Суббота, 31 октября 2020

Наш опрос: как часто вы совершаете добрые поступки?

614

Традыцыяй у многіх краінах свету стала святкаванне 13 лістапада Сусветнага дня дабрыні, датай для якога абралі дзень адкрыцця ў 1998 годзе ў Токіа першай канферэнцыі Сусветнага руху дабрыні. Праўда, у нас гэтае свята мала вядомае.
Згодна з даследаваннямі псіхолагаў і ўрачоў з розных краін, людзі, якія штодзень робяць добрыя справы, лепш адчуваюць сябе, бачаць сваё жыццё гарманічным, маюць добры імунітэт, а значыць, менш хварэюць і даўжэй жывуць. Калі чалавек робіць штосьці добрае іншым людзям, у яго павышаецца ўзровень лімфацытаў, пашыраюцца сасуды, што спрыяе правільнай рабоце сэрца, мозг выпрацоўвае вялікую колькасць эндарфінаў, якія супакойваюць чалавека. Урэшце, спагадлівасць суправаджаецца душэўным пад’ёмам.
Ці шмат дабрыні ў жыцці пружанцаў, мы пацікавіліся ў прахожых на вуліцах нашага горада.

Аляксандр:
— Хваліцца сваімі добрымі ўчынкамі, на маю думку, нясціпла. Але запэўніваю, што я іх раблю, калі папросяць. Нямала дабра атрымліваў і сам. Дарэчы, маё жыццёвае назіранне сведчыць, што на добрыя ўчынкі ў наш час здольныя хутчэй чужыя людзі, чым блізкія. Магчыма, гэта толькі ў мяне так атрымліваецца.
Увогуле лічу, што ў жыцці ўсё вяртаецца па законе бумеранга: дапаможаш чымсьці чалавеку — і дапамогуць табе.

Марына:
— Добрыя ўчынкі, якія камусьці рабіла я, вось так адразу не згадаю. Напэўна, таму, што раблю іх проста так, ад усёй душы, без карыслівых памкненняў. Блізкім людзям, вядома, часцей стараюся рабіць прыемнасці. Нядаўна, напрыклад, убачыла ў магазіне брошку-паўліна. Купіла яе і без нагоды падарыла маме: ёй вельмі падабаюцца гэтыя птушкі.
Я таксама бываю адрасатам дабрыні. Чамусьці запомніўся выпадак, калі ішла па вуліцы і малады чалавек проста так падарыў мне кветкі. Такі ўчынак лічу таксама праявай дабрыні: злы чалавек так не зрабіў бы.

Кацярына Іванаўна Бабіч:
— На маю думку, дабрыня пачынаецца з самаацэнкі чалавека. Калі будзеш любіць сябе, тады будзеш любіць і навакольных, а значыць, рабіць ім дабро. Калі гаварыць пра дарослых, мне здаецца, чалавек, у якога ёсць дзеці, адназначна здольны на добрыя ўчынкі.
Запомніўся выпадак, які здарыўся, калі жыла ў Баранавічах. Вярталася дамоў з вельмі дрэнным самаадчуваннем, якое суправаджалася высокай тэмпературай. Абсалютна незнаёмая бабуля ў аўтобусе звярнула на мяне ўвагу і саступіла месца. Ёсць у жыцці месца і дабрачыннасці. Напрыклад, сёння жыхары Лінова, дзе жыву і я, фінансава ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні мясцовых могілак.

Алена:
— Я працую ў галіне, дзе без дабрыні аніяк, — у медыцыне. Лічу, што асабліва патрэбны добрыя ўчынкі пажылым, адзінокім людзям. Дарэчы, сама ўдзельнічаю ў дабрачыннасці: калі бачу па тэлевізары, што збіраюцца грошы на лячэнне, пералічваю сродкі з тэлефона. У мяне трое дзетак, ад якіх застаецца шмат адзення, таму аддаю непатрэбнае знаёмым.
Ды і сама я не абдзеленая дабром. Мне, напрыклад, пашчасціла з суседзямі: яны і дапамогуць, і выручаць, калі трэба.

Антон:
— Напэўна, мне рабілі дабро, але я не запамінаў гэтыя ўчынкі. Я таксама здольны дапамагаць. Не памятаю, каб рабіў гэта спантанна, хутчэй, калі папросяць: напрыклад, неяк незнаёмай бабулі дапамог сумку паднесці.
Шчыра кажучы, лічу, што калі дабро і існуе, то яго сёння вельмі мала.

Аксана:
— Калі бачу па тэлевізары рэкламу з просьбай аб фінансавай дапамозе на лячэнне хворых дзетак, часта бяру тэлефон і набіраю неабходны нумар. Увогуле спантанныя праявы дабрыні заўважаю за сабой рэгулярна. Напэўна, добрыя ўчынкі вяртаюцца, таму што і мне не раз рабілі дабро. Праўда, людзі чамусьці хутчэй забываюць добрае, чым дрэннае. Мне пашчасціла, што я не магу ўспомніць усё добрае з-за таго, што яго вельмі шмат у маім жыцці.
Нядаўна, напрыклад, забыла ў магазіне кашалёк — наступная пакупніца паклікала мяне і аддала яго. Увогуле з-за спешкі і з-за таго, што маю ўвагу пастаянна адцягвае маленькае дзіця, апошнім часам часта стала забываць кашалёк, але заўсёды яго вярталі і з усімі грашыма.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *