Суббота, 31 октября 2020

В январе планируется открытие музея воинов-интернационалистов. Активисты все еще собирают экспонаты

524

Як расказвае ініцыятар стварэння на Пружаншчыне музея воінаў-інтэрнацыяналістаў старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В.М.Гарахавіцкі, ідэя аб адкрыцці такой установы, якая не толькі захоўвала б памяць аб тых падзеях, але і стала б яшчэ адным звяном у рабоце па патрыятычным выхаванні наступных пакаленняў, узнікла шэсць гадоў таму.
— Мы разумелі, што адразу яе рэалізаваць будзе вельмі складана, і таму дзейнічалі паступова,— дзеліцца вопытам Валерый Мікалаевіч.
«Інтэрнацыяналісты» пачалі здалёк: спачатку звярнуліся ў райвыканкам з просьбай аказаць падтрымку ва ўстаноўцы памятных дошак у скверы «афганцаў» па вуліцы Тармасава. У выніку раённая ўлада аказала фінансавую падтрымку добрай справе.
Пазней невялікую экспазіцыю адкрылі ў прыстасаваным памяшканні ў ДТСААФ. Гэта было часовае вырашэнне пытання, бо вітрыны ўстанавілі ў вучэбным класе толькі на кароткі тэрмін. Тым не менш, за гэтыя некалькі гадоў экспазіцыю, нават у такім скарочаным выглядзе, наведалі з экскурсіямі тысячы людзей. Некаторыя наведвальнікі настолькі натхніліся патрыятычнай ідэяй, што пачалі прыносіць свае сямейныя рэліквіі, якія захоўваліся з часоў вайны ў Афганістане.
— Але выдзелены тэрмін скончыўся, і мы згарнулі выставачную дзейнасць, аднак ад ідэі займець уласнае памяшканне не адмовіліся.
Разам з прадстаўнікамі раённай улады ветэраны аб’ехалі літаральна ўвесь раён у пошуку месца, якое найбольш падыходзіць для музея, але гэтая задача аказалася вельмі складанай. Справа ў тым, што музей — месца, прызначанае для масавага наведвальніка і, адпаведна, ствараць яго ў якой-небудзь аддаленай вёсцы неразумна. Выйсце падказаў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаш, які прапанаваў памяшканне ў Палацы культуры. І прапанова задаволіла практычна ўсе зацікаўленыя бакі, бо адпавядала многім патрабаванням.
Толькі ж зноў ветэраны сутыкнуліся з фінансавай праблемай: патрэбна было адасобіць выдзеленае памяшканне, прыстасаваць яго пад музей. Добра, што паспелі адшукаць выдатныя вітрыны з падсветкай. Вырашыць «грашовае» пытанне дапамог старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч: з раённага бюджэту было выдзелена дзве з паловай тысячы рублёў на ўстаноўку шкляной перагародкі.
Разам з тым неабходна было вырашыць і пытанні з нерухомасцю і правільным афармленнем патрэбнага пакета дакументаў на музей як асобную ўстанову. У гэтай справе вялікую дапамогу аказаў намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч.

У выніку на «новае месца» экспазіцыя пераехала ў складзе 600 экспанатаў. Частка з іх пакуль застанецца ў «запасніку» музея ў якасці абменнага фонду, а самыя цікавыя зоймуць сваё месца на вітрынах і стэндах. Апошнія пакуль яшчэ не цалкам запоўненыя. Каб завяршыць справу, неабходна прыкласці яшчэ нямала намаганняў.
— Днямі я сустрэўся з дырэктарам музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Ю.С.Зялевічам, які паабяцаў аказаць дапамогу ў правільным афармленні экспазіцыі з пункту гледжання прафесіянальнага падыходу,— расказвае старшыня раённай арганізацыі ветэранаў-«афганцаў».— І пасля заканчэння ўсіх падрыхтоўчых работ музей вайсковай славы воінаў-інтэрнацыяналістаў адчыніць свае дзверы наведвальнікам, што запланавана на студзень наступнага года. З гэтай нагоды мы распрацоўваем урачыстае мерапрыемства, якое не пакіне раўнадушным нікога.
Першы поспех падштурхоўвае «афганцаў» да наступных крокаў: як расказвае Валерый Гарахавіцкі, з падачы ветэранаў-«афганцаў» зараз распрацоўваецца турыстычны маршрут пад рабочай назвай «Шлях вайсковай славы», у які будуць уваходзіць сквер «афганцаў» на вуліцы Тармасава, музей воінаў-інтэрнацыяналістаў і выстава ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам у парку імя Гудзімава.

Пакуль жа хапае клопатаў з музеем вайсковай славы. Аднак і пасля яго адкрыцця работа па напаўненні і далейшым уладкаванні экспазіцыі будзе працягвацца. Пэўную суму для вырашэння адпаведных пытанняў ветэраны раённай арганізацыі сабралі, але гэта, як кажуць, кропля ў моры. Таму В.М.Гарахавіцкі праз газету звяртаецца да ўсіх неабыякавых людзей і кіраўнікоў арганізацый раёна з просьбай аказаць неабходную фінансавую падтрымку. Акрамя таго, дзеля папаўнення падменнага фонду, што дасць магчымасць перыядычна мяняць выставы і экспанаты ў іх, старшыня ветэранскай арганізацыі просіць тых жыхароў раёна, у каго дома захоўваюцца сямейныя рэліквіі адпаведнай тэматыкі, перадаць іх для дэманстрацыі і такім чынам падтрымаць работу музея ў патрыятычным выхаванні моладзі. Кантактны тэлефон Валерыя Мікалаевіча: 8-033-331-24-52.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *