Суббота, 15 декабря 2018

Наш опрос: нужен ли штамп в паспорте?

690

Апошнім часам у грамадстве стала моднай такая сацыяльная з’ява, як грамадзянскі шлюб. Маладыя пары часта адмаўляюцца афіцыйна рэгістраваць свае адносіны, лічачы, што штамп у пашпарце не мае ніякай сілы і толькі губіць адносіны. «Мы кахаем адзін аднаго і выдатна пражывём без гэтых фармальнасцяў», — прыкладна так разважаюць закаханыя. А як ставяцца да штампа ў пашпарце нашы пружанцы?

Анастасія:
— Грамадзянскі шлюб? Хутчэй, «за», чым «супраць». Гэта выдатная праверка праўдзівасці пачуццяў людзей, гэта своеасаблівая падрыхтоўка да рэальнага сямейнага жыцця, якая дазваляе пазнаць чалавека з усіх бакоў і зразумець, які ён ёсць — без «ружовых акуляраў». У цэлым, лічу, што калі людзі доўгія гады жывуць разам, не звязаўшы сябе абавязацельствамі, то яны сапраўды кахаюць адзін аднаго, а не штучна ўтрымліваюць «ячэйку грамадства». Штамп не з’яўляецца ні гарантам, ні сведчаннем кахання.

Кацярына:
— А я наадварот — толькі за штамп. Грамадзянскі шлюб прыдуманы для мужчыны: сёння з адной, заўтра з другой. Падобнае сумеснае жыццё зневажальнае для жанчыны. Правоў у яе ў такім становішчы ніякіх, а вось абавязкаў — як у звычайным шлюбе. З іншага боку, вядома, сам штамп не ўмацоўвае пачуцці, не гарантуе вечную прыхільнасць. Затое дзіця, народжанае ў афіцыйным шлюбе, мае значна больш правоў, чым народжанае па-за шлюбам.

Раіса:
— З пункту гледжання ўзаемаадносін паміж канкрэтнымі маладымі людзьмі я не бачу нічога дрэннага ў грамадзянскім шлюбе: ёсць толькі ён і яна, і толькі ім вырашаць, як жыць. Але калі ў такой сям’і з’яўляюцца дзеці, пытанне пачынае гучаць па-іншаму. Шлюб, не замацаваны дзяржавай, стварае пэўныя праблемы, якія маюць дачыненне да становішча дзіцяці ў тым ліку. У дзяцей павінна быць права на жыллё і маёмасць, іншыя гарантыі і льготы. Дзеці павінны цвёрда стаяць на нагах…

Святлана:
— Я толькі за штамп у пашпарце! Грамадзянскі шлюб — гэта банальнае сужыццё. «Сужыцелька», «сужыцель» — пагадзіцеся, далёка не рамантычныя словы. І на самай справе, ніякага дачынення да сапраўднага шлюбу яны не маюць. Чыстай вады баязлівасць, эгаізм і безадказнасць. Калі паміж мужчынам і жанчынай сапраўднае каханне, то ім няма сэнсу правяраць і пераправяраць адзін аднаго. Трэба смела ставіць штамп — і проста жыць і кахаць, а не марнаваць час на такое сумеснае жыццё. Здзіўляюся, чаму маладыя людзі так баяцца гэтага штампа?

Юрый:
— Апошнім часам у людзей перамяшаліся ўсе паняцці. Як кажа адзін знаёмы святар, сапраўдны грамадзянскі шлюб — гэта ў рэчаіснасці той шлюб, які заключаецца ў загсе. Яго царква прызнае. Усё астатняе — банальная распуста і сужыццё. Праўда, не варта хітрыць: штамп у пашпарце, вядома ж, кахання не дадае, затое гарантуе дзецям магчымасць заяўляць пра свае маёмасныя правы. У любым выпадку ставіць штамп ці не ставіць — асабістая пазіцыя кожнага. Не мне судзіць.

Мікіта:
— Грамадзянскі шлюб — гэта нежаданне браць на сябе адказнасць за іншага чалавека. Гэта як гульня ў фальшывую сям’ю: быццам бы і жанаты, а пашпарт чысты, а значыць, шлях да адступлення адкрыты. Лічу, гэта несумленна ў адносінах да каханага чалавека. Калі кахаеш кагосьці, то ў любым выпадку афіцыйная рэгістрацыя і вяселле павінны быць. Гэта ж так прыемна — убачыць сваю каханую ў белай шлюбнай сукенцы і ўзяць сваю прынцэсу на рукі! Навошта пазбаўляць сябе такой прыгажосці? Чаму не сабраць сваіх родных і сяброў на сапраўдны баль, каб падзяліцца з усімі сваёй радасцю?

Андрэй:
—Я жанаты. У маім пашпарце ёсць штамп. І гэтым усё сказана. Адносіны павінны быць узаконеныя. Сорамна, што сёння многія маладыя хлопцы — моцны пол называецца! — не спяшаюцца рэгістраваць свае адносіны з любімымі дзяўчынамі, чамусьці лічачы, што ў такім выпадку ў любую хвіліну змогуць адмовіцца ад «жонкі», ад дзяцей і заявіць, што халастыя, бо ў пашпарце няма штампа. А жанчыне потым даказвай, што яна з мужчынам вяла агульную гаспадарку, даказвай факт яго бацькоўства. Людзі, што з нашым грамадствам здарылася?
Фота Сяргея Талашкевіча

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *