Суббота, 24 октября 2020

Как Андрей Кругленя со своими единомышленницами популяризирует здоровый образ жизни

1 135

У гэты дзень многае ў Пружанах адбылося ўпершыню. Упершыню ў Палацы культуры праводзіўся турнір па бодзібілдынгу “Славянскі кубак”, упершыню пружанскі спартсмен Андрэй Кругленя выступіў у якасці старшыні аргкамітэта і таксама ўпершыню на подыум выйшлі нашы зямлячкі Алена Волкава і Вольга Стасевіч.
— Наогул фітнесам я займаюся больш за 10 гадоў, — пачынае свой аповед пра тое, як адважылася на ўдзел у спаборніцтвах, Алена Волкава. – Увесь гэты час я займалася пад кіраўніцтвам Таццяны Хадаровіч, за што вялікі ёй дзякуй! Заняткі спортам даўно сталі маім ладам жыцця, толькі з кожным годам мне ўжо хацелася большых нагрузак. Так я і трапіла ў трэнажорную залу, якую наведваю ўжо тры гады. Пры гэтым я працягваю хадзіць на фітнес. Увесь гэты час я займалася спортам дзеля сябе: па-першае, я атрымліваю задавальненне ад саміх заняткаў, па-другое, ад свайго адлюстравання ў люстэрку. Пра тое, каб прымаць удзел у якіх-небудзь спаборніцтвах, ніколі не ішла і гаворка. Але два месяцы таму я пазнаёмілася з Андрэем Кругленем…
— І мой удзел у турніры адбыўся дзякуючы Андрэю, — расказвае сваю гісторыю Вольга Стасевіч. – Я таксама шмат гадоў наведваю трэнажорную залу. Спачатку мне дапамагаў інструктар Андрэй Семянчук, а калі ён змяніў месца працы, стала карыстацца парадамі Андрэя Круглені. Дарэчы, мы даўно знаёмы, абое ваеннаслужачыя. Вось ён і прапанаваў паспаборнічаць. Прызнацца, асаблівых роздумаў не было: адразу вырашыла для сябе, што буду ўдзельнічаць, тым больш што адчула вялікую падтрымку з боку маіх родных.
Не так лёгка рашэнне далося Алене. Вагалася яна да самага апошняга моманту, хоць увесь час яе і падштурхоўвалі да ўдзелу дзеці і бацькі. Але, па яе прызнанні, галоўнымі сталі словы Андрэя: маўляў, ты столькі гадоў працуеш над сваім целам, няўжо не жадаеш, каб прафесіяналы справы сказалі табе, якая ты малайчына?
Мэтанакіравана да спаборніцтваў дзяўчаты рыхтаваліся месяц. За гэты час трэба было не толькі ўдасканаліць сваё цела, але і набыць спецыяльны купальнік, басаножкі, упрыгожванні, грым, вячэрнюю сукенку – усё пэўнага стандарту. Задавальненне не з танных, але Алена і Вольга зрабілі ўсё, каб шыкоўна выглядаць на сцэне.
Першае выступленне (для журы) пачалося раніцай. Зала была запоўнена ў асноўным роднымі і сябрамі канкурсантак, але нават гэта не надавала ўпэўненасці. Ужо потым, за кулісамі, калі ўсе спартсменкі пазнаёміліся і больш вопытныя далі шэраг парад сваім пачынаючым калегам, напружанне спала. І падчас другога паказу пружанскія дзяўчаты выглядалі намнога больш упэўненымі.
У сваіх першых спаборніцтвах і Алена, і Вольга заваявалі прызавыя месцы (3 і 2 кожная ў сваіх катэгорыях). І абедзве атрымалі запрашэнне на спаборніцтвы, якія пройдуць вясной у Мінску. Вольга ўжо сёння рашуча настроена і разам з Андрэем пачне ўзмоцненыя трэніроўкі ў снежні. Алена кажа, што пакуль сумняваецца. Але нешта мне падказвае, што і яна прадставіць наш горад на турніры ў сталіцы.
Наогул у трэнажорнай зале Воднага палаца займаецца шмат пружанскіх дзяўчат. Андрэй Кругленя не выключае, што ў хуткім часе некаторыя з іх папоўняць шэрагі канкурсантак. І Андрэй, і Алена з Вольгай гатовы падзяліцца сваімі ведамі і дапамагчы пры першых трэніроўках. А гарантыяй прыгожай фігуры і здаровага цела яны называюць фізічныя нагрузкі і правільнае харчаванне.

Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Сцепанюка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *