Суббота, 15 декабря 2018

Праздничный фоторепортаж из ОАО «Журавлиное»

606

У чым сакрэт станоўчай дынамікі дзейнасці акцыянернага таварыства? Як лічыць дырэктар гаспадаркі Д.М.Якутчык, у карпатлівай кадравай палітыцы, калі кожны працаўнік ведае, што яго добрасумленная праца не застанецца незаўважанай. Такі падыход спрыяе таму, што ў арганізацыі нязначны адток спецыялістаў і толькі па аб’ектыўных прычынах. А прыток моладзі тут фіксуюць практычна штогод.
— Сёлета да нас прыйшло працаваць 13 маладых спецыялістаў: у ветэрынарную і інжынерную службы, у сектар грамадскага харчавання, папаўненне і сярод адміністрацыйных работнікаў,— расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце З.М.Усік.
Для таго, каб ствараць належныя ўмовы працы, кіраўніцтва таварыства дбае не толькі пра годныя заробкі, але і пра забеспячэнне жыллём: толькі ў бягучым годзе здадзены ў эксплуатацыю тры дамы сядзібнага тыпу. І, вядома ж, не забываюцца тут і пра яднаючыя мерапрыемствы — сумесныя экскурсіі, працоўныя і спартыўныя спаборніцтвы.
І гэта дае эканамічны вынік: нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я сёлетняга сезона, ААТ «Жураўлінае» па многіх накірунках упэўнена плюсуе. На ўборцы збожжавых і зернебабовых культур удалося атрымаць ураджайнасць 30,6 ц/га. Асабліва выдзяляюць гаспадарку не толькі на раённым, але і абласным узроўні жывёлагадоўля і звязаныя з ёй галіны. Па вытворчасці мяса акцыянернае таварыства які год запар утрымлівае пазіцыі лідараў. напрыклад, сёлета ў агульнараённым аб’ёме амаль 43% вытворчасці мяса належыць гэтай сельгасарганізацыі. Найлепшых вынікаў па сярэднясутачных прывагах дабіліся жывёлаводы Алена Уладзіміраўна Тарасевіч, Галіна Сяргееўна Вядзерчык, Ірына Вячаславаўна Маркава і Ала Паўлаўна Семянчук. Штогод работнікі жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі прызнаюцца лепшымі ў вобласці і нават рэспубліцы: сёлета на п’едэстал гонару ўзышлі за дасягнутыя вынікі Генадзь Міхайлавіч
Неўдах і Наталля Васільеўна Абрамава.
Лідзіруе ААТ «Жураўлінае» і па прадукцыйнасці дойнага статка, бо сёлета тут мяркуецца атрымаць больш за 7 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. Такімі паказчыкамі напрыканцы года абавязкова адзначацца МТК «Ляжайка», «Мокрае» і «Клепачы». За плённую працу і дасягнутыя вынікі кожны пераможца заўсёды ўзнагароджваецца матэрыяльна, што яшчэ больш заахвочвае калектыў. Як паказвае практыка, падобная стратэгія сябе апраўдвае.
У перавозцы нарыхтаваных кармоў многае залежыць ад вадзіцеляў транспартных сродкаў. Хуткасць, дакладнасць і, зразумела, спраўнасць — тры «кіты», на якіх трымаецца выніковасць гэтай справы. І найлепшых вынікаў у гэтым дасягнулі менавіта тры волаты гаспадаркі — Ю.А.Семка на «МАЗе», С.І.Місюля на «КамАЗе» і А.М.Васюковіч на трактары «Беларус 3022 ДЦ.1».

Нягледзячы на тое, што акцыянернае таварыства — шматпрофільная арганізацыя сельскагаспадарчай прамысловасці, асноўны акцэнт усё-такі робіцца на жывёлагадоўлю і звязаныя з ёй галіны. Менавіта ў гэтым гаспадарка заўсёды займае вышэйшыя радкі раённага і нават абласнога рэйтынгу.
Як расказвае аграном па кормавытворчасці В.В.Кічкайла (на здымку), сёлета было нарыхтавана амаль 2,3 тысячы тон сена, каля 6 тысяч тон сенажу (плюс да плана 112%), у тым ліку 3,4 тысячы тон у плёнцы, 3,3 тысячы тон у збожжасенажы. Асабліва парадаваў кукурузны сілас, якога нарыхтавана звыш 48 тысяч тон. Усяго ў кармавых адзінках гаспадарка назапасіла на міжсезонны перыяд амаль 33 тысячы тон, што складае крыху больш за 30 ц кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву БРЖ.
— Год быў надзвычай складаны, капрызы прыроды прыводзілі да таго, што я бачыла сваю сям’ю толькі да світання і позна вечарам,— успамінае Вольга Васільеўна.— Але мы разам здолелі прайсці гэтае выпрабаванне, і цяпер нам не страшныя наступныя.

Штогод у спісе лідараў можна ўбачыць С.С.Сахарука, які рэгулярна ставіць рэкорды на корманарыхтоўках. У бягучым годзе ён таксама стаў пераможцам у вобласці, нарыхтаваўшы на сваім «Ягуары» звыш 54 тысяч тон кармоў. Але на гэты раз у рэйтынг лепшых ён трапіў не адзін, а разам з яшчэ адным лідарам — А.М. Баран нарыхтаваў больш за 52 тысячы тон.

НА ЗДЫМКУ: пагрузку чарговага рэйса вядзе вадзіцель пагрузчыка А.М.Манцэвіч.
Бягучы год прынёс ААТ «Жураўлінае» рэкордны ўраджай яблыкаў: садаводы гаспадаркі сабралі больш за тры з паловай тысячы тон салодкіх «вітамінаў». Добра ўрадзілі практычна ўсе гатункі з амаль двух дзясяткаў, якія тут культывуюць.
Цяпер работа кіпіць на садавінасховішчы, якім загадвае Т.Ф.Ярошка. Штодня адсюль адыходзяць фуры: з сартаванай прадукцыяй — на продаж, з некандыцыйным яблыкам — на перапрацоўчую прамысловасць. Дарэчы, яблычнае пюрэ «АВС» вырабляецца ў тым ліку і з яблыкаў ААТ «Жураўлінае».
На здымку: разам з Т.Ф.Ярошка кантралююць сартаванне садаводы Т.І.Карняйчук і А.У.Ботвіч.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *