалі: “Вось падрасцеш — купляй, каго хочаш… ” Ад гэтага я вельмі сумавала. А год таму тэлефануе знаёмая і пытаецца: «Як ты да лысенькіх катоў ставішся?” Кажу: «Нармальна». Так у маім доме з’явілася непухнатае стварэнне пароды сфінкс па мянушцы Меліска. Я няньчылася з ёй, як з дзіцём. Але не прайшло і паўгода, як кошачка загінула. Я знервавалася не на жарт, плакала, а потым вырашыла купіць сабе новую кошачку. І ўзяла ў святара блаславенне на гэта. Ён нават засмяяўся, як пачуў маю незвычайную просьбу, але сказаў: “Кот у цябе будзе”. Праз некаторы час у мяне сапраўды пасяліўся коцік Боня. Таксама сфінкс, і такі ж прыгожы, як Меліска. Я клапачуся пра яго, як пра дзіця. Неяк слухала пропаведзь аднаго святара, які сказаў: “Што дзіця, што кацяня — усё роўна трэба даглядаць… ” Сваіх дзяцей у мяне няма, марыла ўзяць малога з дзіцячага дома, але магчымасці такой не маю… Вось Бог і паслаў мне чатырохлапага сябра…

Павел:
— У мяне ёсць кошка ангорскай пароды, і завуць яе Соня. Я вельмі задаволены, што 9 год таму бацькі купілі мне менавіта яе. Праўда, на момант пакупкі я больш хацеў сабаку… Можа, бацькі вырашылі, што з кошкай менш клопату? Але гэта не так: Соня патрабуе шмат увагі. А наогул яна мілая, гуллівая і… непрадказальная. Сама па сабе ўся такая незалежная і самадастатковая, як, зрэшты, усе каты. Але ўжо даказала мне сваю адданасць. Я паўтара года служыў у арміі, і, як вярнуўся, яна сустрэла мяне каля парога: падбегла да зачыненых дзвярэй, у якія я стукаў, і стала мяўкаць. Нікога больш так не сустракае, нібы ўсім маім хатнім дае зразумець, што для яе — я галоўны гаспадар.

Надзея:
— Спачатку ў нашай хаце жыў рыжы кот па мянушцы Перс. Стары такі, з калючым характарам. А потым да нас прыбілася пухнатае кацяня, якое мы назвалі Цімошкам. І аказалася яно самым лепшым, самым ласкавым, самым добрым у свеце катом. Цімошка спаў побач са мной «каўнерыкам» і прасіўся на рукі да кожнага, хто да нас прыходзіў. Пры гэтым нікога і ніколі ён не падрапаў. Бывала, прыйдзеш з працы раздражнёная, возьмеш Цімоху на рукі — і адразу нейкае супакаенне прыходзіць. Тры гады жыў у нас, а потым неяк неасцярожна перабег праз дарогу… Я доўга перажывала страту, плакала і вырашыла больш жывёл не заводзіць… А летась паехалі з сям’ёй адпачыць на рэчку. Сядзім, рыбачым і раптам чуем мяўканне ў кустах… Спачатку Рыкі быў баязлівы, як яго “правобраз” Рыкі-Цікі-Таві, а цяпер такі смелы, што дастаецца ўсім. А нядаўна нам падарылі яшчэ і шчанюка лабрадора, і мы нарэшце зразумелі, што такое “шчанюковае” захапленне…
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).