Понедельник, 26 октября 2020

И в горе, и в радости. Иван и Анна Хильковичи отпраздновали бриллиантовую свадьбу

556

Пагадзіцеся, пра многае можа расказаць абутак, які стаіць каля парога. Мноства рознакаляровых туфлікаў-лодачак засведчыць, што ў гэтым царстве ўсё яшчэ чакаюць свайго прынца. Раскіданыя нерасшнураваныя кеды «падміргнуць», што вось тут квітнее гарэзлівае, непаседлівае дзяцінства. А адзінокія стаптаныя старыя тапачкі насупраць, сціпла «прызнаюцца», што ў гэтай хаце ўжо даўно не чуваць дзіцячага смеху…
Пераступіўшы парог кватэры Івана Іванавіча і Ганны Апанасаўны Хільковічаў, звярнула ўвагу на некалькі пар мілых дзіцячых чаравічкаў у вялікай шарэнзе мужчынскага і жаночага абутку і адразу зразумела, што ў гэтым «гняздзечку» жывуць шчасце і каханне. Дзеці, унукі, праўнукі, сябры — велізарная кампанія сабралася, каб адзначыць брыльянтавае вяселле дарагіх гаспадароў. І дзякуй ім усім, што тактоўна пакінуўшы журналіста сам-насам з «маладымі», дазволілі нам пагаварыць па душах.
Навука
Доўгае сямейнае жыццё Хільковічаў напоўнена разнастайнымі, прычым не толькі шчаслівымі, момантамі. Лёс не раз выпрабоўваў сям’ю на трываласць, і немалую ролю ў ім адыграла царыца матэматыка. Так-так. Калі б не яна, то, магчыма, і сустрэча «маладых» не адбылася б. Але пра ўсё па парадку. І пачнём з «брыльянтавай» нявесты.
Ганна Апанасаўна нарадзілася ў 1930 годзе ў в.Лінова ў сялянскай сям’і, дзе выхоўвалася пяцёра дзяцей. Тата быў інвалідам, таму дзяцінства Ганны прайшло ў вялікіх клопатах. Але, нягледзячы на гэта, дзяўчынка вельмі добра вучылася ў польскай школе і дэманстравала выдатныя матэматычныя здольнасці. Праўда, невырашальную задачу паставіла перад усімі вайна, і вучоба была адкладзена на працяглы перыяд…
Пасля вайны Ганна нарэшце скончыла Ліноўскую васьмігадовую школу і адразу пайшла працаваць у мясцовае спажывецкае таварыства касірам. Пазней адвучылася на бухгалтара і ў 1953 годзе была накіравана ў в. Парасляны ў спажывецкае таварыства бухгалтарам, дзе праз пару гадоў і сустрэлася з будучым мужам.
Іван Іванавіч Хільковіч нарадзіўся ў в.Смаляны ў 1932 годзе. Дзяцінства яго, як, зрэшты, ва ўсіх сялянскіх дзяцей, было вельмі цяжкім. Бацьку забралі на фронт, і ўсе клопаты леглі на плечы хлопчыка.
— Я ж тады толькі ў першы клас пайшоў, — успамінае мой суразмоўца. — А давялося і касіць, і малаціць… Каня свайго не было, прасіў у суседзяў, а потым яшчэ і адпрацоўваў ім… Вучыцца працягнуў толькі пасля вызвалення. Мяне ўзялі адразу ў 4 клас савецкай школы, а потым перавялі … у трэці: арыфметыка падводзіла. Сіл не было з ёй змагацца, хацеў прасіцца ўжо ў другі клас, але настаўнік настаяў — і з горам папалам я матэматыку асіліў. Потым яшчэ ёй «дзякуй» сказаў за лепшую ў сваім жыцці сустрэчу…
Але да той сустрэчы Іван паспеў скончыць яшчэ іншую «школу» — армію.
— Так, армія стала маім жыццёвым універсітэтам. Служыў у штабе брыгады чыгуначных войскаў, меў зносіны з адукаванымі людзьмі, якія навучылі мяне быць рашучым, мэтанакіраваным і, галоўнае, адказным за свае ўчынкі. Мяне хацелі нават накіраваць на афіцэрскія курсы, каб прысвоіць званне малодшага лейтэнанта. Месяц далі на роздум. Але я не мог застацца ў войску. Бацькі і дзве сястры, якія да таго часу ўжо пераехалі ў Белавусаўшчыну, жылі ў цяжкіх умовах. Уся надзея іх была на маю дапамогу. Развітаўшыся з афіцэрскай марай, я вярнуўся дадому і ўладкаваўся ў Параслянскае спажывецкае таварыства, дзе і адбылася лёсавызначальная сустрэча.

Настойлівасць
— Як цяпер памятаю, адкрывае ён дзверы ў кантору — і мяне ажно быццам токам прабіла! — распавядае Ганна Апанасаўна. — Іван быў тэмпераментны, энергічны, вясёлы. Падабаўся многім дзяўчатам, але я свае пачуцці старалася не паказваць, было сорамна: як-ніяк на два гады старэйшая за яго. Але «хімія пачуццяў» бязлітасна мяне выдавала. Я моцна чырванела пры сустрэчы з Іванам, вымушана была нават кідаць, нібы няўзнак, пад стол ручку, каб нахіліцца за ёй і тым самым схаваць сваю чырвань.
— Прызнацца, у той час, сапраўды, знаёмстваў у мяне было шмат, — кажа юбіляр. — Ліды, Люды, Тані, Ганны, але, як аказалася, не тыя… І разумныя, і прыгожыя, і багатыя, але душа да іх не ляжала. Я падумаў: навошта навязваюся? Тым больш, у мяне ні кватэры, ні адукацыі. Падумаеш, намеснік старшыні спажывецкае таварыства! Што з таго? З часам зразумеў, што толькі адна Ганна, сціплы наш бухгалтар, і здольная мяне зразумець. Яе ветлівае абыходжанне з людзьмі, добрасумленнасць, ахайнасць і прыстойнасць мяне пакарылі канчаткова. Добрая, пяшчотная, яна нікога не абгаварыла, не асудзіла. І я зразумеў, што яна і ёсць той чалавек, якога я хачу бачыць побач з сабой усё астатняе жыццё…
Зразумець то Іван зразумеў, але прасіць рукі ў каханай дзяўчыны яму давялося тройчы. Не, не падумайце, Ганна Апанасаўна не была ганарлівай прынцэсай, наадварот, занадта сціплай.
— Я сумнявалася ў шчырасці яго пачуццяў. І для сябе вырашыла, што калі ўжо трэці раз пакліча замуж, то пагаджуся, — прызнаецца мая суразмоўца.
Балазе, час і расстанне «падыгралі» закаханым. Іван Іванавіч працаваў практычна кругласутачна: камандзіроўкі, дамовы, пастаўкі прадукцыі. Як сам жартаваў, «раніцай сонца на плячах прывозіў у Парасляны». Потым яго забралі на ваенныя зборы ў Засімавічы. Пасля іх ён набраўся рашучасці і зноў прыйшоў да Ганны Апанасаўны. Больш не сыходзіў…

Каханне
8 лістапада 1958 года Іван і Ганна распісаліся ў сельсавеце, а 25 лістапада згулялі вяселле.
— Вянчання ў нас не было, — нібы прадчуваючы маё пытанне, кажа Ганна Апанасаўна. — Іван жа быў камуністам, а я камсамолкай. Але глыбока ў душы мы, вядома ж, верылі ў Бога, які нас злучыў. Таму і дзяцей сваіх — сына Івана і дачку Галіну — смела ахрысцілі. І, дзякуй Богу, дачакаліся пецярых унукаў і семярых праўнукаў, самаму маленькаму з якіх усяго годзік. Вось такое наша «хільковіцкае» шчасце!
Але доўга і ўпарта ішлі яны да гэтага шчасця.
— Толькі сілай кахання мы пераадолелі ўсе перашкоды, — працягвае распавядаць шчаслівы юбіляр. — Не паспелі ажаніцца, як нас ужо вырашылі разлучыць. Справа ў тым, што муж і жонка, будучы ў сваіх асобах кіраўніком і галоўным бухгалтарам адной установы, па законе не мелі права разам працаваць. І Ганна Апанасаўна вымушана была перавесціся ў Пружаны, дзе, дарэчы, прапрацавала, як у казцы, роўна 33 гады і 3 месяцы бухгалтарам. Праз некаторы час я пераехаў услед за ёй.
Іван Хільковіч быў прыняты на пасаду намесніка дырэктара пружанскага кансервавага завода. Сем гадоў адказваў за сыравіннае забеспячэнне, рэалізацыю прадукцыі і нават юрыдычнае справаводства завода. Пазней таваразнаўца з чырвоным дыпломам быў прызначаны дырэктарам завода, дзе прапрацаваў да 1978 года. Года, які «прапісаўся» ў іх жыцці занадта чорным чарнілам.

Выпрабаванні
— Муж усе сілы аддаваў вытворчасці. Годная зарплата работнікаў, высокая прадукцыйнасць і выкананне ўсіх планаў — гэта ўсё была яго заслуга. Да таго часу Іван Іванавіч быў узнагароджаны мноствам грамат, «пазбіраў» пераходныя ганаровыя сцягі не толькі Беларусі, але і СССР. Я радавалася за мужа і ганарылася ім. Я ніколі не забуду той дзень, калі Іван быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і калі адбылося непапраўнае: у выніку няшчаснага выпадку загінулі два чалавекі, а віну ўсклалі на мужа…
З-за той трагедыі, якая, да слова, адбылася не на вытворчасці, доўгі час муж і жонка вымушаны былі правесці ў расстанні, і гэтая акалічнасць толькі ўмацавала сям’ю.
— Прызнацца, гэта быў вельмі цяжкі перыяд, — з заўважнай дрыготкай у голасе ўспамінае Іван Іванавіч. — Але я з усіх сіл стараўся, каб дапамагчы сям’і. У калоніі частка заробку ішла на ўтрыманне, а астатнюю частку я перасылаў сям’і. Перавучыўся на муляра-мантажніка. Калі мяне назначылі брыгадзірам, я вывеў сваю працоўную каманду ў перадавыя, культура і якасць нашай працы былі высокія. Ніхто не тыкаў у нас пальцамі. Мяне называлі толькі па імені па бацьку. Бывала, адпускалі нават дадому на выхадныя. Жонка ўвесь час пісала лісты са словамі падтрымкі. Ганна кахала і чакала. І дачакалася. 1980 год я сустракаў дома…
Па вяртанні дадому Іван Хільковіч зноў быў прыняты на працу на кансервавы завод, у аддзел забеспячэння, дзе прапрацаваў да 69 гадоў.
Чаканне і трывога за мужа адбіліся на здароўі Ганны Апанасаўны. Інсульт, два інфаркты… Доўгія месяцы дзяжурстваў мужа каля ложка хворай жонкі…
— Неяк адзін мой калега даў мне параду: не пускаюць у дзверы — лезь у акно. Дык я ў акно да Бога і залез, каб выратаваць сваю каханую. Я кожны дзень дзякую Яму за тое, што гэтага чалавечка сустрэў, і за тое, што вельмі шчаслівы, — усміхаецца жонцы Іван Іванавіч.
— Так, гэта ён вярнуў мяне з таго свету. І я яму вельмі ўдзячная за ўсё. У нашай сям’і заўсёды панавалі і пануюць узаемнае каханне і павага, пяшчота і давер, цярпенне і ўменне дараваць. Я пражыла з мужам 60 гадоў як за каменнай сцяной. Ён мне ні разу дрэннага слова не сказаў. Дай Бог, каб так пражылі ўсе мае родныя, — чамусьці з некаторым сумам у голасе кажа мая суразмоўца.
Здавалася б, з-за чаго сумаваць? Сын ажыццявіў мару бацькавага юнацтва: жыццё прысвяціў арміі, стаўшы афіцэрам, і ўжо выйшаў на заслужаны адпачынак. У свой час сын удала ажаніўся (нявестка Тамара стала для Івана і Ганны Хільковічаў другой дачкой), а яго сям’я сёння жыве ў Брэсце і вельмі часта наведвае сваіх старых. А дачка Галіна, пайшоўшы па слядах маці, скончыла Гомельскі інстытут і сёння працуе ў Маскве эканамістам.
— Галя, пражыўшы ў шлюбе ўсяго пяць гадоў, у 26-гадовым узросце стала ўдавой, — адкрыта распавядае пра яшчэ адну сямейную бяду Ганна Апанасаўна. — Зяць служыў у крымінальным вышуку і загінуў, выконваючы службовы абавязак. Страшная бяда ўварвалася ў нашу сям’ю… Галя ўдалечыні ад дома сама гадавала дзвюх дачок, а мы ёй дапамагалі, чым маглі. Унучкі ўжо выраслі, і ў іх зараз саміх па двое дзяцей. А Галя прыехала сюды, каб дапамагчы аднавіцца мне пасля другога інфаркту. Бедная дзяўчынка. Яшчэ ў дзяцінстве, гледзячы на тое, як пяшчотна са мной муж абыходзіўся, дачка казала: «Мама, я хачу, каб мой муж быў такі ж, як тата». Такім ён і быў…
Але больш не будзем у гэты дзень пра сумнае! З Брэста і Масквы на наш юбілей прыехалі ўнукі з праўнукамі. Яны наша святло ў акенцы. Божа міласцівы, што дзеткі тут не вырабляюць!
— У нас усё ў цацках! — не стрымлівае ўсмешкі шчаслівы дзядуля. — Пайду зараз іх прынясу! Хіба мы можам з маёй Ганначкай на свой лёс скардзіцца? Рэдка каму такое шчасце выпадае — сустракаць брыльянтавы юбілей, ды ў такім кветніку. Чым не райскае гняздзечка?

Алена Зялевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *