Суббота, 15 декабря 2018

Вопросы взаимодействия государства и религии в Беларуси обсудили на заседании в Пружанах

379

Як супрацоўнічаюць органы ўлады з рэлігійнымі арганізацыямі і нацыянальна-культурнымі аб’яднаннямі? Як кантралюецца выкананне заканадаўства аб свабодзе сумлення і веравызнання і як рэгулююцца міжканфесійныя адносіны? На гэтыя і іншыя актуальныя пытанні спецыялісты адказалі на выязным пасяджэнні калегіі апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей.
У мерапрыемстве, якое праходзіла ў Пружанах у рамках рэалізацыі Праграмы развіцця канфесійнай сферы, нацыянальных адносін і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой на 2016-2020 гады ў Брэсцкай вобласці, прынялі ўдзел прадстаўнікі гарадскіх, раённых і абласных органаў выканаўчай улады з усіх абласцей рэспублікі.
Прэзідыум калегіі ўзначаліла намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей А.І. Радчанка, якая ў сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў пасяджэння адзначыла, што невыпадкова горад Пружаны быў выбраны ў якасці інтэлектуальнай пляцоўкі для правядзення форуму такога значнага ўзроўню.
– Пружаны – горад з вялікай гісторыяй, дзе на працягу многіх стагоддзяў мірна суіснавалі прадстаўнікі розных канфесій і народнасцей і дзе сёння дасягнута гарманічная, узорная для іншых гарадоў абстаноўка ўзаемапавагі і дыялогу паміж рэлігійнымі арганізацыямі і дзяржаўнымі органамі кіравання, – сказала Алена Іванаўна.
З канкрэтнай «рэлігійнай» статыстыкай па нашым рэгіёне прысутных азнаёміў старшыня Пружанскага райвыканкама М.М.Крэйдзіч, які падкрэсліў, што на Пружаншчыне цалкам рэалізуюцца правы людзей на свабоду веравызнання, а прыярытэтным накірункам дзейнасці ўсіх 35 хрысціянскіх абшчын раёна застаецца ўмацаванне маральна-этычных асноў грамадства праз духоўнае выхаванне моладзі і ахову традыцыйнай сям’і і дзяцінства.
Як адзначыў кіраўнік раёна, нашы рэлігійныя абшчыны аказваюць пасільную фінансавую і, вядома, маральную падтрымку людзям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. З боку дзяржаўных структур пад патранажам аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама ў раёне рэгулярна арганізуецца шэраг пэўных мерапрыемстваў па ахове здароўя, сацыяльнай абароне, ахове гістарычнай спадчыны, у якіх прымаюць удзел і вернікі. Узаемадзеянне з рэлігійнымі суполкамі ажыццяўляецца на розных узроўнях, аднак найбольшая ўзаемная зацікаўленасць структур праяўляецца ў забеспячэнні захаванасці культавых будынкаў і царкоўных каштоўнасцей.
Пра існуючыя ў этна-канфесіянальнай сферы праблемы і супярэчнасці, а таксама пра недапушчальнасць іх выкарыстання ў палітычных мэтах згадаў у сваім выступленні намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама А. І. Вялічка. Падрабязней на праблемных момантах міжканфесіянальнай і міжэтнічнай палітыкі спыніліся ў асноўных дакладах начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Т.М. Гагакава і начальнік аддзела па справах рэлігій апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей А.У. Араеў.
Сёння існуе пэўная праблема перадачы рэлігійным структурам для выкарыстання па прамым прызначэнні помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, якія патрабуюць спецыяльнага догляду і прафесійнай рэстаўрацыі. Пачасціліся выпадкі невыканання царкоўнаслужыцелямі сваіх ахоўных абавязацельстваў. Застаецца актуальнай праблема культавых даўгабудаў, звязаная з адсутнасцю ў рэлігійных абшчын неабходных фінансавых сродкаў, а таксама з несвоечасовым афармленнем упаўнаважанымі царкоўнымі асобамі дакументаў на будаўніцтва храмаў.

Не ў поўнай меры, як лічаць спецыялісты, выкарыстоўваецца нацыянальна-рэлігійны каларыт у развіцці турыстычнай сферы рэгіёна. Таксама мала занятая ніша сацыяльнай дапамогі рэлігійнымі структурамі неабароненым слаям насельніцтва, што пры аптымальным развіцці магло б значна паменшыць нагрузку на мясцовыя бюджэты пры вырашэнні падобных пытанняў. Пры гэтым эксперты заклікаюць быць больш асцярожнымі ў пытаннях прыцягнення замежнай фінансавай дапамогі, паколькі нам цяжка аб’ектыўна меркаваць аб чысціні намераў замежных «донараў».
Увогуле дакладчыкі засяродзілі ўвагу прысутных на неабходнасці актывізацыі ў прыгранічным рэгіёне работы па выяўленні і спыненні дзейнасці адэптаў дэструктыўных сектаў і замежных місіянераў, у прыватнасці прыхільнікаў міжнароднай рэлігійнай арганізацыі «Сведкі Іеговы». Зафіксаваныя выпадкі распаўсюджвання адэптамі рэлігійнай літаратуры, прызнанай ужо ў многіх краінах экстрэмісцкай. Выклікаюць хваляванне і адмовы вернікаў ад планавай вакцынацыі, што можа прывесці да ўспышкі ў рэгіёне небяспечных захворванняў, у прыватнасці, такіх як адзёр…
Пасля абмеркавання асноўнага даклада і выступленняў удзельнікаў мерапрыемства былі падведзены вынікі пасяджэння калегіі. Акрамя таго, адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне асоб і ўстаноў, якія ўнеслі значны ўклад у справу захавання міжканфесійнай і міжнацыянальнай згоды і развіцця сувязяў з суайчыннікамі за мяжой.
Ганаровую грамату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей атрымалі старшыня райвыканкама Міхаіл Мікалаевіч Крэйдзіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Канстанцін Іванавіч Панімаш. Таксама за садзейнічанне захаванню духоўна-маральных і гісторыка-культурных каштоўнасцей, выхаванне ўзаемапавагі паміж прадстаўнікамі розных канфесій і нацыянальнасцей Ганаровай граматай быў узнагароджаны калектыў музея-сядзібы «Пружанскі палацык».
Падчас візіту ў Пружаны ўдзельнікі мерапрыемства наведалі царкоўны музей, створаны пры Свята-Аляксандра-Неўскім саборы, дзе экскурсію для іх правёў пружанскі благачынны протаіерэй Міхаіл Носка. Святар прадэманстраваў высокім гасцям сведчанні царкоўна-рэлігійнага мінулага нашай Пружаншчыны: святыя ўборы і ўзнагароды, кнігі і ноты, крыжы і іконы, плашчаніцы і харугвы, фатаграфіі і дакументы, якія раскрываюць выдатную структуру і дынаміку царкоўнага жыцця нашага раёна ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя.

Сустракалі гасцей і ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»: тут для іх была падрыхтавана музычная праграма ад народнага камернага хору Пружанскага ГПК і экскурсія па залах палацыка, якую правёў дырэктар музея Ю.С. Зялевіч.


Скончылася мерапрыемства знаёмствам з інфраструктурай турыстычнага комплексу «Дзікое» ў вёсцы Клятное, дзе два гады таму намаганнямі ўраджэнца вёскі, а цяпер жыхара горада Санкт-Пецярбурга расійскага прадпрымальніка Мікалая Бурнаса быў узведзены храм у гонар святых мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі.

Алена Зялевіч, фота аўтара і Сяргея Талашкевіча

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *