Суббота, 15 декабря 2018

Благотворительный марафон «Все краски жизни для тебя» помог собрать средства для пружанского мальчика Тимофея Дырмана

618

Пружаны прынялі эстафету дабрыні: у рамках рэалізацыі рэспубліканскага дабрачыннага марафону «Усе фарбы жыцця для цябе» на мінулым тыдні ў гарадскім Палацы культуры прайшоў канцэрт з удзелам беларускіх зорак эстрады. «Запусціў» эстафету Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. У Пружаны «Добрыя сэрцы» (менавіта так называецца валанцёрскі рух БРСМ) беларускай эстрады прыехалі, каб падтрымаць цяжкахворага пружанскага хлопчыка Цімафея Дырмана.
Зразумела, не ў нашых сілах кардынальна памяняць свет, але ўдзельнікі канцэрту выйшлі на сцэну з перакананнем: як мінімум мы можам паклапаціцца пра тых, хто жыве побач і мае патрэбу ў нашай дапамозе. І маюць рацыю, бо дзякуючы марафону, ужо аказана матэрыяльная і сацыяльная дапамога многім дзеткам, якія сёння бязмежна ўдзячны за гэта добрым людзям.
Адным з першых на сцэну выйшаў калектыў маленькіх танцораў «Амялі», які займаецца пры мясцовым Палацы культуры пад кіраўніцтвам А. Строка. Гучнымі апладысментамі гледачы сустракалі юную Данаю Шаршавіцкую, Інгу Кісялёву — лаўрэатаў шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, Руслана Асланава, Ангеліну Піпер, Аляксандра Мінёнка, прадстаўнікоў Беларусі на дзіцячым «Еўрабачанні» ў розныя гады. Акрамя таго, у падтрымку дабрачыннага марафону на сцэне выстпупілі такія беларускія выканаўцы як Ганна Шаркунова, ALEN HIT, гурт «Las–Vegas», тэлевядучая і спявачка Вольга Сацюк, юная вакалістка Каця Волкава.

Часцінку сваёй шчодрай, таленавітай душы падарылі пружанцам удзельнікі шоу казацкай песні і танца «Маме падабаецца»…
На сцэну падняліся і людзі, якія дапамаглі ўвасобіць гэтую добрую справу ў жыццё ў Пружанах: старшыня раённага Савета дэпутатаў М. П. Кудравец і намеснік старшыні райвыканкама Р. В. Супрыновіч. «Шчыра спадзяюся, што такім чынам мы вучым людзей дабрыні», — зазначыў першы сакратар абкама БРСМ Ю. С. Сегянюк, які таксама прыехаў у Пружаны.
Актывісты і валанцёры з гімназіі вырашылі стварыць спецыяльны плакат пажаданняў для Цімафея. Кожны жадаючы мог напісаць шчырыя і цёплыя словы, адрасаваныя хлопчыку, і прымацаваць свае пажаданні да плаката, які перадалі Цімафею Дырману.
Вось ужо амаль тры гады як Цімафея выхоўвае Наталля Макарава. Хлопчыку не было і трох гадоў, калі яго біялагічныя мама і тата былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Практычна адразу ж хлопчыка забрала прыёмная сям’я. «Сям’я Цімошы шматдзетная. Прызнаюся, я хацела ўзяць на выхаванне яго сястру, але ў бальніцы маю ўвагу звярнулі менавіта на гэтага хлопчыка: маўляў, гэтаму дзіцяці мая дапамога патрэбна больш», — расказвае Наталля Сяргееўна.
Тое, што хлопчыку патрэбна не проста дапамога, а спецыяльны догляд, жанчыне было відавочна з першага знаёмства з дзіцём, якое памясцілі ў інфекцыйнае аддзяленне бальніцы: «Ціма не размаўляў. Ён толькі круціў галавой і крычаў, як я разумела, «Не буду!». І не хадзіў. Зусім. Словам, нейкія праблемы з ножкамі былі відавочны».
І ўсё-такі Наталля Макарава вырашыла стаць мамай для Цімафея. Шматлікія паездкі па медыцынскіх цэнтрах, абследаванні паказалі, што ў хлопчыка ўроджаны парок развіцця нервовай сістэмы. Урачы зусім не пакінулі надзеі ні на мінімальныя станоўчыя зрухі ў развіцці, ні, тым больш, на папраўку. Аперацыя па пэўных прычынах наогул аказалася супрацьпаказанай. Толькі здзівіліся, што дагэтуль хлопчыку не далі групу інваліднасці.
Наталля Сяргееўна не ўтойвае, што было ўсё: і мінуты адчаю, і слёзы. «Але калі аднойчы ў момант поўнага адчаю заплакала наўзрыд, а Цімафей раптам вымавіў: «Мама, не плач!» — зразумела, што нашы справы не такія ўжо і дрэнныя», — успамінае Н. С. Макарава.
Пакуль урачы думалі, як усё-такі дапамагчы хлопчыку стаць на ногі, Цімафей навучыўся нармальна хадзіць, добра размаўляць і нават у свае пяць гадоў добра асвоіў камп’ютар. Урачы-прафесары на гэта толькі паціскаюць плячыма і гавораць Наталлі Сяргееўне, што яна лечыць хлопчыка сваёй любоўю.
Да слова, сваімі клопатам і дабрынёй яна ахутала не аднаго Цімафея. Наталля Сяргееўна, акрамя роднай дачкі Вольгі, выхавала прыёмнага сына Андрэя. Хлопчык — сын сваячкі, які аказаўся пад яе апекай, калі яму не было двух гадоў.
Асобную заслугу ў сацыяльнай адаптацыі Цёмы мама прыпісвае суседскай дзяўчынцы Вераніцы Крупкевіч: дзяўчынка — адзіны яго сябар, які не проста бавіцца з Цімафеем, але і ўласным прыкладам вучыць дабрыні.
Увогуле, як зазначае Наталля Сяргееўна, узяўшы на выхаванне Ціму, яна пераканалася, што свет усё-такі не без добрых людзей. «Я пастаянна адчуваю падтрымку і дапамогу ад старонніх людзей. Вельмі ўдзячна спецыялістам прытулку ў Сонечным, членам Чырвонага Крыжа, калектыву цэнтра карэкцыйнага развіцця, Валянціне Чаевіч, Наталлі Іванцовай, Сяргею Блізнянскаму… Кожны дапамагае, як можа: хто словам, хто справай, хто рэчамі. Што тычыцца медыкаў, асобныя словы ўдзячнасці Ірыне Іванаўне Каўганка, нізкі паклон урачу прыватнай клінікі Руслану Мікалаевічу Брынчуку, які, даведаўшыся пра нашу бяду, кансультуе і абследуе нас абсалютна бясплатна».
… У цэлым дабрачынны канцэрт атрымаўся душэўным і запамінальным. Шмат падарункаў і добрых слоў адрасавалі хлопчыку і яго маме артысты, прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый. Вось толькі, на жаль, асабіста яны іх прыняць не змаглі: напярэдадні Цімоша захварэў і ад паходу на канцэрт давялося адмовіцца. Таму падарункі і сабраныя сродкі, а таксама пажаданні перадалі ім пасля. Сертыфікат на атрыманне матэрыяльнай дапамогі ў памеры 800 рублёў уручыў старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Мікалай Кудравец. А першы сакратар райкама БРСМ Аляксандр Бабігорац перадаў яшчэ адзін падарунак — дабрачынны сертыфікат на 1000 рублёў ад Брэсцкага фонду дапамогі дзецям «Сэрца анёла».
Сродкі, выручаныя з продажу білетаў, — а гэта каля 1800 рублёў — таксама накіравалі на аказанне дапамогі Цімафею. Варта адзначыць, што ключавую ролю тут адыграла раённае аб’яднанне прафсаюзаў: большую палову білетаў набылі менавіта члены прафсаюзных пярвічак.
Няхай дабрачынны праект цалкам і не вырашыць праблемы Цімафея Дырмана, тым не менш, хоць трошкі аблегчыць лёс, дазволіць не заставацца хлопчыку і яго прыёмнай маме сам — насам са сваімі праблемамі. І згадзіцеся, не так ужо і складана аказалася падзяліцца з бліжнім часцінкай сваёй душы і падтрымаць яго, у тым ліку маральна.
Марына Вакульская,Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *