Вторник, 20 октября 2020

В Хореве открылся новый храм

714

Доўгачаканую радасць адчулі вернікі, калі ў мінулы чацвер у вёсцы Харава адкрыўся новы храм — праваслаўная царква іконы Божай Маці «Спарыцельніца хлябоў». Гэты храм быў пабудаваны за шэсць гадоў літаральна на пустым месцы. Але, як расказваюць старажылы, раней у Хараве была свая царква, пабудаваная яшчэ ў першай палове мінулага стагоддзя. Але ў гады Вялікай Айчыннай вайны яна была разбурана, а пазней агонь поўнасцю знішчыў храмавыя рэшткі.
У святочнай цырымоніі адкрыцця новай царквы прыняў удзел архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, які здзейсніў чын асвячэння пабудаванага будынка, а пасля ў храме была адслужана першая Боская літургія. У гэтым Яго Праасвяшчэнству дапамагалі свяшчэннаслужыцелі з Брэста і Пружанскага раёна.
На ўрачыстасці адкрыцця царквы архіепіскап узнагародзіў айца Анатолія Кавальскага правам нашэння залатога крыжа — іерархічнай царкоўнай узнагароды, якая даецца за шчырае служэнне Маці Царкве і панесены ім клопат. Трэба адзначыць, што, у многім дзякуючы хараўскому святару, у вёсцы з’явіўся свой храм. Менавіта айцец Анатолій пачаў работу па зборы сродкаў ад мясцовых жыхароў, многія з якіх, дарэчы, ахвотна ўключыліся ў працэс, ахвяруючы зберажэнні на добрую справу. Зразумела, што ініцыятару і яго паплечнікам давялося прайсці доўгі і даволі цярністы шлях, але цяпер вяскоўцы маюць магчымасць атрымаць духоўную параду і збавенне ад душэўных пакут у сваёй, Хараўской, царкве. Пра гэта ў звароце да прыхаджан і гасцей мерапрыемства паведаміў уладыка Іаан, які выказаў спадзяванне, што хараўскі храм дапаможа вёсцы квітнець і пашырацца, што тут будуць нараджацца новыя жыхары і затрымлівацца моладзь у сельскай мясцовасці. А таксама будзе захоўвацца мір у сем’ях, з суседзямі і з вернікамі іншых канфесій.
Напрыканцы богаслужэння з нагоды асвячэння царквы іконы Божай Маці «Спарыцельніца хлябоў» прайшоў хрэсны ход, у якім прынялі ўдзел усе людзі, якія сабраліся на свяце.
Ад рэдакцыі.
Ікона Божай Маці «Спарыцельніца хлябоў» была ўпершыню напісана ў 1890 годзе. На ёй адлюстравана Багародзіца, якая сядзіць прама на аблоках. Яе рукі ўзняты для блаславення, якое сыходзіць на жыта ў полі. Па задумцы старца Амвросія, часта жыта адлюстроўваецца ў выглядзе сабраных снапоў.
Слова «спарыцельніца» мае значэнне памочніцы. Таму малітвы да Багародзіцы перад іконай «Спарыцельніца хлябоў» дапамагаюць у набыцці хлеба надзённага. Таксама вернікі прасілі перад іконай блаславення з нагоды пачатку якой-небудзь справы, дапамогі і апекі ў атрыманні добрага ўраджаю. Гаворыцца, што такія ж малітвы дапамагаюць пазбавіцца беднасці і наладзіць свой дабрабыт, вырашыць розныя жыццёвыя і бытавыя праблемы. Раней у дамах, каб там панавала багацце і шчасце, заўсёды трымалі ікону Божай Маці «Спарыцельніца хлябоў».
Алег Сідарэнка.
Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *