Суббота, 15 декабря 2018

Жуковский, Рафаэль и Босх. А какие художники нравятся вам?

309

Учора, 23 лістапада, ва ўсім свеце адзначаўся Дзень акварэлі. Ініцыятарам заснавання гэтага “жывапіснага” свята стаў мексіканскі мастак Альфрэда Гуаці Роха (1918-2003). Выбар ім “восеньскай” даты для ўрачыстасці воднай фарбы быў зусім не выпадковы. Сапраўды, толькі глыбокая дажджлівая восень здольная выліць столькі вады на зямлю, што тая дае вялікую палітру асаблівых фарбаў. Сезан, Сарджэнт, Брулоў, Бенуа і многія іншыя натхняліся гэтай прыгажосцю, а потым, замілоўвалі сваімі работамі аматараў мастацтва. А якія мастакі, на думку пружанцаў, робяць гэты свет ярчэйшым, журналісты “раёнкі” пацікавіліся на вуліцах горада.

Таццяна Серафімаўна:
— Некалькі гадоў таму я адкрыла для сябе імя Станіслава Юльянавіча Жукоўскага. Трынаццаць шэдэўраў гэтага майстра было прывезена тады з Нацыянальнага музея ў Пружаны і выстаўлялася ў нашым палацыку. Я падоўгу глядзела на карціны (прызнацца, асабліва заваражыла «Сумнае возера»!) і доўга не магла паверыць, што такі талент нарадзіўся непадалёк ад нас, у Стараволі. Я бачу ў карцінах Жукоўскага запал, парыў, асаблівы сум і ў той жа час жыццялюбства. Мне падабаецца яго выбар колераў і багацце палітры.

Зінаіда Ільінічна:
— Я неаднаразова наведвала Траццякоўскую галерэю, каб палюбавацца на грандыёзнае палатно Аляксандра Іванова «З‘яўленне Хрыста народу». Я, на жаль, не знаёмая з іншымі яго работамі, але гэтая ўразіла сваёй маштабнасцю і складанасцю сюжэта. Такое эстэтычнае задавальненне атрымліваю ад яе сузірання! Вельмі люблю і Карла Брулова. Асабліва яго італьянскія матывы. Напрыклад, якая дзівосная карціна “Італьянскі поўдзень”, іншая яе назва —“Італьянка, якая здымае вінаград”! Глядзіш на яе — і, здаецца, адчуваеш пах свежых і налітых гронак.

Анатоль:
— Я ў свой час паездзіў па розных музеях, наглядзеўся на карціны. Бываў нават у Траццякоўскай галерэі і ў Дзяржаўным гістарычным музеі Масквы. Вядома, шкада, што ў Пружанах няма ні падобных калекцый, ні галерэй, дзе можна было б палюбавацца на шэдэўры сусветнага жывапісу. У прыватнасці, на рэалістычныя марскія пейзажы Айвазоўскага. Часта чытаю ў газеце, што ў палацыку праводзяцца нейкія выставы, але ўсе, здаецца, нейкага драбнаватага маштабу. Ды і часу не хапае зайсці і ацаніць тыя работы па вартасці. Калісьці ў Пружаны прывозілі карціны нейкага Жукоўскага, але я пра такога нават і не чуў.

Сяргей:
— Я, на жаль, не разбіраюся ў жывапісе і ні ў якіх іншых музеях, акрамя нашага палацыка, не быў. Але любімага мастака назваць магу. Гэта Ілья Рэпін, аўтар «Бурлакоў на Волзе» і «Запарожцаў», якія напісалі ліст турэцкаму султану. Скажаце, не арыгінальна? Але калі б мне падарылі копію (пра арыгінал можна толькі марыць!) якой-небудзь яго карціны, то павесіў бы яе на самым пачэсным месцы ў доме. Рэпін — вялікі майстар!

Ірына:
— Шчыра кажучы, раней я зусім не цікаві-лася жывапісам. А вось з гадамі чамусьці адчула ў душы патрэбу спазнаць сапраўднае мастацтва. Стала шмат чытаць пра мастакоў, разглядала ў інтэрнэце рэпрадукцыі іх карцін. Мне вельмі падабаецца П’ер Агюст Рэнуар, асабліва яго работа «На тэрасе». Не ведаю нават, за што падабаецца. Але проста не магу адарваць ад яе погляду. У кожным мазку жыве нешта вельмі рамантычнае і прыцягальнае. У цэлым мне падабаюцца ўсе імпрэсіяністы.

Юлія:
— Я вельмі люблю жывапіс майстроў італьянскага Адраджэння! Леанарда да Вінчы, Тыцыян, Бацічэлі і, вядома ж, Рафаэль… Калісьці мне пашанцавала, і я пабывала ў Дрэздэнскай карціннай галерэі, але, на жаль, палюбавацца на “Сіксцінскую Мадонну” не давялося: на той момант яе прыбралі з залы, відаць, на рэстаўрацыю. Але экскурсавод усё роўна вельмі шмат распавядаў пра гэты шэдэўр. Аказваецца, матэрыялам для карціны служыла не дошка, а палатно, а гэта значыць, што яе першапачаткова планавалі выкарыстоўваць як харугву… А вось авангарднае мастацтва мне зусім не зразумела. Толькі спецыялісты могуць разабрацца ў тым, што намалявана на карцінах усіх гэтых кубістаў, мінімалістаў і авангардыстаў.

Раман:
— Цяжка сказаць, якая мая любімая карціна і мастак. Усё залежыць ад настрою. У першую чаргу, адзначу, напэўна, Іераніма Босха. Не скажу, што фанацею ад яго — проста падабаецца чыста на эмацыянальным узроўні. Не адпускае. Ён загадкавы, бясконцы ў сваіх сімвалах. Безумоўна, падабаецца і Мікеланджэла. Лічу яго найвялікшым майстрам за ўсю гісторыю чалавецтва.
Гутарыла Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *