Суббота, 15 декабря 2018

Комсомолка, спортсменка и просто красивая … бабушка. Учительница Надежда Козловская отмечает 80-летие

535

Багі, дружа, вядзі госцю ў гасціную! — прыгожая бялявая жанчына пяшчотна пагладзіла рыжанькага кокер-спаніэля — і аблавухі кучаравы “паж”, зрабіўшы вакол журналіста некалькі ганаровых кругоў, правёў нас у светлы пакой, які патанаў у хрызантэмах і геранях. Утульна размясціўшыся на мяккай тахце, я стала чакаць віноўніцу майго візіту — 80-гадовую юбіляршу Надзею Іванаўну Казлоўскую-Сапегіну.
— А дзе ж яна сама? — пасля няёмкага маўчання асмельваюся спытаць у прыгажуні, якая і сустракала мяне каля парога.
— А я і ёсць Надзея Іванаўна…
Прызнацца, мне цяжка было паверыць, што жанчына, якая сядзела побач са мной, нядаўна размяняла ўжо дзявяты дзясятак. Як цяжка паверыць і ў тое, што лёс яе зусім не песціў. Бо як звычайна ў народзе кажуць пра жанчын, якія захавалі да такіх гадоў сваю прыгажосць?! Як сыр у масле купалася! А Надзея Іванаўна, як аказалася, не купалася … ні ў масле, ні ў шаўках, ні ў раскошы.
Ваеннае дзяцінства
Яна нарадзілася 18 лістапада 1938 года ў в. Растарог (што ў Курскай вобласці) і, як усе дзеці таго часу, рана спазнала бяду. Вайна, крыкі вясковых жанчын, якія атрымалі першыя пахаванкі, калоны ваеннапалонных на сельскай вуліцы, першая і апошняя сустрэчы з фашыстамі, спачатку абыякавымі да мірных жыхароў, а потым азвярэлымі пасля паражэння ў Курскай бітве, — усе гэтыя страшныя карцінкі, убачаныя ў раннім дзяцінстве, назаўсёды ўеліся ў памяць жанчыны. І нават сёння, праз многія гады, яна можа аднавіць іх ледзь не з дакументальнай дакладнасцю.
— Вельмі добра памятаю, як упершыню ўбачыла немцаў. А мне тады ўсяго чатыры гадкі было. Мама ішла са мной па вёсцы і, убачыўшы наперадзе атрад, прыціснула мяне моцна да грудзей. «Дзяўчынка?» — праходзячы міма, спыталі яны і перадалі застылай ад страху жанчыне маленькі кавалачак шакаладу… Памятаю і тое, як праз некалькі месяцаў у акрузе былі такія баі, што здавалася, быццам зямля гарэла пад нагамі. Мы вымушаныя былі суткамі хавацца ў падвалах-пячорах у гары. Аднойчы міма нашага склепа вялі палонных. Мама падглядала праз шчылінку ў схованцы: вось ужо немцы з сабакамі прайшлі, а ў хвасце калоны, ледзь перасоўваючы ногі, плёўся салдат. І мама як схопіць яго за шынель — маладая! моцная! — і ў склеп да нас. Бабуля аж пабялела: «Што ты робіш! Усіх загубіш!» Выратаванага салдата Якавам звалі. Ён быў яўрэем, і мама яго да канца вайны хавала ў нас у доме. Калі раптам карнікі або паліцаі з ператрусам у вёску прыходзілі, то хавалі яго ў вялікім куфэрку і зверху коўдрамі прыкрывалі…
Пакуль мама Надзеі Іванаўны па-свойму, па-жаночаму, «ваявала» ў тыле ворага, яе бацька,
удзельнік яшчэ фінскай вайны, змагаўся на франтах Айчыннай пад камандаваннем Жукава і дайшоў ажно да Прагі. А ў жніўні 1945 года ў складзе савецкіх войскаў, якія вызваліліся на захадзе, Іван Сапегін быў перакінуты ў Маньчжурыю для разгрому японскай Квантунскай арміі. Быў дэмабілізаваны толькі ў 1946 годзе. І атрымаўшы ад камандавання прапанову самому выбраць месца далейшай, але ўжо «мірнай», службы, выбраў Беларусь.

Мірнае сталенне
— А дакладней, тата абраў вайсковую часць у в. Слабудка Пружанскага раёна. Па-першае, таму, што з Пружаншчыны была родам аднапалчанка, разам з якой ён ваяваў у «маньчжурскім катле», а па-другое, яго, напэўна, клікалі карані. Як-ніяк Сапегін сын! — удала жартуе мая суразмоўца.
Надзея Іванаўна спачатку вучылася ў сямігадовай Слабадской СШ, якую яшчэ ў 1934 годзе пабудавалі палякі. А потым, калі яе бацька быў пераведзены на працу ў Пружаны, дзяўчынка перайшла ў 5 клас СШ № 2 (сёння ў тым будынку размяшчаецца ЦТДМ).
— У мяне і сёння сэрца замірае, калі, бывае, хаджу па тых прыступках… Там адбылася мая першая сустрэча з Аляксандрам Іосі-фавічам Казлоўскім, які праз гады стаў маім мужам. Праўда, ён тады вучыўся ў СШ № 1 (будынак былой гімназіі імя Адама Міцкевіча знаходзіўся непадалёк ад нашай школы, на суседняй вуліцы), але мы перасякаліся з ім на ўроках фізкультуры, якія праходзілі на спецыяльнай пляцоўцы (у раёне рэстарана). Абое захапляліся спортам, часта на спаборніцтвы і зборы разам ездзілі, так і пасябравалі. А потым і выпускны сумесна адзначалі, і світанак сустракалі… у старым гарадскім парку…

Камсамольскае юнацтва
Але да вяселля яшчэ было вельмі далёка. Надзея Іванаўна паспяхова скончыла школу і адразу ўладкавалася на працу, паколькі фінансавае становішча ў сям’і было не зайздроснае. Балазе, маладую і энергічную камсамолку, спартсменку і, нарэшце, проста прыгожую дзяўчыну заўважылі ў райкаме камсамола і накіравалі «на сяло» — ствараць у глыбінцы камсамольскія ячэйкі.
— Такая была партыйная ўстаноўка: у кожнай вёсцы, у кожнай школе — па ячэйцы. І мне далі накіраванне ў Мокраўскую сямігадовую школу, якая ў той час размяшчалася ў парафіяльным доме на плябаніі. Сельскі храмік да таго часу ўжо апусцеў і прыйшоў без набажэнстваў у заняпад…
У Мокрым Надзея Іванаўна прапрацавала нядоўга. Праз год адправілася будаваць «камунізм» у Перадзельскую школу. У каталіцкім Перадзельску яе «княжацкае» прозвішча загучала па-новаму.
— Сапегін. Сапега. Адным словам, палякі мяне прынялі за сваю, вылучылі асобную кватэру і добраўпарадкавалі яе. Я да гэтага часу з многімі з іх сябрую. Мы і на лыжах з моладдзю хадзілі, і танцавальны гурток у вёсцы «замуцілі». Часам сустракаю некаторых на пружанскім рынку. «О! — шэпчуцца бабулькі. — Дык гэта ж тая Надзя, якая нас танцам вучыла!» А падумаць толькі: мне восемдзесят, а ім — яшчэ больш, — працягвае свой аповед нестарэючая юбілярка, якая за сваю камсамольскую маладосць наладзіла цікавае жыццё па многіх вёсках раёна. За камсамольскімі справамі ёй і думаць не было калі аб прафесіі. Але прыйшоў час вучыцца.

Студэнцкія гады
— Колькі можна ездзіць туды-сюды? Не дай Бог, яшчэ заб’юць, калі даведаюцца, што дзед быў камуністам і людзей раскулачваў, — палохала мяне мама… І я ў адзін цудоўны дзень, нічога нікому не сказаўшы, напхала ў чамадан кніг — і паехала ў Мінск паступаць на журналіста. Паспяхова здала ўсе экзамены і вярнулася дадому ўжо студэнткай прэстыжнага ўніверсітэта… Вучылася, старалася, а потым адзін разумны чалавек мне неяк сказаў: «Бачыш, як бурліць ідэалогія, якая ў СМІ пануе цэнзура? Пра што ты будзеш пісаць? Пра тое, як жывёлы ў статку галодныя стаяць? Пра гэта нельга пісаць! Давядзецца выдумляць! Ты гэтага хочаш? Ідзі на іншы факультэт».
І Надзея Іванаўна, узважыўшы ўсе «за» і «супраць», перайшла на філалагічны факультэт. Некалькі гадоў вучылася на стацыянары, а затым перавялася на завочнае аддзяленне: каханне, якое толькі ўзмацнялася ў расстанні, клікала дадому, у Пружаны.

Каханне, навука
У 1961 годзе Надзея Іванаўна выйшла замуж за Аляксандра Іосіфавіча Казлоўскага. Афіцыйная рэгістрацыя іх шлюбу прайшла ў будынку пружанскага касцёла, у якім на той момант размяшчаліся Дом культуры і ЗАГС.
— Адразу пасля вяселля мяне накіравалі працаваць важатай у СШ № 1, дзе я шэфствавала над акцябратамі і піянерамі школы, а пасля заканчэння ўніверсітэта стала выкладаць ім рускую мову і літаратуру.
Праз пяць гадоў Надзея Іванаўна Казлоўская-Сапегіна перавялася ў новую гарадскую школу № 3, дзе прапрацавала практычна да самай пенсіі. Перад выхадам на заслужаны адпачынак яе са словамі «камсамольцы сваіх не кідаюць» запрасіў да сябе на працу дырэктар СШ № 5, даўні яе сябар і калега Віктар Мікалаевіч Каўрыга.
Сваю выкладчыцкую дзейнасць жанчына скончыла ў 57 гадоў і прыступіла да новых абавязкаў — клапатлівай і шчаслівай бабулі. Дочкі Святлана і Маргарыта «падарылі» ёй двух унукаў і дзвюх унучак, а на сённяшні дзень жанчына ўжо атрымала і ганаровы статус прабабулі: праўнучка Сафія вучыцца ў 3 класе, а Вераніка пойдзе ў школу ў наступным го-дзе.
— Я ўсім сваім хатнім калісьці сказала: ідзіце за мной! Мы з татам скончылі ўніверсітэт — і вы імкніцеся атрымаць вышэйшую адукацыю. Гэта ж такая скарбніца ведаў! Дзякуй Богу, да маёй парады прыслухаліся ўсе: і дзеці, і ўнукі. А мяркуючы па тым, як мае малалетнія праўнучкі любяць гуляць у шахматы і перамагаць у гэтай гульні, то, напэўна, у будучыні ім з лёгкасцю скарыцца любая навука! — шчыра ўсміхаецца шчаслівая прабабуля.
…і вера
— За плячыма ў мяне 80 гадоў жыцця. Усяго давялося перажыць: і добрага, і дрэннага. Але ў цэлым жыццё атрымалася някепскім. Мы з мужам вельмі кахаем адзін аднаго. А чатыры гады таму ў нашым жыцці адбылася яшчэ адна важная падзея: мы абвянчаліся. Не магу сказаць, што я, былая камсамолка, была абсалютна гатовая да Таінства Вянчання. Але прызнаюся, што нават у тыя часы, калі нельга было згадваць імя Бога ўслых, у нашым доме ў сталовай, наколькі памятаю, заўсёды вісеў абраз, перад якім мой дзядуля маліўся.
Відаць, па яго малітвах у жыцці маёй гераіні на восьмым дзясятку і адбылася такая радыкальная пераацэнка каштоўнасцяў… Дарэчы, усё адбылося, на здзіўленне, даволі спантанна. Яна паехала з мужам у Расію наведаць сваякоў і сустрэлася са сваім стрыечным братам — вядомым маскоўскім архімандрытам Ціханам Сапегам, які ў свой час 20 гадоў праслужыў у маскоўскім крымінальным вышуку і ў сілу сваіх абавязкаў курыраваў яшчэ і царкоўныя структуры.
— Брат бачыў, як у тыя складаныя часы барацьбы з Богам святары цярпліва неслі сваё сапраўды гераічнае служэнне, і прасякнуўся да іх глыбокай павагай. А потым сам, як пайшоў на пенсію, пабудаваў храм і прыняў манаства. «Я 20 гадоў ішоў да Бога, — сказаў ён мне пры сустрэчы. — Надышла і твая чарга: жыццё ў цябе найцікавейшае, дзеці цудоўныя, каханне тваё праверана гадамі. Ідзі пад вянец!» І мы з Сашам пайшлі. Пасля Вянчання вельмі добра ўсвядомілі, што жыццё пражыта нездарма.
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).

Один комментарий

  • Александр

    С Днём рождения, Надежда Ивановна! Вы, как и всегда, очаровательны и прекрасны! Всего Вам самого наилучшего, доброго здоровья, оптимизма, любви! С уважением, Тамара Николаевна и Александр Войтехович.

    Рейтинг комментария:Vote +1+3Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *