Суббота, 15 декабря 2018

Гістарычная спадчына Пружаншчыны: ці магчыма новае жыццё?

261

Як прыцягнуць увагу да ўнікальных помнікаў даўніны, якія хаваюць у сабе нявыкарыстаны патэнцыял? Як і з якой мэтай іх рэстаўраваць? Ці магчыма ўвогуле надаць гісторыка-культурным каштоўнасцям іншы характар? На гэтыя і іншыя актуальныя пытанні спецыялісты і прадстаўнікі неабыякавай грамадскасці пашукалі адказы падчас адмысловай адкрытай дыскусіі “Гістарычная спадчына Пружаншчыны: ці магчыма новае жыццё?”, якая днямі адбылася ў Пружанскім палацыку.
Падчас гутаркі сваімі думкамі і разважаннямі з пружанцамі падзяліліся даследчык, урбаніст, кіраўнік Беларускага камітэта ICOMOS (Міжнароднага савета па захаванні помнікаў і славутых месцаў ЮНЕСКА) Сцяпан Стурэйка, сукаардынатар міжнароднага фестывалю SPRAVA Мацвей Сабураў і іншыя выступоўцы. Выступленне зладзіла вядомая пружанцам спявачка Настасся Хмель.
Які асноўны накірунак дыскусіі? Захаванне архітэктурных славутасцей, як зазначылі запрошаныя госці, – вядома, добрая справа, але сённяшнія рэаліі патрабуюць разглядаць помнікі гісторыі і культуры ў іншай, больш рацыянальнай, плоскасці. Трэба думаць над тым, як далей іх выкарыстоўваць з улікам сучасных патрэб грамадства.
Возьмем да прыкладу цікавы будынак з маленькімі акенцамі, што ўжо больш за пяць гадоў стаіць без даху на пачатку вуліцы Міцкевіча (ад Чырвонаармейскай). Шматлікія маленькія акенцы падштурхоўваюць да думкі, што калісьці гэты будынак быў нібыта астрогам. Але насамрэч гэта – першы пружанскі паравы млын, унікальны помнік прамысловай архітэктуры другой паловы ХІХ ст. Тут жа, на думку аналітыкаў, магла б быць абсталявана кавярня ці выставачная зала, а можа, нават і невялікае прадпрыемства, накшталт пякарні.
Усё ў руках грамадства, і яго трэба аб’ядноўваць. Гэта магчыма праз арганізацыю супольных грамадскіх імпрэз, накіраваных на паляпшэнне стану гістарычных месцаў і ўцягванне іх у наваствораную культурную прастору. Менавіта пра такі досвед і распавёў прысутным Мацвей Сабураў. Напрыклад, жыхары аграгарадка Чарэя (Віцебская вобл.) ужо аб’ядналіся: яны арганізавалі буйны фестываль, дзе кожны прыняў удзел, і атрымалі станоўчы вынік: летась гасцей было каля 500 чалавек, а ў гэтым годзе ўжо 2500! Сёння фестывальная пляцоўка трансфармуецца ў пастаянную культурную платформу з арт-рэзідэнцыяй (у былой школе), з варкшопамі (творчымі майстэрнямі) і выставачнымі заламі (у бібліятэцы і клубе), дзе на працягу года наладжваюцца розныя імпрэзы і канцэрты. Не апошнюю ролю ў гэтым іграюць валанцёры, якія едуць сюды з усяго свету, дзякуючы “пазыўным” інтэрнэту.
Рэзюмаваў сустрэчу Сцяпан Стурэйка: “Спадчына – гэта сэнсы, а не камяні.  Камяні – толькі спосаб камунікацыі. Грошы даюць на функцыю, …трэба выявіць, чаго не хапае, што патрэбна…”. Грамадства аб’ядноўваецца, патрэбным чынам выкарыстоўвае спадчыну – вось умовы, пры якіх нашы гістарычныя артэфакты знойдуць сваё месца ў сучаснай культурнай прасторы.

Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.