Суббота, 15 декабря 2018

Пять жителей района обратились к депутату Леониду Качине во время его визита в Пружаны

424

На мінулым тыдні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Качына правёў рабочы дзень на Пружаншчыне.
Планам паездкі народнага абранніка па акрузе быў прадугледжаны прыём грамадзян. Трапіць на сустрэчу з дэпутатам можна было па папярэднім запісе. Сярод тых, хто вырашыў звярнуцца па дапамогу да дэпутата, было пяцёра жыхароў раёна. Але варта адзначыць, тры з пяці пытанняў пачалі вырашацца яшчэ да таго, як Л.І.Качына прыехаў у акругу. Напрыклад, было аказана садзейнічанне заяўніцы, сусед якой, што жыве паверхам ніжэй, пераўтварыў сваю кватэру ў смеццязвалку. У КУВП «Камунальнік» паабяцалі растлумачыць «плюшкіну», чым для яго можа скончыцца развядзенне антысанітарыі. Падчас размовы жанчына пацвердзіла, што мужчына сапраўды стаў паступова пазбаўляцца ад бытавых адходаў і смецця.
На вырашэнне прыватнага пытання жыхаркі вёскі Семянча, якое тычылася падключэння інтэрнэту, таксама не давялося марнаваць шмат часу: спецыялісты службы «Белтэлекам» змаглі знайсці спосаб рашэння праблемы яшчэ да таго, як Л.І.Качына прыехаў у рэгіён. Таму жанчыне таксама не прыйшлося сядзець у чарзе на прыём да дэпутата.
Па аб’ектыўных прычынах дыстанцыйна вырашаецца пытанне гараджанкі, якая ўзняла пытанне аб памяншэнні гандлёвага збору на міні-рынку «Салют».
Пенсіянер з Пружан прыйшоў на сустрэчу з дэпутатам, каб пацікавіцца, ці ёсць верагоднасць, што грашовыя ўклады савецкага перыяду будуць праіндэксаваны.
Інтарэсы жыхароў Шарашэва прадстаўляла мясцовая жыхарка. Пасялкоўцы занепакоены памяншэннем колькасці ложкаў у мясцовай бальніцы і аб‘ёмам аказання медыцынскай дапамогі. У прыватнасці, з больш як ста ложкаў тут засталося толькі 25, прычым пяць з іх — сацыяльныя. Нягледзячы на тлумачэнні аб сацыяльных стандартах, якія рэгулююцца на вышэйшым узроўні, і пра што расказаў прадстаўнік бальніцы, запрошаны на прыём, жанчына не засталася згодная: яна папрасіла ўсё-такі знайсці магчымасць, каб аднавіць функцыянаванне яшчэ хаця б некалькіх ложкаў. «Так, у Шарашэве і сельсавеце паменшылася колькасць насельніцтва, але ж не ў чатыры разы, як колькасць ложкаў?» — засяродзіла ўвагу жанчына. Акрамя таго, заяўніца ўзняла пытанне аб рамонце ўчастка дарогі ад Шарашэва да Купіч і неабходнасці дадатковага аўтобуснага прыпынку ў гарадскім пасёлку. Паводле слоў дырэктара ДРБУ-140 А.В. Суботы, з рамонтам давядзецца пачакаць да 2020 года, а вось пытанне з уладкаваннем прыпынку пачне вырашацца ў бліжэйшы час.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, фота аўтара.